Редакция «Герой працы» провела день в Обольском сельсовете

Актуалии Общество Экономика

Обальскі сельсавет:штрыхі да партрэта

Крыху лічбаў
У Обальскім сельсавеце 39 населеных пунктаў. Самы вялікі, вядома ж, – пасёлак Обаль, тут жыве 2499 чалавек. Буйнымі населенымі пунктамі лічацца вёскі Грудзінава, Гаравыя-1, Лявонава з колькасцю насельніцтва 167, 149 і 144 чалавекі адпаведна.
23 вёскі маюць толькі ад 1 да 10 жыхароў. А такія вёсачкі як Падлессе, Зазаводка, Балотнікі, Абалянка, Расалай, Ходараўка і Вішня ўжо зусім асірацелі, хіба што на лета ў некаторыя заязджаюць дачнікі.
Гаварыць пра прырост насельніцтва ў Обальскім сельсавеце, на жаль, не прыходзіцца. За 2016 год тут нарадзілася ўсяго 20 дзетак. У той жа час смерць забрала 47 чалавек.
Не ў модзе сёння жыўнасць на асабістых падворках. Ва ўсім сельсавеце налічваецца 40 кароў, 35 свіней, 28 авечак, 37 коз, 10 коней і 788 галоў птушкі.

Тры пытанні старшыні
Калі маеш на мэце маляваць партрэт сельсавета, то тут найперш трэба пачынаць з мясцовай улады. Таму мы і накіроўваемся да старшыні Обальскага сельскага Савета Мікалая Будневіча. У яго няшмат часу – рыхтуецца да пасяджэння сельвыканкама, таму мы абмяжоўваемся трыма пытаннямі кіраўніку обальскага рэгіёна.
– Чым ваш сельсавет адметны?
– Ён самы вялікі па тэрыторыі і самы прыгожы. Плошча сельсавета амаль 27 тысяч гектараў. Па тэрыторыі працякае Заходняя Дзвіна, тут знаходзіцца адно з унікальных балот Беларусі – Обальскае, і не адно яно, ёсць Мясаедаўскае, Беркавіцкае балоты і ў Шашах, дзе расце белы мох. А якія ў нас прыгожыя азёры – Расалай, Мошня, Сідзень.
– Над чым сёння працуеце?
– Непасрэдна сёння (размова адбылася ў мінулы аўторак 28 сакавіка – рэд.) мы праводзім пасяджэнне сельвыканкама, будзем абмяркоўваць работу ўчастковага на тэрыторыі савета. У бліжэйшых планах – добраўпарадкаванне. Самі разумееце, колькі вясной работы: уборка, рамонт агароджы, высечка кустоў, пасадка і пабелка дрэў, рамонт дарог і іншыя бягучыя работы. Апроч таго, плануем у гэтым годзе зрабіць капітальны рамонт трох жылых дамоў па вуліцах Фабрычнай і Зяньковай. Гэта толькі некалькі, скажам так, штрыхоў шматграннай работы сельскага Савета.
– Мы правялі бліц-апытанне ў Обалі, пыталіся ў людзей, чаго ім не хапае, якіх паслуг. Усё, што пачулі, можна перадаць класічнай фразай: “Хлеба і відовішчаў”, а дакладней, людзям не хапае работы і месцаў адпачынку, такіх як кафэ, куды можна было б днём прыйсці з дзецьмі, а вечарам – з сябрамі. Як вы пракаментуеце сказанае?
– Не магу не пагадзіцца з людзьмі і з тым, што ў Обалі сапраўды няпроста з работай. Хаця не безнадзейна. Варта сказаць, што ў апошні час пайшлі ўгору справы на мясцовым торфапрадпрыемстве, у гэтым годзе прадпрыемства плануе давесці плошчу палёў торфаздабычы да 400 гектараў. Пакрысе ўстае з каленяў керамічны завод, тут праведзены вялікі аб’ём работ па мадэрнізацыі, удасканаленні тэхналагічнага працэсу, і зараз завод выпускае канкурэнтаздольную якасную прадукцыю, што дазваляе спадзявацца на рост попыту на обальскую цэглу. Зараз мы вядзём перамовы па стварэнні ў пасёлку швейнага прадпрыемства на плошчах гандлёвага цэнтра. Ужо запісалася 105 жадаючых, праўда, большасць з тых, хто запісаўся, хочуць не шыць, а  прэтэндуюць на пасады вартаўніка ці тэхнічкі.
Трэба сказаць, што сельвыканкам падтрымлівае любую прыватную ініцыятыву, будзе гэта асабістая падсобная гаспадарка, агратурызм, грузаперавозкі ці іншая сфера дзейнасці. Можна, напрыклад, заняцца рамесніцтвам, як гэта зрабіла абальчанка Вольга Ганушчанка. Падатак тут невялікі – адна базавая велічыня за год, плюс дзяржава яшчэ падтрымае істотнымі фінансавымі субсідыямі. А што тычыцца месцаў адпачынку, так, кафэ ў нас сёння няма, затое ёсць выдатны музей, школа мастацтваў, Дом культуры, бібліятэка, дзе заўсёды рады наведвальнікам.

Эканамічны патэнцыял

Грунты ідуць нарасхват
Обальскія спажыўныя грунты і кіпаваны торф  вельмі запатрабаваныя сярод агароднікаў . “Грунты “Дзвіна плюс” разыходзяцца добра, бо яны ўніверсальныя: падыходзяць і для агародніны, і для кветак, – расказала  спецыяліст вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу ВУ “Віцебскторф” Валянціна Ігрова. – У спажыўныя грунты дадаецца азот, фосфар і калій, так што ў іх добра вырошчваць расаду. Усяго за  студзень-люты ў цэху па перапрацоўцы торфу вырабілі больш за дзесяць тысяч штук пакетаў “Дзвіны плюс” аб’ёмам па 80 літраў. Увесь грунт знайшоў свае рынкі збыту.
Сярод  мясцовага насельніцтва і жыхароў іншых раёнаў таксама карыстаецца попытам торф россыпам – для прыгатавання кампостаў. Машыны прыязджаюць ва ўрочышчы Чысцікі і там загружаюцца.
У Обалі вырабляюць і торф кіпаваны. У вялікіх біг-болях, ён вельмі запатрабаваны за мяжой. Так у гэтым годзе торф з обальскай прапіскай паехаў у Германію, Швейцарыю, Італію, Расію, Украіну, Латвію, Турцыю і іншыя замежныя краіны. Больш за дзвесце тон такога торфу прадалі па Беларусі.

З Обальскай цэглы будуюць у Манголіі
З прыходам вясны  актывізавалася будаўніцтва, як вынік – павялічыўся попыт на будаўнічыя матэрыялы. “У сакавіку Обальскі керамічны завод рэалізаваў 2200 тысяч штук цэглы, – расказвае намеснік дырэктара па камерцыйнай рабоце ОКЗ Аляксандр Манак. – Каля 60% прадукцыі пайшло на ўнутраны рынак, 40 % – на экспарт, у Расійскую Федэрацыю”.
У Беларусі асноўнымі пакупнікамі обальскай прадукцыі сталі ААТ “Гроднапрамбуд”, ААТ “Мозырпрамбуд”, ААТ “Плісабуд”, ААТ “Жылбуд” і ААТ “Гомельпрамбуд”.
“90% экспарту прыйшлося на Калінінградскі рэгіён, – адзначае Аляксандр Манак. – Каля 550 тысяч штук цэглы паставілі ААТ “Будаўнічы цэнтр” і ААТ “Мегаполіс-Баллтыка”, пераважна калінградскіх пакупнікоў цікавіць паўнацелая цэгла”.
Обальская цэгла зацікавіла і Манголію. Сёння ОКЗ вядзе перамовы пра пастаўку обальскай прадукцыі ва Улан-Батар.

Будзем шыць
Пасля таго, як у газеце быў надрукаваны матэрыял пра магчымае адкрыццё вытворчасці па пашыве трыкатажных вырабаў у Обалі, у рэдакцыю сталі званіць абальчане. Маючы на ўвазе складаную сітуацыю з работай у мястэчку, можна зразумець хваляванні людзей, якія ўбачылі для сябе шанс працаўладкавацца, а нейкага руху ў накірунку наладжвання абяцанай вытворчасці не ўбачылі.
Рэдакцыя звязалася з кіраўніцтвам  ААТ “Фабрыка Шарм” для таго, каб высветліць падрабязнасці. Нам адказалі наступным чынам: “Так, сапраўды, у г. п. Обаль плануецца адкрыццё швейнай вытворчасці не пазней за 1 ліпеня 2017 года. 6 красавіка плануецца прыезд  прадстаўнікоў фабрыкі для суразмовы з патэнцыяльнымі работнікамі, швачкамі. Па выніках будзе сфарміравана група для навучання па прафесіі швачка праз мясцовы цэнтр занятасці”.

Свая справа
Як высветлілася, обальскія маладыя і прадпрымальныя людзі ахвотна выбіраюць для сябе такі няпросты від дзейнасці, як грузаперавозкі. Налічылі шэсць прадпрыемстваў, адно з якіх узначальвае Дзяніс Аксёнаў.
У свой час Дзяніс працаваў на Обальскім керамічным заводзе, а з 2013 года адкрыў сваю справу – прыватнае прадпрыемства “ДэнАўта Плюс”.  Такім чынам з’явілася работа для двух вадзіцеляў, бухгалтара, ды і сам гаспадар прызнаўся, што ён – і за дырэктара, і за механіка: работы багата.
У прадпрыемства ёсць дзве машыны. Адна займаецца перавозкай будаўнічых матэрыялаў, другая, рэфрыжэратар,  – прадуктаў харчавання. Працуюць у асноўным па Беларусі і Расіі. Ёсць планы, калі ўсё будзе добра складвацца, пашыраць бізнес.

Праз прызму “Расіі”
І на сённяшні дзень вёскі Грудзінава яе старэйшына Алена Аляксеева глядзіць праз прызму былога калгаса “Расія”. Яна з настальгіяй успамінае той час, калі ў Грудзінаве была цэнтральная сядзіба калгаса, працаваў дзіцячы сад, вабілі да сябе два клубы, існаваў нават інтэрнат…
Алене Пятроўне ніяк не хочацца мірыцца з тым, што многае засталося ў мінулым. Зараз жа з былога багацця ў Грудзінаве засталіся магазін, клуб і бібліятэка. Жыве тут 167 чалавек. А ўсяго на тэрыторыі былога калгаса “Расія”, дадае яна, жыве каля дзвюх з паловай соцень.
У старэйшыны Грудзінава вельмі плённае супрацоўніцтва са старшынёй Обальскага сельвыканкама. Яшчэ б, усміхаецца Мікалай Будневіч, Алена Пятроўна заўсёды побач, яна ж  у сельвыканкаме галоўны бухгалтар, усе пытанні, у тым ліку і па вёсцы Грудзінава, рашаюцца аператыўна.
І так усё сышлося: старшыня сельвыканкама параіў напісаць пра старэйшыну Аляксееву, начальнік паштовага аддзялення Алена Будневіч таксама дала накірунак на Грудзінава, бо тут найбольш актыўна выпісваюць газету “Герой працы”. А гэты факт, самі разумееце, для нас вельмі важны. А ў самым Грудзінаве сустрэлі і паштальёна Наталлю Сафроненка, яна разам Ірынай Храмцовай абслугоўвае грудзінаўцаў.
Старэйшына вёскі Грудзінава Алена Аляксеева (справа)  з паштальёнам Наталляй Сафроненка.

72-я мірная вясна
У Обальскім сельсавеце сёння пражываюць чатыры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: Барысевіч Іван Паўлавіч – былы франтавік, інвалід вайны, а таксама былыя партызанкі брыгады імя Кароткіна Мацвеенка Кацярына Васільеўна, Лысанава Генадзія Эдуардаўна і  Сабаршова Надзея Раманаўна.  72-ю мірную вясну сустракаюць таксама працаўнікі тылу Банкетаў Міхаіл Антонавіч і Малькова Зоя Цімафееўна.
Здароўя вам і міру, паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай, і шмат мірных вёсен!

Культурна-спартыўны патэнцыял

Жыццё культурнае
Мы завіталі ў Обальскі Дом культуры. Тут па суботах ладзяцца дыскатэкі за два рублі. Як расказала мастацкі кіраўнік ДК Таццяна Партная, танцаваць прыходзіць не больш за 15-20 маладых людзей. На пачатак чэрвеня запланаваны ўжо традыцыйны парад калясак. Зараз ідуць рэпетыцыі спектакля па п’есе Васіля Ткачова “Слуп” – Обаль чакае прэм’ера.
А яшчэ абальчане шмат чытаюць, заўважыла загадчыца Обальскай бібліятэкі Ала Каралёва, асабліва зімой. Калі працягваць гаворку пра духоўнае, то ўсіх заўжды гатовы прыняць храм Ануфрыя Вялікага. Настаяцель храма айцец Уладзімір – шаноўны на Обальшчыне чалавек. Дарэчы, зараз ідзе роспіс царквы мастаком Уладзімірам Чарных.
Многія ўспамінаюць обальскае кафэ, якое ніколі ў свята не пуставала. Але зараз ні вяселле, ні карпаратыў, ні юбілей справіць у Обалі няма дзе. Гэта факт.

У музеі – экскурсіі
Пакуль у школах канікулы, музеі звычайна працуюць у асабліва напружаным рытме. Вось і ў музеі Обальскага камсамольскага падполля радаснае ажыўленне: старшы навуковы супрацоўнік Аляксандр Васіленка праводзіць экскурсію для обальскіх школьнікаў. У чарзе – дзеці з іншых школ і не толькі нашага раёна.
Экскурсіі заказваюць загадзя, бывае, госці прыязджаюць і нечакана. “Напрыклад, за гэты месяц у нашым музеі пабывала 250 чалавек, – расказала наглядчык музея Лёля Лузгіна. – Прыязджаюць не толькі з Беларусі і Расіі, але і з Германіі, Англіі, Эстоніі, Татарстана, Казахстана і г. д. Асабліва шмат гасцей бывае летам”. На памяць пра Обаль можна набыць сувенірную кружку ці магніт з мясцовымі краявідамі, а таксама іншую прадукцыю, вырабленую майстрамі Дома рамёстваў.

Палкі ў рукі і пайшлі
Скандынаўская хада – выдатны фітнэс для любой пары года. Гэта пацвердзяць обальскія кабеты, якія выбралі для сябе менавіта гэты від фізічнай актыўнасці. Напрыклад, Валянціна Шчагалькова і Святлана Шчарбакова, якіх мы сустрэлі па дарозе, займаюцца скандынаўскай хадой з  лістапада і ўжо адчуваюць “удзячнасць” за гэта ад свайго арганізма.
Жанчыны скінулі вагу, пазбавіліся ад праблем з суставамі, набылі бадзёрасць і добры настрой, перасталі хварэць. З тэхнікай хады яны пазнаёміліся ў інтэрнэце, палкі зрабілі самі і пайшлі. Ходзяць па 5 км кожны дзень і спыняцца не збіраюцца.

“Выхаванне – гэта найперш уласны прыклад”
Выхавальніца Обальскага дзіцячага сада Ала  Сухарава, – педагог вышэйшай катэгорыі. Менавіта дзеля яе мы завіталі ў дашкольную ўстанову.
У яе за плячыма 30 год педагагічнага стажу, багата ўласных напрацовак і назіранняў. Яна, напрыклад, адзначае, што сённяшнія дзеці больш рухавыя, адкрытыя, больш інфармаваныя, чым тыя, хто быў дзецьмі 30 год назад, скажам, іх мамы і таты. У той жа час Алу Валяр’янаўну засмучае, што слабее ўплыў сям’і на дзіця, нізкі ўдзел татаў у выхаванні дзяцей. Пад выхаваннем педагог разумее ў першую чаргу ўласны прыклад.
“Так не павінна быць, каб бацька ехаў на заробкі і не бачыў сям’ю па паўгода, – энергічна ўступае ў размову загадчыца дзіцячага сада Наталля Спірыдзенка. – Калі ехаць, дык разам, а то растуць дзеці і бацьку не бачаць. Не кажу ўжо пра тое, што мы ў дзіцячым садку некаторых татаў у вочы не бачылі”.
Гэтак жа актыўна Наталля Мікалаеўна пачынае расказваць пра сваю выдатную калегу-выхавальніцу:
“Ала Валяр’янаўна адзін з вядучых педагогаў раёна. Свой высокі прафесіяналізм яна мацуе  крэатыўнасцю, адказнасцю, энтузіязмам. Яе любяць дзеці, паважаюць дарослыя. Яна ўмее ўсё: быць добрай выхавальніцай, захавальніцай дамашняга ачага, кіраўніком інавацыйных праектаў, удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Вось толькі гаварыць пра сябе яна не ўмее, таму я і гавару за яе і пра яе. А наогул, я лічу за гонар працаваць з такім педагогам”.
Такая вось выдатная характарыстыка выдатнаму педагогу.
Ала Сухарава (злева) са сваёй выхаванкай Варварай Пятровай і яе бацькамі Сяргеем і Інай.

Школа ў чаканні рамонту

Чатырохпавярховы  будынак Обальскай школы ўражвае сваёй маштабнасцю не толькі на фоне Обалі, але і нават усяго раёна. А вось капітальнага рамонту ў школе ніколі не было, тым часам як неабходнасць яго з кожным годам усё відавочней.
Сёлета ж з’явіліся перадумовы, якія дазваляюць спадзявацца на тое, што ў школе ў хуткім часе з’явяцца новыя вокны, пройдзе  рамонт фасада, уваходнай групы, заменены інжынерныя сеткі, санітарныя вузлы і зроблена многае іншае. Сваю асабістую падтрымку ў гэтай справе паабяцаў намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Пенін.
Пакуль праект знаходзіцца на экспертызе.

І напаследак
Хочацца сказаць дзякуй усім абальчанам, з якімі мы сустрэліся ў дзень 28 сакавіка, – за гасціннасць, адкрытасць для дыялога, за любоў да сваёй обальскай зямлі.
Мы ў сваю чаргу абяцаем прыязджаць яшчэ і яшчэ, дадаваць новыя штрыхі да партрэта Обальскага сельсавета. І чакаем у гэтым вашай дапамогі, падказкі – тэлефануйце нам, расказвайце пра сваё жыццё, пра добрых працавітых людзей, пра свае праблемы і клопаты.
Заўважым, што падарожжа на Обальшчыну адкрыла новы праект «Герой працы» – «Сельсавет: штрыхі да партрэта». Наперадзе новыя экспедыцыі.

Матэрыялы падрыхтавалі Аліна ПЯТРОВА, Наталля ЧАРНІЧЭНКА,
Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў №27 ад 04.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *