В Шумилино чествовали женщин

Актуалии Общество

“Крыніца натхнення нашага жыцця”

Напярэдадні Дня жанчын у раённым цэнтры культуры прайшлі святочныя ўрачыстасці. Галоўнай падзеяй мерапрыемства стала ўшанаванне лаўрэатаў звання “Жанчына Шуміліншчыны 2016 года”.
“На жаночых плячах трымаюцца цэлыя галіны, такія як адукацыя, ахова здароўя, гандаль, – адзначыў у віншавальным слове намеснік старшыні райвыканкама Алег Быкаў. – Жанчыны займаюцца выхаваннем дзяцей, вядуць актыўнае грамадскае жыццё. Жанчыны з’яўляюцца крыніцай натхнення нашага жыцця, яго прыгажосцю, яго сэнсам”. Алег Пятровіч пажадаў усім жанчынам вялікага шчасця, кахання і дабрыні, жыццёвай упэўненасці і аптымізму.
“З 2011-га, калі было заснавана званне “Жанчына Шуміліншчыны”, яго ўладальніцамі сталі трыццаць дзевяць чалавек. Гэта жанчыны, якія вызначыліся не толькі вытворчымі дасягненнямі, а і паказваюць прыклад  у выхаванні дзяцей, у грамадскім жыцці, – заўважыў Алег Пятровіч. – Сёлета гэтае званне атрымалі восем цудоўных жанчын”. Ён уручыў дыпломы і кветкі жанчынам, якія пад гарачыя апладысменты ўдзельнікаў свята адна за адной выходзілі на сцэну: маляр-прэсоўшчык Обальскага керамічнага завода Святлана Гулакова (намінацыя “Жанчына ў сістэме прамысловага комплексу і будаўніцтва”), аператар машыннага даення СФГ “Раднік” Галіна Салдаценкава (“Жанчына ў сістэме аграпрамысловага комплексу і лясной гаспадаркі”), настаўніца матэматыкі Шумілінскай СШ №1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка Ніна Лузгіна (“Жанчына ў сістэме адукацыі і навукі”), дырэктар КУВП “Ульскі” Валянціна Лабейка (“Дзелавая жанчына”), прадавец ПУГП “Тамара-гандаль” Святлана Гусакова і тэхнік па сувязі раённага вузла электрасувязі Алена Гур’ева (“Жанчына ў сістэме сацыяльных паслуг”), урач цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Іванова (“Жанчына ў сістэме аховы здароўя і медыцыны, фізічнай культуры і спорту”), настаўніца Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Сініцкая (Жанчына ў сістэме культуры, мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі”).
Падтрымаў святочную атмасферу цудоўны канцэрт, напоўнены песнямі пра жанчын і каханне, пяшчоту і прыгажосць, падрыхтаваны работнікамі культуры раёна. Дарэчы, у фае РЦК можна было паглядзець прыгожыя вырабы майстроў раённага Дома рамёстваў,  а таксама набыць для жанчын сувенір ці падарунак у святочным афармленні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №20 ад 10.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *