Крымінал. Здарэнні

Актуалии Происшествия

Рыба
20 мая вечарам на возеры Лезвінка (каля вёскі Івоніна) былі затрыманы два жыхары Крывога Сяла. Сеткамі (яны адносяцца да незаконных прыстасаванняў лоўлі) маладыя людзі навудзілі шэсць залацістых карасёў, восем лінёў, два шчупакі, тры серабрыстыя карасі і аднаго акуня. Урон, нанесены жывёльнаму свету, складае больш за тры мільёны рублёў.
Незаконна злоўленая рыба і дзевяць сетак канфіскаваны. Супраць браканьераў ўзбуджана крымінальная справа.
Знаходка
Жыхар Мікіціхі, які рабіў на ўласным агародзе градкі, убачыў пад рыдлёўкай нечаканую знаходку – гранату часоў Вялікай Айчыннай вайны. Вясковец адразу патэлефанаваў у міліцыю.
Падобная знаходка была знойдзена і на калгасных палетках непадалёк ад в. Пабеда. Тут з зямлі “вылез” снарад часоў Вялікай Айчыннай. У абодвух выпадках сапёры, што прыязджалі з Віцебска, абясшкодзілі “рэха вайны”.
DVD
Жыхарка в. Светласельская паведаміла ў міліцыю, што яе кватэру абакралі. Прапалі DVD-плэер і два камплекты пасцельнай бялізны. У той жа дзень следча-аператыўная група ўстанавіла асобы злачынцаў. Імі аказаліся раней судзімая судом Віцебскага раёна жыхарка в. Светласельская і непрацуючы жыхар аграгарадка Башні. Злодзеі затрыманы, знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС. Частка ўкрадзенага знойдзена і вернута пацярпелай.
Аўтамабіль
Пацярпеў жыхар Шуміліна: невядомыя злодзеі падабралі ключы да ягонага аўтамабіля і прабраліся ў салон. Прапала лічбавая аўтамагнітола, музычныя дыскі, камплект каўпакоў на колы, асабістыя рэчы гаспадара машыны. Агульны ўрон склаў больш як трыста тысяч рублёў.
Грошы
Калі жыхар Добрына адсутнічаў, ягоную кватэру абрабавалі. З серванта прапаў наручны гадзіннік, а з-пад сурвэткі на стале – 200 тысяч рублёў. Супрацоўнікі міліцыі адразу ўстанавілі падазронага ў крадзяжы, ім аказаўся мясцовы жыхар.
Пажар
На вуліцы Вакзальнай у Шуміліне загарэлася грамадская гаспадарчая пабудова, разлічаная на некалькіх гаспадароў. Хлеўчукі часткова знішчаны агнём, добра, што яны былі пустыя. А вось у суседніх знаходзіўся вялікі запас дроў і сельскагаспадарчыя інструменты. Іх удалося выратаваць. Прычыны пажару устанаўліваюцца. Матэрыялы па дадзенай справе перададзены ў РАУС для далейшага расследавання.
Зброя
Супраць жыхара в. Чаронка была ўзбуджана крымінальная справа за незаконнае паляванне на дзіка. Пры расследаванні справы ў доме мужчыны было знойдзена агнястрэльнае паляўнічае ружжо. Як высветлілася, гаспадар купіў яго ў мінулым годзе і  захоўваў дома. Як устанавіла экспертыза, ружжо адносіцца да агнястрэльнай гладкаствольнай зброі. За яго незаконнае захоўванне цяпер мужчыну прыйдзецца адказваць перад законам.
Па матэрыялах РАУС і райаддзела па надзвычайных сітуацыях падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №42 ад 7.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *