Внуки долго искали могилу дедушки, погибшего во время войны, и нашли её в Шумилинском районе.

Общество

“А сэрца супакоіцца не магло….”

Сям’я Бабікавых у гады Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Башкірыі. Менавіта адтуль на фронт пайшлі браты Максім і Уладзімір. Максім служыў у 195-м стралковым палку 360-й Невельскай дывізіі.  А ў 1944 годзе сям’я  атрымала горкі ліст: “радавы Максім Бабікаў прапаў без вестак”. Скончылася вайна, Уладзімір вярнуўся дадому. Ён часта расказваў родным пра свайго брата. Неўзабаве сям’я пераехала ў Казахстан, а затым – у Чэлябінскую вобласць, дзе жыве і зараз.
З пакалення ў пакаленне неслі Бабікавы сямейную памяць. Усе спробы знайсці нейкія звесткі пра Максіма былі безвыніковымі. Спачатку пошукамі займаўся сын Уладзіміра, а затым унук. У 2004 годзе, пасля чарговага запыту ў Сцерлітамакскі ваенкамат, атрымалі адказ, што Максім Бабікаў загінуў у 920 метрах на захад ад вёскі Ціханава Полацкага раёна. З Полацкага райвыканкама атрымалі адказ, што радавы Максім Бабікаў пахаваны на вайсковых могілках у Гаранах.
“У 2008 годзе мы прыехалі ў Полацк, – расказвае Яўген Бабікаў, стрыечны  ўнук Максіма Бабікава. – Наведалі могілкі, дзе знайшоў апошні прытулак мой дзед. Але ж сэрца не супакоілася”. Паставіць кропку ў шматгадовым пошуку апошняга месца супакаення стала для Яўгена Бабікава справай прынцыпу: “Не сыходзілася нешта ў Полацкім раёне. Хацелася знайсці сапраўднае месца, дзе пахаваны мой дзед”.
У мінулым годзе Яўген знайшоў сайт “Памяць народа”, на якім размешчаны дакументы, карты часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яўген Бабікаў па картах падрабязна пачаў вывучаць ваенны шлях 360-й Невельскай дывізіі. Больш дасканала  праглядзеў дакументы лета 1944 года. “Пры вывучэнні дакументаў і карт прыйшоў да высновы, што месца смерці дзеда ля вёскі Ціханава вызначана правільна. Толькі вось не ў Полацкім, а ў Сіроцінскім раёне”. Так знайшоў, што дзед пахаваны ў вёсцы Роўнае Шумілінскага раёна.
У маі 2016 года Яўген Бабікаў першы раз прыехаў у Роўнае Мішневіцкага сельсавета. “Вось тая вышыня, за якую ішлі жорсткія баі. Якраз 920 метраў на захад ад вёскі Ціханава. Мой дзед разам з  шасцю салдатамі быў пахаваны на грама-дзянскіх могілках у вёсцы Роўнае. Пра гэта і дакументальнае пацверджэнне знайшоў, – успамінае Яўген свае першыя ўражанні. – Адчуў, што менавіта тут знайшоў апошні прытулак мой дзед. Тое пачуццё не магу апісаць – хваляванне, узрушанасць і заспакаенне”. Тады Яўген паабяцаў, што наступны раз прыедзе ў Роўнае з мемарыяльнай плітой, дзе будуць імёны семярых загінуўшых салдат.
Нядаўна Яўген Бабікаў з жонкай Наталляй прыехалі ў Роўнае. Яны прывезлі і перадалі ў Мішневіцкі сельвыканкам мемарыяльную пліту, якая будзе ўсталявана на брацкіх могілках у Роўным напярэдадні  Дня Перамогі.
“Дзякуй за памяць, за клопат пра вайсковыя пахаванні, – адзначыў Яўген Бабікаў. – Вельмі радуе, што беларусы шануюць нашу агульную гісторыю”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №11 ад 07.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *