Михаил Кулешов из Шумилино знает об электросвязи всё

Актуалии Экономика

Піша працоўную біяграфію ўжо больш за 40 год

Чалавек адказны і працалюбівы, які не кідаецца словамі і ведае сабе цану, заўжды будзе запатрабаваны жыццём. Чым бы ні займаўся, ён даб’ецца поспеху ў справе, заслужыць аўтарытэт сярод калег і сяброў. Усе гэтыя словы можна смела сказаць у адрас Міхаіла Карпавіча Куляшова, электрамеханіка лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад лінейна-тэхнічнага ўчастка раённага вузла электрычнай сувязі.
Міхаіл Карпавіч аддаў рабоце ў арганізацыі ўжо больш за 40 год жыцця і ўпэўнены, што гэта была і ёсць менавіта яго дарога. Ён перажыў разам з прадпрыемствам розныя часіны, у тым ліку і не самыя лёгкія. Сёння РВЭС працуе стабільна, паспяхова, і свой уклад у яго працвітанне ўнёс і Міхаіл Карпавіч. Адказнае стаўленне да любога даручэння, высокі ўзровень кваліфікацыі, пастаяннае павышэнне майстэрства, творчы падыход да працы заўжды дазваляюць работніку выконваць свае працоўныя абавязкі на вышыні.
Калі канкрэтна, то М. К. Куляшоў забяспечвае тэхнічную эксплуатацыю, абслугоўванне і рамонт лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад. Ён выяўляе няспраўнасці, праводзіць тэхнічныя агляды, электрычныя вымярэнні, даводзіць усе параметры да нормы. Электрычная сувязь вельмі чула адгукаецца на ўсе знаходкі тэхнічнага прагрэсу, а таму, працуючы ў гэтай сферы, нельга навучыцца раз і назаўсёды – прыйдзецца пастаянна спасцігаць нешта новае. І гэтаму чалавеку ўсё цікава. І ў працы, і, дарэчы, у жыцці.
Міхаіл адбыўся як сем’янін: ён добры муж, адказны бацька для дваіх ужо дарослых дзяцей, клапатлівы дзядуля для трох унукаў. Любіць рыбалку, разам з жонкай эксперыментуе з прысядзібнай гаспадаркай, прызнаецца, што ў любы дзень устае ў 6 гадзін раніцы. Любоў да спорту  і актыўнага адпачынку дадае завяршальныя мазкі ў станоўчы партрэт нашага героя. Ён абараняе гонар прадпрыемства на разнастайных спартыўных мерапрыемствах, перавагу аддае тэнісу. Мужчына з энтузіязмам сустрэў навіну пра доўгачаканае адкрыццё фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ў Шуміліне, збіраецца стаць яго заўсёднікам, асабліва, калі выйдзе на заслужаны адпачынак. Аднак пакуль прадпрыемства не гатова развітацца з такім каштоўным работнікам, і Міхаіл Карпавіч працягвае пісаць сваю працоўную біяграфію.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №16 ад 24.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *