На «прямой линии» — руководитель района

Актуалии Президент

Пытанні. Праблемы. Рашэнні
У мінулую сераду старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук правёў “прамую лінію” і прыём грамадзян па асабістых пытаннях. За тры гадзіны аб сваіх (і не толькі) праблемах кіраўніку раёна паведалі каля дваццаці чалавек.
З тых, хто прыйшоў на прыём да старшыні, асабліва запомнілася сацыяльны педагог Віцебскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага каледжа М. І. Сідаровіч. Марыя Іванаўна прыйшла прасіць за сваіх падапечных — навучэнак каледжа, якія сёлета заканчваюць вучобу. Дзяўчынкі з Шуміліншчыны, таму і прыехала сюды. У адной з іх ёсць сацыяльнае жыллё ў Грудзінаве, у другой зусім няма. Дзе ім жыць, дзе працаваць? Сацыяльны педагог хваліла дзяўчынак, не хавала, што абедзве збіраюцца вучыцца далей, і ў іх ёсць усе шансы (уключаючы і льготы) паступіць. Таму работа і жыллё патрэбны часовыя.
Старшыня райвыканкама не мог не ацаніць такі клопат пра лёс навучэнцаў, ён вырашыў пытанне неадкладна, паабяцаў, што будучыя кветкаводы абавязкова атрымаюць работу і інтэрнат.
Тым часам на “прамую лінію” пазваніла А. В. Озерава з вуліцы Юбілейнай райцэнтра, паведаміла, што насупраць яе дома абрынуўся вугал былой пральні. “Вельмі небяспечна, — непакоілася жанчына, — побач жа дзіцячы садок.”
Па распараджэнні старшыні райвыканкама тэрмінова была створана рабочая група ў складзе прадстаўнікоў райвыканкама, раённага аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, УП ЖКГ. Будынак зараз належыць прыватнікам, якіх, дарэчы, знайсці не ўдалося. Тым не менш, былі прыняты тэрміновыя меры па абмежаванні доступу да небяспечнага аб’екта.
Гэтак жа аператыўна вырашаў кіраўнік раёна пытанне, якое адрасаваў на “прамую лінію” старэйшына вёскі Шашы І. А. Зянькоў: “Абяцалі нам пабудаваць прыпынак, а цяпер кажуць, што будзе толькі лавачка”.
В. А. Падляшчук па пытанні старэйшыны вёскі звярнуўся да начальніка дарожнай службы раёна Р. М. Насцюшкіна. Ён не загадваў рабіць капітальнае дарагое збудаванне, разумеючы няпростае фінансавае становішча і дарожнікаў, але папрасіў, каб над той жа лавачкай быў зроблены дах.
Забягаючы наперад, скажам, што ў той жа дзень прыпыначны пункт з дахам над галавой у Шашах быў абсталяваны.
Тым не менш, не ўсе пытанні можна вырашыць так хутка. Вось і на пытанне І. П. Лапавухава з райцэнтра, як падключыцца да новага водаправода, адназначна адказаць не ўдалося. На гэты конт Вальдэмар Антонавіч падчас “прамой лініі” правёў нараду з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. С. Селязнёвым і начальнікам УП ЖКГ В. А. Коўзанам. Галоўнае патрабаванне кіраўніка раёна — пры будаўніцтве новых водаправодных ліній УП ЖКГ павінна ўключаць у праект і прымыкаючыя вуліцы, каб даць людзям магчымасць падключыцца да новага водаправода. Але камунальнікі пакуль што ўсімі сіламі адбіваюцца, спасылаючыся на фінансавы голад.
Камунальнікам, сапраўды, і ў гэты раз падкінулі пытанняў, а дакладней, указалі на праблемы, якія яны і самі павінны ведаць: не прайсці-не праехаць па дваровай тэрыторыі — трэба рамонт; прарвала калонку, вада залівае агарод; вуліца Энгельса стала вясной і восенню непраходнай, трэба нешта рабіць; і зноў патрэбны рамонт водаправода…
У І. Л. Герко з Обалі іншыя праблемы: камбікорм не купіць (“які ж гэта клопат пра асабістую падсобную гаспадарку!”) ды і крэдыты не даюць на прамысловыя тавары.
“Наконт камбікорму паправім, — паабяцаў В. А. Падляшчук, — і крэдыты ніхто не адмяняў, а калі райспажыўтаварыства не ўмее вам патлумачыць, мы іх навучым”.
А жыхарку Слабады М. А. Зайцаву непакоіць лёс помніка ў цэнтры аграгарадка: скульптура развальваецца, трэба ці рамантаваць, ці дэманціраваць.
Пазіцыя старшыні райвыканкама тут адназначная: рамантаваць. І ў Слабадзе, і ва ўсіх (у тым ліку і былых) цэнтрах гаспадарак.
У другім аграгарадку — Светласельскім – свае праблемы: яго жыхарка Л. А. Шытава расказала, што яе сям’я хоча выкупіць дом, у якім жыве, але гаспадарка — райаграсэрвіс — супраць.
Старшыня райвыканкама скрупулёзна высвятляе ўсе нюансы, папярэджвае, што прыйдзецца ўзяць на сябе банкаўскія крэдыты, якія гаспадарка брала на будаўніцтва дома. Даведаўшыся, што сям’я нічога не мае супраць такіх умоў, ён аддае распараджэнне аддзелу эканомікі, упраўленню сельскай гаспадаркі і райаграсэрвісу вырашыць пытанне станоўча і ў падобных выпадках не чыніць ніякіх перашкод. Ён перакананы, што трэба заўсёды ставіць сябе на месца таго чалавека, які звяртаецца, тады хутчэй знаходзіцца рашэнне пытання.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №40 ад 31.05.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *