Мадэрнізацыя – шлях да поспеху

Актуалии Новости Экономика

Мадэрнізацыя – шлях да поспеху

Мінула дзесяць гадоў з таго часу, калі былое торфапрадпрыемства імя Даўмана ў Обалі далучылася да вытворчага ўпраўлення “Віцебскаблгаз”. У 2015 годзе з трох торфапрадпрыемстваў (у Обалі, а.-г. Крулеўшчына Докшыцкага раёна і п. Акцябрскі Чашніцкага раёна) было створана структурнае падраздзяленне ВУ “Віцебскторф”.

За гэты час на прадпрыемстве многае змянілася: закупілі новае абсталяванне, актыўна вялося будаўніцтва палёў па здабычы торфу, наладзілася вытворчасць, з’явіліся новыя рынкі збыту, дзякуючы якім выйшлі на прыбытковую вытворчасць.
Прадпрыемства і сёння не стаіць на месцы – тут працуюць над пашырэннем асартыменту, над падключэннем да работы новага абсталявання, над распрацоўкай новых радовішчаў. Напэўна, будаўніцтва новай сыравіннай базы і паслужыла тым асноўным  трывалым фундаментам, на якім сёння трымаецца вытворчасць. І ў гэтым накірунку многа чаго зроблена. Напрыклад, завершана першая чарга будаўніцтва сыравіннай базы на балоце Сідзень – падрыхтавана 118 гектараў для здабычы торфу. У стадыі будаўніцтва 120 гектараў другой чаргі.
Тэхналогія здабычы торфу была зменена дзякуючы ўнікальным пнеўматычным машынам, якія вырабілі інжынеры і вынаходнікі прадпрыемства пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера Ігара Яраслававіча Міхалко. Дзякуючы гэтаму работнікі ВУ “Віцебскторф”, участкі якога размешчаны яшчэ ў Докшыцкім і Чашніцкім раёнах, здабываюць торф у самых складаных умовах. У прыватнасці, летась на обальскіх балотах яго здабылі 13 тысяч тон. За год вытворчасць на аднаго чалавека склала 208 тон – гэта ў два разы больш, чым за 2016 год. Усяго рэалізавана 14,9 тысяч тон торфу. Прычым, 9 тысяч тон – на экспарт (амаль на 662 тысячы долараў). Па падліках эканамістаў, выручка на аднаго работніка склала амаль 30 тысяч рублёў, што на 16% вышэй ўзроўню 2016 года.
Увогуле ў будучым на Обальшчыне плануюць здабываць да 20 тысяч тон торфу, адзначае дырэктар філіяла вытворчага ўпраўлення “Віцебскторф” Віталь Няспляк. А гэта прымушае да мадэрнізацыі вытворчасці, да больш якаснай перапрацоўкі. І ёй пачалі займацца. У прыватнасці, з кастрычніка мінулага года вядзецца будаўніцтва лініі па падрыхтоўцы і перапрацоўцы сыравіны, якую дабудавалі дадаткова да старога цэха. І на мінулым тыдні, калі мы пабывалі на прадпрыемстве, тут кіпела работа. Працавала брыгада падрадчыкаў з ПМК-70 – рабілі пляцоўку для падачы торфу да аўтаматычнай лініі. Для яе ўжо закуплена абсталяванне, дарэчы, айчыннай вытворчасці, вырабленае ў Магілёве на прадпрыемстве “Стромаўталінія”, зроблены два навесы для лініі па падрыхтоўцы і перапрацоўцы сыравіны.
Дзякуючы мадэрнізацыі вытворчасці, у якую ўкладзена каля васьмісот тысяч рублёў, асартымент вырабляемай прадукцыі значна пашырыцца. Гэта прадпрыемству дыктуе рынак. Такім чынам мяркуюць задаволіць попыт новых спажыўцоў, а, значыць, рэалізаваць больш тарфагрунтаў і быць больш запатрабаванымі на рынку. Задаволены попыт на тарфагрунт будзе не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У прыватнасці, мы супрацоўнічаем больш як з дваццаццю краінамі свету. Нашы пастаянныя пакупнікі ёсць у Расіі, Турцыі, Італіі, Германіі, Чэхіі, Швейцарыі, Украіны, Балгарыі і іншых краінах”.
Мадэрнізацыю цэха плануюць закончыць да канца сакавіка. Вясной у Обалі запусцяць новае абсталяванне і пачнуць вырабляць грунты палепшанай якасці. На думку інжынераў і майстроў прадпрыемства, гэта будзе новая вяха ў развіцці цэха па вытворчасці обальскіх тарфагрунтаў. Па-першае, працэс будзе аўтаматызаваны. На лініі змешвання ў грунты будуць дадавацца розныя дабаўкі, якія палепшаць якасць тарфагрунту: перліт, вермікуліт і іншыя. На лініі сепарыравання торф будзе “дзяліцца” на розныя фракцыі ў залежнасці ад яго прызначэння для разнастайных культур.  Дзякуючы аўтаматызацыі вытворчасці, прастояў і збояў у рабоце не будзе. Такім чынам, па падліках эканамістаў, можна будзе павялічыць прадукцыйнасць працы больш чым на 20%”.
Калі запусцяць новую лінію па падрыхтоўцы і перапрацоўцы сыравіны, там спатрэбіцца не сем работнікаў, як было раней, а ўсяго чатыры. Астатніх людзей перавядуць на іншыя ўчасткі – там яны працуюць і зараз, калі ў цэху ідзе рэканструкцыя.
Дарэчы, паралельна з рэканструкцыяй цэха па вытворчасці спажыўных тарфагрунтаў на обальскім участку ВУ “Віцебскторф” пачалі весці рамонт дыспетчарскай, мехцэха і актавай залы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №8 ад 26.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *