3 июля. Шумилино: праздничный репортаж

Актуалии Векапомнае

Вечна жывучая і несмяротная
Ты, беларуская наша Зямля!


3 ліпеня Шуміліншчына разам з усёй краінай гучна адзначыла Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Безліч самых разнастайных святочных і ўрачыстых мерапрыемстваў ладзілася ў гэты дзень у райцэнтры. Кожны меў магчымасць атрымаць сваю порцыю радасці і добрага настрою, стаўшы героем ці госцем таго ці іншага фрагмента рознакаляровага святочнага калейдаскопа.
Задзел мерапрыемствам быў дадзены на брацкіх могілках у Тропіне і Дворышчы ўшанаваннем памяці загінуўшых салдат, ускладаннем вянкоў і кветак. І далей святочны дзень аказаўся такім насычаным, нават гарачым (у прамым і пераносным сэнсе), што дождж увечары мы таксама ўспрынялі як падарунак ад прыроды да галоўнага дзяржаўнага свята.

Мітынг. “Светлае імя тваё, Беларусь”
Гэта так натуральна – перш чым поўнасцю аддацца радасным святочным перажыванням, схіліць галаву ў святой удзячнасці да тых, дзякуючы каму ў кожнага з нас ёсць сама магчымасць гэтай радасці. Нават не абавязак вядзе нас у гэты дзень на традыцыйны мітынг да брацкіх могілак, проста хочацца хаця б нейкі час пабыць побач з вызваліцелямі – думкамі, душой, сэрцам.

Гімн, хвіліна маўчання, кветкі да абеліска і вечны агонь – у гэты момант мы разам, і гэта адчуванне сапраўды нам патрэбна, гэта мацуе такія важныя для кожнага грамадзяніна сваёй краіны пачуцці, як патрыятызм, усведамленне гістарычнай сілы сваёй Айчыны, упэўненасць у заўтрашнім дні і жаданне рабіць усё, што можаш, у імя дабра.

“Незалежнасць Беларусі – гэта вынік гераічнай перамогі, напружанай працы, гэта святы летапіс ваеннай славы і працоўнага подзвігу нашага народа, – сказала, звяртаючыся да гараджан і гасцей Шуміліншчыны, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. – У цяперашні час кожны з нас у поўнай меры нясе адказнасць за сённяшні дзень і за будучае як раёна, так краіны ў цэлым”.
Важнасць клопату пра ветэранаў вайны, ушанавання памяці загінуўшых, патрыятычнага выхавання маладога пакалення сёння нельга пераацаніць. Цана міру настолькі высокая, настолькі непамерная, што многія дзесяцігоддзі ўжо мірнага жыцця не ў стане прыглушыць народны боль ад  тых страшных страт. “У зямлі нашага невялікага раёна знайшлі супакой 10411 абаронцаў Айчыны з розных куткоў былога СССР, з іх 13 Герояў Савецкага Саюза. Не вярнуліся пад родны дах 5069 сыноў і дачок нашага раёна. Знішчаны 133 вёскі – амаль 40% ад агульнай колькасці на пачатак вайны. Поўнасцю знішчана прамысловасць, ліквідавана ці вывезена ў Германію грамадская маёмасць і жывёла”, – агучыла жудасную статыстыку І. М. Новікава.
Вядома, што вайна падставіла падножку нашай краіне (тады – усяму Савецкаму Саюзу), спадзеючыся, што яна не здолее ўзняцца, не асмеліцца супрацьстаяць арміі, якая паставіла на калені многія моцныя краіны. Але нашы салдаты не проста перамаглі, яны раз і назаўжды далі зразумець свету, што за свабоду, за сваю зямлю ніхто ў гэтай краіне не пашкадуе жыцця. Такіх не заваюеш, з такімі мае сэнс толькі сябраваць.
Выступаючы ад імя абаронцаў Айчыны, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз ваенных маракоў” капітан II рангу Анатоль Бычкоў пажадаў усім радасці ад усведамлення таго, што Беларусь заняла годнае месца сярод дзяржаў свету, што, заўважыў, пацвярджаюць любыя рэйтынгі.
Адчуванні і ўспаміны дзяцей вайны перадала прысутным былы малалетні вязень фашызму Марыя Аляксееўна Кавалёва.

Святочнае шэсце. “О, Радзіма, табою напоўнена сэрца да краю!..”


Любоў да сваёй Радзімы, пяшчоту да роднай старонкі і людзей, што жывуць побач, радасць за дасягненні кожнага, якія, вялікія і маленькія, сотнямі сплятаючыся, мацуюць Беларусь, ярка трансліравала святочнае шэсце “О, Радзіма, табою напоўнена сэрца да краю!..” Як сцвярджэнне ўсепераможнасці дабра, як праяўленне і яркі прыклад свабоды духу і розуму, як пасыл у неба пра тое, што мы – сучаснікі – падораны нам мір “выкарыстоўваем” сумленна, рупліва і годна.
Усе 11 эпізодаў шэсця гледачы сустракалі радаснымі ўсмешкамі і апладысментамі. Ці то гэта людзі, якія руплівай працай праславілі наш раён; ці то дзеці, якія заявілі пра Шуміліншчыну ў рэспубліцы і за яе межамі сваімі спартыўнымі дасягненнямі, сваімі талентамі, вучобай, навуковай дзейнасцю; ці то гэта маладыя сем’і, што сумленна працуюць і гадуюць дзетак, – ва ўсім чыталася сцвярджэнне жыцця як самай галоўнай чалавечай каштоўнасці, радасць, і самае галоўнае – светлая надзея, нават упэўненасць, у стабільным “заўтра”.

Думаецца, арганізатары шэсця хацелі данесці да людзей менавіта гэтыя ідэі. Ім гэта ўдалося выдатна. Захацелася дзяліцца дабром і радасцю, зрабіць крыху больш, чым звычайна, для сваіх блізкіх, сяброў, калег, для сваёй Радзімы.

“Вялікая калекцыя ў Горадзе Майстроў”
“Горад Майстроў” штогод здзіўляе вясковымі талентамі, новымі падыходамі. Тэмай сёлетняй экспазіцыі сталі калекцыі – звычайныя і незвычайныя, простыя і дзівосныя. Мясцовыя артысты забаўлялі ўсіх жартоўнымі сцэнкамі і песнямі, танцамі і прыпеўкамі. А яшчэ – цудоўнымі народнымі прысмакамі.
Самадзейныя артысты з Мішневіцкага сельсавета раскрылі для ўдзельнікаў святочных мерапрыемстваў “Бабулін куфэрак”, поўны цудоўных рэчаў, зробленых рукамі вясковых майстрых – вышыванкі і ручнікі, дыванкі і сурвэткі. Можна было пабачыць куфэркі простыя і аформленыя з мастацкім густам каванымі накладкамі ці разьбой, вялікія, што замянялі ў сялянскіх хатах шафы, і маленькія скарбонкі для ўпрыгожванняў.
“Ручнік як лёс” – выстава Дабейскага сельсавета знаёміла гледачоў з беларускімі ручнікамі, якія праходзілі праз усё жыццё чалавека – ад нараджэння немаўляці да вяселля і апошняга шляху. І для кожнага ручніка свой узор, свае сімвалы, свая магія. Таксама цікава было даведацца пра гады ўзнікнення вёсак Дабейшчыны, многія з якіх маюць вельмі шаноўны ўзрост.
“Дзе гармонік – там дуда” сцвярджалі ў Лаўжанскім сельсавеце і запрашалі патанчыць разам з мясцовымі танцорамі, якія выводзілі фігуры старадаўняга вясковага танца “Дзядок”.
Уразіла калекцыя гадзіннікаў “Час даражэй за скарб” у Светласельскім сельсавеце. Старыя і не вельмі, насценныя, ручныя, будзільнікі – гадзіннікі, як гадзіннікі. Але ў кожнага свая гісторыя, свой лёс, у кожнага свая тайна.
Вялікай калекцыяй самавараў здзіўляла “Самаварнае чаяванне” Обальскага сельсавета. А яшчэ тут частавалі чаем ды не простым, а “капорскім” – з іван-чаю, які калісьці вывозілі ў Еўропу. Тут можна было паспрабаваць смачны безалкагольны глінтвейн і гарбату з беларускіх траў.
Сіроцінскі сельсавет здзіўляў “Матчынай хусткай”. Хустка. Гэты жаночы аксесуар ніколі не выходзіць з моды. А колькі пра яе складзена песень. Хусткі сучасныя і старадаўнія, фабрычныя і самаробныя можна было пабачыць на прадстаўленай выставе.
Вялікая экспазіцыя глінянага посуду дэманстравалася на пляцоўцы Каўлякоўскага сельсавета. У сялянскай хаце без яе нельга было абысціся. Ды і цяпер цяжка ўявіць жыццё без керамічных вырабаў. А вось драўляны ложак,  вытачаны на такарным станку, які на Каўлякоўшчыне знайшлі ў адной з закінутых хат, варты музейнай экспазіцыі.
“Поўны кошык” дароў прыроды прадставілі ў Мікалаеўскім сельсавеце. Ягады і травы, вырабы з лазы і дрэва – воз на кірмаш адправіўся паўнюткі.
Цікавыя выставы падрыхтавалі раённыя грамадскія арганізацыі. Жартоўнае прадстаўленне “Справа ў капелюшы” падрыхтавалі члены раённай арганізацыі таварыства інвалідаў. Шырокі спектр захапленняў сваіх членаў паказала раённая арганізацыі ветэранаў. Цікавай калекцыяў аўтографаў дзеячаў культуры здзівіла арганізацыя БРСМ.
А вось дзеці не адыходзілі ад пляцоўкі ГА “Белая Русь”. Кантактны міні-заапарк нібы магнітам цягнуў самых маленькіх: палашчыць коціка ці трусяня, пайграць з маленькімі карасікамі ці чарапашкамі, пакарміць папугая, пагладзіць шчаня – дзіцячыя вочы свяціліся такім шчасцем, такой радасцю.
Шыкоўныя “Кірмашовыя замалёўкі” паказваў Дом рамёстваў – ганчарства і шматковае шыццё, вышыўка і лазовыя вырабы… Для ягоных майстроў наперадзе самы адказны час – трэба годна прадставіць раён падчас “Славянскага базару ў Віцебску”.
Высокі ўзровень святочнай экспазіцыі адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, усе члены райвыканкама, якія праводзілі абход “Горада Майстроў”. Дарэчы, усе ўдзельнікі святочнай выставы атрымалі заслужаныя дыпломы.

“Міс Беларусачка-2016”
На школьным двары СШ № 1 работнікі Цэнтра дзяцей і моладзі правялі конкурс “Міс Беларусачка-2016”, у якім прымалі ўдзел дзяўчаткі з дашкольных устаноў райцэнтра. Анастасія Шаракова прадстаўляла дзіцячы сад № 3, Соф’я Цімашэнка – д/с № 2, Карына Калугіна абараняла гонар д/с № 4, Арына Масько –  д/с № 1, Анастасія Гур’ева – Светласельскага дзіцячага садка.
Падтрымаць канкурсантак прыйшлі іх родныя, сябры, выхавальнікі. У візітнай картцы дзяўчаты прадставілі сваю сям’ю, расказалі пра свае захапленні. Весела прайшоў творчы конкурс, падчас якога дзяўчаты пелі і танцавалі, а таксама конкурс “Славім Беларусь”.  Строгае журы ўлічвала арыгінальнасць нумароў, артыстычнасць удзельнікаў, майстэрства выканання.
Усе ўдзельнікі сталі пераможцамі конкурсу. У намінацыі ”Міс Усмешка” перамагла Соф’я Цімашэнка, “Міс Арыгінальнасць” – Карына Калугіна, “Міс Чароўнасць” – Анастасія Шаракова, “Міс Артыстычнасцю” – Арына Масько. “Міс Беларусачкай-2016” стала Анастасія Гур’ева. Усе ўдзельнікі атрымалі ў падарунак граматы, кветкі і мяккія цацкі.

“Таленты зямлі Шумілінскай”
Работнікі гісторыка-краязнаўчага музея прымеркавалі да свята выставачны праект “Таленты зямлі Шумілінскай”, дзе можна было пазнаёміцца з творчасцю нашых пісьменнікаў-землякоў: Алега Салтука, Віктар Улюценкі, Мікалая Мароза. Тут жа быў арганізаваны вершаваны марафон “Чытаем разам”: за выразнае чытанне вершаў Алега Салтука можна было атрымаць прыз.
Ля музея была арганізавана фотавыстава пад назвай “Шумілінскі край”, а таксама прадстаўлены індывідуальныя калекцыі некаторых нашых землякоў па вышыўцы, квілінгу, акварэльным роспісе. На другім паверсе музея гасцей свята чакала выстава прадметаў старажытнага быту “Наша спадчына: лаза да лазы, сцяжок да сцяжка”.
Работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі наладзілі выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Дзяцінства шчаслівага краіна”, выставу малюнкаў “Мой горад: знаёмы і незнаёмы”. Таксама праводзіўся конкурс малюнкаў на асфальце, флэш-акцыя “Усе кветкі ліпеня”, майстар-класы “Прыроднае багацце Беларусі” і “Віншуем землякоў са святам”.
Цікавую выставу сваіх работ прынеслі на свята члены раённай ветэранскай арганізацыі. А раённае таварыства інвалідаў арганізавала выставу “Уся справа ў капелюшы”, на якой можна было ўбачыць нават пірог у форме капелюша.

“Песняру веку прысвячаецца…”
Святочна і весела прайшоў вечарам у гарадскім парку канцэрт “Песняру веку прысвячаецца…”, які арганізавалі і правялі работнікі раённага цэнтра культуры, цэнтра дзяцей і моладзі, дзіцячай школы мастацтваў, Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і адпачынку.
Са сцэны гучалі песні, прысвечаныя Беларусі, дзяцінству, міру на зямлі. Адзін з блокаў канцэрта быў прысвечаны беларускаму песняру Уладзіміру Мулявіну, якому сёлета, у Год культуры, споўнілася 75. Шкада, што дождж “не дацярпеў” да заканчэння канцэртнай праграмы, лінуў з усяе моцы.

Спартыўныя забавы
На пляцоўцы каля сцэны жыхары Шуміліна дэманстравалі сваю сілу і моц, беручы ўдзел у перацягванні каната, гульні ў шашкі, стральбе з пнеўматычнай зброі, фігурным ваджэнні веласіпеда, узняцці гіры і армрэслінгу. Усе ўдзельнікі атрымалі велізарны зарад пазітыву і добрага настрою.
На стадыёне свае ўменні дэманстравалі футбалісты і валейбалісты.

Святочны рэпартаж падрыхтавалі Сяргей ЕРМАЛАЕЎ,
Наталля ЧАРНІЧЭНКА, Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2016 г.



1 комментарий по теме “3 июля. Шумилино: праздничный репортаж

  1. Конечно, все так как и написано. И коллекции, выставленные сельсоветами, было очень интересно посмотреть. Но о «Городе мастеров» и самих «мастерах», которые своими руками делают такие замечательные вещи (вышивка, плетение и другое), не сказано ни слова. Неужели никто не зацепил и не удивил своим творчеством? Ведь столько было достойных работ, а вы кроме самоваров, часов и сундуков ничего не увидели?. В который раз, читая статьи о праздниках, замечаю, что кроме музея и центра детей и молодежи никто не удостаивается внимания. Жаль. Общаясь с творческими людьми вижу, что обижаются — готовятся, стоят на такой жаре, а внимания ноль, могли бы хоть грамотами отметить. И в следующем году они если и пойдут, то не все и без удовольствия.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *