Волебольные соревнования в Шумилино посвятили 8 марта

Новости Спорт, туризм

У гонар жаночага свята

У суботу ў ДзЮСШ прайшлі спаборніцтвы па валейболе сярод жаночых каманд, прысвечаныя 8 Сакавіка. За перамогу змагаліся дзве шумілінскія каманды, валейбалісткі з Лепеля, Паставаў, Пскова, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта.


На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава павіншавала валейбалістак з надыходзячым Днём жанчын і пажадала прыгожай барацьбы і спартыўных перамог.
Не пашкадавалі тыя, хто прыйшоў у спартыўную залу паназіраць за валейбольнымі баталіямі. Жаночы валейбол – гэта мноства эмоцый і перажыванняў. Да таго ж у кожнай з сямі каманд быў свой гульнявы почырк, валейбалісткі дэманстравалі цікавую гульню, таму і кожная сустрэча прайшла на адным дыханні.
Пасля першай  гульні “Шуміліна-1” стала зразумела, што нашы валейбалісткі будуць у ліку прэтэндэнтаў на высокія месцы. Рыта Бяззубенка, Людміла Харкавец, Сафія Сямёнава і Наталля Лапіч у матчы супраць лепельскай каманды паказалі ўпэўненую гульню, яны гулялі самі і давалі гуляць саперніку. Прыгожа правяла “Шуміліна-1” матч за трэцяе месца супраць пастаўскай каманды. Шумілінскія валейбалісткі радавалі феерычнымі камбінацыямі, з якімі не маглі справіцца сапернікі. У выніку – трэцяе месца ў “Шуміліна-1”.
А вось “Шуміліна-2”, за якую выступалі маладыя валейбалісткі,  не змагла парадаваць вынікам. З адным жаданнем гуляць і перамагаць у дарослым валейболе перамагчы складана, неабходна адчуваць сябровак па камандзе, мець у запасе гульнявыя камбінацыі. На жаль, гэтага не было.
Найбольш сыграным калектывам прадсталі валейбалісткі з медыцынскага ўніверсітэта. Было бачна, што яны атрымліваюць асалоду ад любімай гульні. Віцяблянкі гулялі  задорна, з усмешкамі і пры гэтым не давалі ніводнага шанца сапернікам. Не выключэнне і іх фінальны паядынак, у якім медуніверсітэт перамог  пскоўскую каманду. Каманда медыцынскага ўніверсітэта  выйграла спаборніцтвы, госці з Пскова сталі другімі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №19 ад 07.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *