Шумілінскай арганізацыі “БелТІ” паставілі выдатную адзнаку

Актуалии Общество

Шумілінскай арганізацыі паставілі выдатную адзнаку

Сваю згуртаванасць і творчы патэнцыял прадэманстравалі члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” падчас правядзення на мінулым тыдні справаздачна-выбарнай канферэнцыі.

У фае раённага Цэнтра культуры, дзе праходзіла канферэнцыя, была прадстаўлена багатая выстава вырабаў, змайстраваных членамі таварыства, а пасля канферэнцыі, у якой яны прынялі самы актыўны ўдзел, далі канцэрт. Адным словам, іх імпэту і актыўнасці можна павучыцца.
Сёння раённая суполка ГА “БелТІ” налічвае 320 чалавек, створаны і актыўна працуюць 9 пярвічных арганізацый. Спектр дзейнасці вельмі шырокі. Тут найперш дбаюць пра тое, каб удзяліць увагу кожнаму, хто сутыкнуўся з абмежаванасцю ўласных магчымасцей: наведваюць на даму, запрашаюць на розныя мерапрыемствы, падтрымліваюць добрым словам і добрай справай.
Няпростая справа – згуртаваць і пасябраваць здаровых людзей. А людзей з абмежаванымі магчымасцямі? Прасцей, сцвярджаюць члены раённай арганізацыі, бо яны на ўласным вопыце ведаюць, што ніхто не застрахаваны ад хваробы, ад інваліднасці, ад адзіноты, і таму так цэняць падтрымку адзін аднаго, так даражаць сяброўствам і не шкадуюць сваіх сіл і часу на агульную справу.
Толькі за 2016 год, як паведаміла ў справаздачы намеснік старшыні праўлення раённай арганізацыі ГА “БелТІ” Любоў Улюценка, праведзена 50 мерапрыемстваў – больш за два на месяц. Таму яны пастаянна збіраюцца: пішуць сцэнарыі, рэпеціруюць, рашаюць шматлікія арганізацыйныя пытанні. Дабрачынныя акцыі, экскурсіі, тэматычныя сустрэчы для юбіляраў, выязныя мерапрыемствы па сельсаветах, актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах, у фестывалі інвалідаў, які ладзіцца ў рамках “Славянскага базару”, і многае-многае іншае. Усё гэта іх агульныя справы, добра вядомыя ў раёне і не толькі.
Як зазначыў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Міхаіл Каралюн, уся работа шумілінцаў навідавоку – работа вялікая і шматгранная. Ён назваў Шумілінскую раённую арганізацыю ГА “БелТІ” вядучай не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў Беларусі. Міхаіл Ягоравіч адзначыў неаспрэчную заслугу ў гэтым кіраўніка раённай арганізацыі Любові Нагібавай.
Высокую адзнаку рабоце раённай суполкі Беларускага таварыства інвалідаў дала і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, яна адзначыла, што тое цяпло ад сэрца да сэрца, якое нясуць члены арганізацыі, адчуваецца ўсім, і гэта вялікая каштоўнасць.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая падзякавала членам раённай арганізацыі ГА “БелТІ” за  ініцыятыўнасць у рабоце.
З падзякай і гатоўнасцю супрацоўнічаць выступілі свяшчэннікі айцец Фёдар і айцец Шыман, нямала добрых слоў сказалі іншыя выступаючыя.
На канферэнцыі было абрана новае праўленне раённай арганізацыі ГА “БелТІ”, дэлегаты на абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю і шосты з’езд ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”.
Пасля завяршэння работы канферэнцыі адбыўся першы пленум новага праўлення, на якім старшынёй раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” абрана Любоў Мікалаеўна Нагібава.
Надрукавана ў №13 ад 14.02.2017 г.
Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *