90 исполнилось ветерану Великой отечественной войны А. К. Лосевой

Актуалии Людзі і лёсы

Памяць, якая з гадамі не меркне…

Анна Куприяновна Лосева

Гартаю  альбом, у якім сабраны матэрыялы пра медыкаў раёна, што прайшлі праз суровае гарніла вайны. Сярод імён адно з самых, бадай, пачэсных у гэтай кагорце – імя Ганны Купрыянаўны Лосевай. Пра яе ў свой час пісалі газеты “Красная звезда” і “СБ”, ёй адведзены асобны артыкул у гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Шумілінскі раён”, пра яе баявы і працоўны шлях былі публікацыі ў раённай газеце. Здавалася б, пра ветэрана, афіцэра-медыка  Г. К. Лосеву сказана калі не ўсё, то дастаткова, каб паказаць чалавека высокага абавязку, мужную жанчыну з гераічным ваенным мінулым…
Тым не менш не лішне нагадаць цікавае з яе франтавога жыцця, пра тое, як цэняць яе ў раёне. Пачнём з публікацыі ў армейскай “Красной звезде”, датаванай 8 сакавіка 1944 года. Журналіст П. Траяноўскі ў рэпартажы “Сібірачка Аня” расказвае не толькі пра яе, Аню Стойлік (пазней — Лосеву) — пра ўсіх, хто быў уганараваны за подзвігі ардэнамі і медалямі. Але санінструктару Ані адведзена ў друкоўцы самае шаноўнае месца. “…Праз нейкі час у клуб прыйшла Ганна Стойлік, малодшы лейтэнант, дзяўчына невысокага росту, у шынялі, туга перацягнутым рэменем, — піша карэспандэнт. — Вялікія цёмныя вочы, чорныя бровы, свежы, ясны, крыху сарамлівы твар…”. І тут высвятляецца, што гэтая дзяўчына з “крыху сарамлівым тварам” — гераіня. Камандуючы, сівы генерал, як піша журналіст, уручаючы ордэн Чырвонай Зоркі, моцна паціснуў яе маленькую дзявочую руку. “Дзякуй, дзяўчына, за службу, — сказаў генерал. — Дзякуй за ўсіх, каго вынеслі вы з поля бою…”.
Нездарма пачалі ўспаміны з гэтай даўняй публікацыі, прапахлай порахам, настоенай на грымотах цяжкіх баёў. А вынесла Аня Стойлік  не адзін дзесятак раненых байцоў. Колькі – яна ніколі не лічыла. Помніць — выратавала камроты Маісеенку, камбата Мацвеева, артылерыста Філіпава, байца Уцвенку, які падпаліў нямецкі танк і быў паранены…
Другая публікацыя, пра якую пойдзе гаворка, — у рэспубліканскай газеце “СБ”. Карэспандэнт С. Гарэлік сустрэўся з Г. К. Лосевай у санаторыі “Лётцы”, куды яна прыехала падлячыцца і адпачыць. Артыкул быў змешчаны ў нумары за 3 ліпеня 2009 года і меў назву “Боцікі для санінструктара”. Журналіст робіць акцэнт на адным, даволі цікавым эпізодзе з франтавога жыцця Ганны Купрыянаўны. Грымоты Курска-Арлоўскай аперацыі сціхлі, пасля вызвалення Арла полк, у якім ваявала Аня, быў выведзены ў рэзерв фронту. У штаб дывізіі былі выкліканы дзяўчаты-медыкі. Ім сказалі: знімаецца фільм пра Сталінградскую бітву, таму з імі хочуць сустрэцца артыстка В. Сярова і паэт К. Сіманаў. На той час на грудзях у Ані Стойлік ззялі ордэн Чырвонага Сцяга і медаль “За абарону Сталінграда”. Артыстка пачала цікавіцца ў дзяўчыны, колькі яна вынесла раненых байцоў, ці цяжкая служба, прасіла расказаць незвычайны або кур’ёзны выпадак. І тады Ані падказалі: “А ты раскажы, як ты ў рацэ Ака танула…”.
Было, чаго ўтойваць. І яна расказала, як падчас пераправы яна перавязвала раненага ў руку салдата. Не заўважыла, як адышла ад намечанага маршрута ўброд і трапіла ў глыбокі вір. Выратаваў яе той, каму яна рабіла перавязку.
В. Сярова, выслухаўшы расказ, абняла дзяўчыну і пацалавала. Затым  зняла і  паставіла перад Аняй новенькія салдацкія боцікі.
— Памерай вось!..
Абнова была Ані якраз да нагі.
— Вось і добра. Забірай, а я панашу твае, сапраўдныя, франтавыя…
Пазней, калі фільм выйшаў на экраны пад назваю “Дні і ночы”, Аня Стойлік пазнала на нагах галоўнай гераіні стужкі свае стаптаныя боцікі…
Аня Стойлік на фронт трапіла дабравольцам. Да гэтага ўжо на вайну пайшлі чацвёра яе братоў. Прымала ўдзел у Сталінградскай бітве,  камандзірам санітарнага ўзвода 336 гвардзейскага стралковага палка 120 стралковай дывізіі дайшла да Берліна. Будучага мужа, Мікалая Лосева, сустрэла напрыканцы вайны ў Польшчы. Вяселле было ў жніўні пераможнага 45-га.
Спачатку жылі ў Лёзне, пасля пераехалі ў Шуміліна, дзе Мікалай Фёдаравіч Лосеў працаваў у школе, яна — у бальніцы. Тут здабылі сабе пашану — працай руплівай, самаадданай, заваявалі неаспрэчны аўтарытэт. Выгадавалі двое дзяцей…
Кранае рэпартаж унучкі Лосевых – Анастасіі, вучаніцы 9 класа, змешчаны ў раённай газеце за 6 мая 2005 года. “У мяне на далоні ордэн Чырвонага Сцяга, — піша дзяўчынка, — першая баявая ўзнагарода маёй бабулі… Ордэн з выцертай эмаллю, часцінкі якой назаўсёды засталіся ўцёртымі ў зямлю, палітую крывёй савецкіх салдат…”.
Упэўнены, гэтыя словы для Ганны Купрыянаўны Лосевай — самыя дарагія, бо яны шчыра напісаны любімай унучкай, якая беражліва і з пашанай ставіцца да яе цяжкой ваеннай пары…
Альбом гартаў Мікалай МАРОЗ
Надрукавана ў №9 ад 4.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *