Почти 4700 семей в Шумилинском районе держат подсобное хозяйство

Актуалии Президент Экономика

Падворак прыватны – клопат дзяржаўны

У панядзелак прайшло пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, на якім было разгледжана пытанне “Аб ходзе выканання Мерапрыемстваў па развіцці і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на тэрыторыі Шумілінскага раёна ў 2016 годзе і задачах на 2017 год”.
Сваё ўступнае слова старшыня райсавета Ірына Мікалаеўна Новікава, якая вяла пасяджэнне, пачала з лічбаў. Вось ужо некалькі год запар у раёне удаецца ўтрымліваць на ўзроўні колькасць сямей, якія трымаюць падсобную гаспадарку – іх амаль 4700, і гэтыя сем’і не збаўляюць, як кажуць, свае апетыты, трымаючы ў агульнай колькасці амаль 620 галоў буйной рагатай жывёлы. Нягледзячы на тое, што назіраецца тэндэнцыя змяншэння колькасці вясковага насельніцтва, павялічылася пагалоўе жывёлы ў трох сельсаветах: Лаўжанскім, Мішневіцкім і Обальскім. Вяскоўцы, разумеючы ўсю складанасць сітуацыі ў краіне як на фінансавым, так і працоўным рынках, не адмаўляюцца ад агародніцтва, птушка- і жывёлагадоўлі, сталі больш трымаць свіней (+232 галавы), коз, пчол, хаця ўсё часцей адыходзяць ад гадоўлі кароў (у студзені 2016 года на прыватных падворках налічваліся 492 каровы, у студзені 2017 – 480), коней (134 і 108 галоў адпаведна), вырошчвання птушкі. Зразумела ўсім, што селянін больш ахвотна возьмецца за вядзенне падсобнай гаспадаркі, калі будзе адчуваць падтрымку дзяржавы і матэрыяльныя выгоды. І тут асноўная задача мясцовых улад – распрацаваць дэталёвы план мерапрыемстваў, канкрэтныя схемы і прынцыпы работы зацікаўленых структур па развіцці і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, прыняць дзейсныя меры па вырашэнні існуючых праблем.
З асноўным дакладам выступіў выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. А. Кузняцоў. Па словах Андрэя Аляксандравіча, дзякуючы сумеснай рабоце ўсіх зацікаўленых структур, па выніках работы за 2016 год забяспечаны закуп малака ў насельніцтва ў колькасці 1539,9 тоны (103% да вызначанага плана). Закуплена на адну карову 3129,9 кг малака, што больш узроўню 2015 года на 67,8 кг. Сярод сельсаветаў самы высокі закуп малака ў насельніцтва з разліку на адну карову ў Дабейскім сельсавеце (закуплена 4726 кг малака).
У той жа час не выканана заданне па закупу цялят у насельніцтва (закуплена 170 галоў цяляці, што склала 70% ад задання), мела месца вялікая колькасць скаргаў ад насельніцтва за нявыплату надбавак за здадзенае цяля.
Удзельнікі пасяджэння падрабязна разабралі схемы закупу ў 2017 годзе малака і цялят у насельніцтва, абмеркавалі, як будуць аказвацца ветэрынарная дапамога жывёле і паслугі па асемяненні. У прыватнасці, пасля рэарганізацыі райплемстанцыі ў кожнай сельгасарганізацыі ўведзены штатныя адзінкі асемянатара, якія і будуць займацца асемяненнем жывёлы на месцах. Вяскоўцу дастаткова будзе звярнуцца да кіраўніцтва гаспадаркі ці выйсці з заяўкай на дыспетчарскую. Кошт асемянення зараз распрацоўваецца кожнай гаспадаркай.
Што тычыцца закупу малака ў насельніцтва, дык сёлета прапаноўваецца наступная схема: збіраць малако будуць два прадпрымальнікі і малакавозы вытворчага цэха ААТ “Малако” згодна з замацаванымі ўчасткамі. У бліжэйшы час павінны быць вырашаны пытанні па набыцці сельгаспрадпрыемствамі, на тэрыторыі якіх малако будзе збірацца цэнтралізавана, прыбораў па вызначэнні тлустасці. У прад-прымальнікаў усе неабходныя прыборы, у тым ліку і спецыяльныя вагі, ёсць.
Прынцып разлікаў за здадзенае насельніцтвам малако застаецца ранейшым, бо па ім пытанняў практычна не ўзнікала.
Па закупе цялят. Агучана жорсткае патрабаванне губернатара вобласці – зрабіць усё магчымае, каб закупіць па максімуму маладняк у насельніцтва. Закупам цялят пераканаўча абяцае займацца ААТ “Лаўжанскае”. Па жаданні прадаўца можна будзе рабіць гэта праз райспажыўтаварыства, праўда, тут вясковец павінен ведаць, што ён у такім разе пазбавіцца права на надбаўку. Між іншым, і самі гаспадаркі павінны быць зацікаўленымі ў набыцці цялят. Сёлета пастаўлена задача закупіць у насельніцтва не менш за 242 галавы маладняку буйной рагатай жывёлы.
На пасяджэнні былі таксама абмеркаваны пытанні аказання дапамогі ў апрацоўцы зямельных участкаў, нарыхтоўцы кармоў, выдзяленні зямельных участкаў для сенакашэння, рэалізацыі сельгаспрадукцыі і многае іншае.
Былі зацверджаны “Мерапрыемствы па развіцці і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак грамадзян Шумілінскага раёна на 2017 год”, прынята адпаведная пастанова.
Па другім пытанні “Аб выніках выканання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні за 2016 год і задачах на 2017 год” з дакладам высту-піла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама З. А. Мясаедава. Па абмеркаваным пытанні прынята адпаведная пастанова.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №18 ад 03.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *