Не кабельнае, а лічбавае
У рэдакцыю звярнуўся жыхар аграгарадка Слабада Уладзімір Іванавіч Зуеў: “Збіраўся купіць спадарожнікавую антэну, а тут суседзі гавораць, што ў вёсцы будзе праведзена кабельнае тэлебачанне. Калі яго чакаць?”
Па гэтаму пытанню мы звярнуліся ў Віцебскі абласны тэхнацэнтр “Гарант”, дзе нам патлумачылі, што кабельнае тэлебачанне ў сельскіх населеных пунктах увогуле не плануецца. Летам будуць весціся работы толькі ў Обалі і ў райцэнтры (мікрараён СШ №2).
Але і жыхары Слабады не будуць пакрыўджаны: на днях тут пачнуцца работы па пракладцы кабелю для прадастаўлення вяскоўцам новай паслугі – лічбавага інтэрактыўнага тэлебачання (больш за 40 каналаў рознай тэматыкі). Аб гэтым нам расказаў начальнік раённага вузла электрасувязі Ю. Р. Маскалькоў. “На манціраванне вузла спатрэбіцца больш за два месяцы, да канца жніўня лічбавае тэлебачанне плануем падключыць усім жадаючым. Так што вяскоўцам хвалявацца не варта, – запэўніў Юрый Рыгоравіч. – Праўда, паслуга будзе каштаваць прыкладна 25 тысяч рублёў за месяц”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №40 ад 31.05.2011 г.