Пра што трэба памятаць, адпраўляючысяна «ціхае паляванне» ці за ягадамі

Безопасность Общество

Як не заблудзіцца ў лесе?

Пра што трэба памятаць, адпраўляючысяна «ціхае паляванне» ці за ягадамі

Апошнім часам пачасціліся выпадкі, калі ратавальнікі выязджаюць у лясныя масівы на пошукі людзей. Так, у панядзелак у Гарадоцкім раёне ратавальнікі адшукалі ў лесе 38-гадовую жанчыну, на мінулым тыдні прыйшлі на дапамогу жанчынам у Верхнядзвінскім і Ушацкім раёнах. Зараз, калі пачаўся сезон збору грыбоў, а наперадзе чакае і сезон збору брусніц і журавін, ратавальнікі папярэджваюць аматараў лясных прагулак: лес поўны нечаканасцей і тут трэба быць асабліва ўважлівымі і асцярожнымі.


Важнай умовай бяспекі з’яўляецца ўменне чалавека арыентавацца на мясцовасці. Уявіце, што вы пайшлі ў лес і заблудзіліся. Неабходна рашыць наступныя задачы: зарыентавацца, здабыць ваду і агонь, абараніцца ад холаду ці дажджу, арганізаваць начлег.
Калі ў вас ёсць з сабой мабільны тэлефон, набярыце службу ратавання 101 ці 112 і паведаміце, з якога населенага пункта ўвайшлі ў лес, апішыце што бачыце вакол. Галоўнае – выйсці да людзей, таму важнымі арыенцірамі будуць лініі электраперадач, сцежкі і прасекі. Знайшоўшы любы з гэтых аб’ектаў, ідзіце ўздоўж – і вы абавязкова знойдзеце людзей.
Калі на шляху сустрэўся ручай ці рэчка, крочце ўніз па цячэнні – яно заўсёды прывядзе да людзей. Самае галоўнае – ісці на гук. Прыслухайцеся: гул трактара чутны за 3-4 км, брэх сабакі – за 2-3 км, цягнік – за 10 км.
Не варта выбірацца з лесу ноччу: пачынае цямнець – лепш займіцеся ўладкаваннем месца для начоўкі. Падыдзе яміна ад вывернутага з коранем дрэва. З галін зрабіце сховішча накшталт шалашу і падсцілку са спадручных матэрыялаў. Дарэчы, пра барацьбу з холадам: ліст газеты, засунуты пад адзенне, зменшыць цеплааддачу ўдвая. Такі ж эфект дае і лісце, набітае пад адзенне. Для таго, каб вас хутчэй убачылі, павесьце на кусты насоўку, хустку, ліст паперы, абламіце галінкі, патрыце травой ствалы дрэў.
Пра ежу. Звычайна чалавек можа абыходзіцца без ежы два тыдні. Па магчымасці піце ваду і рухайцеся да мэты.
Хочацца ўзгадаць яшчэ пра адну вельмі непрыемную нечаканасць, якая можа падсцерагаць у лесе летам, – лясны пажар. Трэба быць гатовым і да такой экстрэмальнай сітуацыі. Стаўшы сведкам здарэння, перш-наперш дакладна ацаніце сітуацыю. Не губляйце дарэмна час, убачыўшы даволі вялікі агонь – пакідайце месца пажару, ідзіце насустрач ветру, перпендыкулярна акрайку пажару, па прасеках, сцежках, палянах, берагах ручаёў і рэчак. Пры моцным задымленні, калі ў вас ёсць такая магчымасць, прыкрыйце рот і нос мокрай анучай. Адразу паведаміце пра здарэнне ў службу ратавання 101 ці 112.
Калі ж ўзгаранне невялікае і вы ўпэўнены ў сваіх сілах, пастарайцеся патушыць яго самі. Бывае дастатковым проста затаптаць полымя. Калі ж выніку няма, паспрабуйце заліць агонь вадой з бліжэйшага вадаёма ці засыпаць зямлёй. Выкарыстоўвайце пучкі галін ад дрэў ліставых парод, шчыльную тканіну ці мокрае адзенне. Патушыўшы, не ідзіце да таго часу, пакуль не пераканаецеся, што агонь не разгарыцца зноў. Паведаміце ў лясніцтва ці лясгас пра месца і час пажару, а таксама пра магчымыя яго прычыны.
Вадзім ПІВАВАРАЎ, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *