В «Роднике» перебирают картошку. Активно помогают пенсионеры

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

На парадку дня – бульба

У СФГ “Раднік” поўным ходам рыхтуюцца да пасяўной. У прыватнасці, на мінулым тыдні кіпела работа ў бульбасховішчы ў Галях.
Вакол бульбянога кургана прымайстрыліся пераборшчыкі,  пераважна жанчыны. Пераборку ўскладняе тое, што на некаторых гатунках, напрыклад на “брызе” і “ўладары”, даволі вялікія расткі, якія трэба абрываць. А гэта якасна зробяць толькі чалавечыя рукі.  А вось “скарб” не прарос, таму яго можна будзе прагнаць  праз бульбасартавальны пункт.
“Кожны дзень на пераборцы працуюць па 20-25 чалавек, – расказаў кіраўнік СФГ “Раднік” Ю. В. Сямёнаў. – У асноўным гэта пенсіянеры з Мішкавіч, Кардона, Мікалаева і Улы. У сярэднім перабіраюць па пяць тон  бульбы за дзень. Мы ўдвайне ўдзячныя жанчынам за дапамогу і за тое, што працуюць шчыра і без нараканняў. Перабралі ўжо практычна 80% бульбы”.
Усяго ў гаспадарцы засыпалі на зіму 600 тон насеннай бульбы. Клубні захаваліся добра, за вы-ключэннем гатунку “маніфест”. На 120 га палеткаў, якія адвялі пад бульбу, спатрэбіцца каля 500 тон насення, а рэшткі можна будзе прадаць. Дарэчы, зараз ёсць на насенне попыт: у гаспадарку тэлефанавалі з Расонскага, Гарадоцкага, Бешанковіцкага райспажыўтаварыстваў.
У гэтым годзе ў “Радніку” мяркуюць скараціць колькасць гатункаў і пасадзіць толькі “скарб”, “брыз”, “маніфест” і “ўладар”. Бульбу пачнуць саджаць у канцы красавіка. Дзве бульбасаджалкі, адрамантаваныя і з пройдзеным тэхнічным аглядам, чакаюць сваёй пары.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №25 ад 28.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *