Всю жизнь с песней прожила Л. П. Колесникова

Людзі і лёсы

Адна з любімых – «У зялёным гаёчку»
Раствораныя ў паветры высокія ноты народнай песні адцяснілі на другі план усе іншыя гукі. Здавалася, на момант сціх і салавей – заслухаўся песняй, якую спявала Ларыса Пятроўна Калеснікава з Язвіна. Песня была спакойная, пяшчотная.
“Гэта адна з маіх любімых песень, яна называецца “У зялёным гаёчку”, – кажа Ларыса Пятроўна. – А яшчэ ведаю вясельныя песні, купальскія, валачобныя, жартоўныя – усяго больш за тры сотні. Многа помню і прыпевак – без іх раней не абыходзілася ніводнае свята ў вёсцы.
У маладосці Ларыса Пятроўна разам з іншымі жанчынамі сярпамі жала жыта. Цяжкая была праца, стомная. Але яна заўсёды суправаджалася песнямі. Іх спявалі непасрэдна за працай, у час адпачынку, ідучы дадому, за бяседным сталом пасля жніва.
Пра тое, што Ларыса Пятроўна – неацэнная скарбніца народных песень, дачуліся нават у Мінску. І летась да жанчыны завіталі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
“Наставілі тут мікрафонаў, усё запісвалі мае песні, – гаворыць Ларыса Пятроўна. – Ну, я і наспявала ім спачатку песень, потым прыпевак. Студэнты нарадавацца не маглі, казалі, што такіх песень у Мінску і не ведае ніхто. Патэлефанавалі мне потым, каб уключала тэлевізар і глядзела на сябе, як спяваю”.
Ларысу Пятроўну ўсё жыццё суправаджае песня. З ёю, на думку жанчыны, жыць весялей. Жыццё нашй гераіні не было бязвоблачным. Хутчэй, наадварот. У два гадкі засталася сіратою – памерла маці. Старэйшы брат Мікалай загінуў у Ленінградзе ў час Вялікай Айчыннай вайны. Бацьку, Пятра Ягоравіча Талсташэева, забралі ў канцлагер за сувязь з партызанамі…
Ларыса Пятроўна адпрацавала ў калгасе 35 гадоў: спачатку на свінаферме, потым – даяркай. Выхавала дваіх сыноў, мае пяцёра ўнукаў, двух праўнукаў.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці ў жыцці, Ларыса Пятроўна заўсёды спявала. З песняй яна зраднілася назаўсёды.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №42 ад 7.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *