Лето. Солнце. Дети. Лагерь

Актуалии Образование Общество

В оздоровительном лагере в Язвинской БШ

Сонца. Дружба. Летнік
Бацькі хочуць, каб іх дзеці добра адпачылі летам, набраліся сіл, каб за імі быў догляд, каб яны добра сілкаваліся. Найлепшая магчымасць для гэтага – адпачынак у летніку. Ні дзяцей, ні дарослых ў гэтым не трэба пераконваць. Толькі былі б жаданне ў дзяцей і магчымасці ў бацькоў.
Як патлумачылі ў аддзеле адукацыі райвыканкама, для адпачынку ў летнім аздараўленчым лагеры ёсць выбар. Дарэчы, фінансаванне дзіцячага аздараўлення выканана ў поўным аб’ёме. Для дзяцей распрацаваны разнастайныя меню, выхаваўчыя праграмы напоўнены цікавымі мерапрыемствамі, спартыўнымі гульнямі, экскурсіямі, развіваючымі заняткамі, заняткамі ў гуртках.
Самыя даступныя для адпачынку – летнікі з дзённым знаходжаннем. Яны арганізаваны ва ўстановах адукацыі. У нашым раёне 21 такі лагер і адпачнуць у іх 650 дзяцей. Дзевятнаццаць летнікаў ужо пачалі работу з гэтага тыдня. У першую змену (з 7 па 27 чэрвеня) адпачнуць 590 дзетак. У Слабадской і Башнёўскай школах лагер будзе працаваць ў другую змену (з 28 чэрвеня). Працягласць змены – 18 дзён. 130 тысяч рублёў выдаткоўвае на адпачынак дзяржава са сродкаў сацыяльнага страхавання, 26 тысяч рублёў складае бацькоўская плата.
І яшчэ варыянт – лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей “Пунсовы ветразь”, які будзе працаваць у дзве змены (з 16 чэрвеня і з 14 ліпеня) на базе раённай гімназіі ў Лескавічах. За лета тут адпачнуць 200 дзяцей. Як паведамілі ў аддзеле адукацыі, абедзве змены ўжо практычна поўнасцю ўкамплектаваны. Змена будзе доўжыцца 18 каляндарных дзён. Кошт пуцёўкі для работнікаў бюджэтнай сферы складае 432 тысячы, з якіх 310 тысяч – дзяржаўная датацыя, 122 тысячы – бацькоўская плата. Для тых, хто працуе ў небюджэтных арганізацыях – 595 тысяч рублёў (310 тысяч складае дзяржаўная датацыя і 285 тысяч — бацькоўская плата).
Калі дазваляюць даходы, можна набыць пуцёўку і ў аздараўленчыя лагеры за межамі раёна, напрыклад, у “Лясную паляну” ў Віцебскім раёне.
І нарэшце, аддзел адукацыі, раённая арганізацыя ГА БРСМ будуць арганізоўваць валанцёрскія лагеры. У такіх летніках дзеці аб’яднаныя агульнай справай: добраўпарадкаванне, догляд за воінскімі пахаваннямі, іншыя справы. Доўжыцца ён 9 дзён, і на ўтрыманне аднаго добраахвотніка выдаткоўваецца 135 тысяч рублёў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №43 ад 10.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *