Хозяйства Шумилинского района начали заготовку кормов

Актуалии Сельское хозяйство

Чэрвень пахне касавіцай
У ААТ “АграБаравінка” адбыўся семінар-нарада па нарыхтоўцы кармоў, у якім прыняў удзел старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук.
На семінары прысутнічалі кіраўнікі гаспадарак, а таксама аграномы, заатэхнікі, інжынеры, эканамісты, бухгалтары. На полі, якое знаходзіцца за Мазекамі, правялі практычную частку. Прычым, прысутныя на свае вочы ўбачылі агрэхі мінулага года, калі не была падкошана паша, і цяпер тут зялёная трава ўперамешку з сухой. А з такой масы не атрымаеш якаснага сенажу, а значыць, і добрых надояў.
Начальнік райсельгасхарчу В. В. Родзіч завастрыў увагу спецыялістаў на тым, што варта дакладна падлічыць, колькі корму патрэбна дойнаму статку, пакінуць патрэбныя плошчы на некалькі дзён, а астатняе скасіць, не дапусціць перарастання травы.
Начальнік аддзела райсельгасхарчу па раслінаводству В. У. Коваль спыніўся на некаторых аспектах тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў. “Злакавыя травы трэба касіць у фазе трубкавання, бабовыя – у пачатку бутанізацыі, – даводзіў Віталь Уладзіміравіч. – На гэтым полі трава ўжо пачынае каласіцца, значыць, касіць трэба было раней…”
А як правільна закладваць сянажную траншэю, паказвалі ля жывёлагадоўчага комплексу. Спецыялісты райветстанцыі правяралі вільготнасць корму, яго якасць. Калі вялікая траншэя (тут яна можа змясціць да пяці тысяч тон сенажу), то буртаваць рэкамендуюць часткова, закрываючы герметычна плёнкай кожны асобны ўчастак. Прычым, абавязкова трэба выкарыстоўваць соль і кансерванты, якія закуплены ў раёне ў дастатковай колькасці.
І яшчэ адзін аспект, на які быў зроблены акцэнт на нарадзе – дысцыпліна, гаспадарлівыя адносіны да дзяржаўнай маёмасці, эканомія гаруча-змазачных матэрыялаў, бяспека на рабочых месцах. У тым ліку і супрацьпажарная, уда-кладніў намеснік начальніка па надзвычайных сітуацыях В. Б. Чайкін. Ён звярнуў увагу на тое, што ў раёне кожны год гарыць тэхніка, што часам пад рукамі няма вогнетушыцеля, рыдлёўкі ці вядра.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №41 ад 3.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *