Нядаўна ў Полацку ладзіўся ХХХ Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, які сёлета быў прысвечаны 1155-годдзю Полацка. У рамках фестывалю прайшоў адкрыты абласны дзіцячы фартэпіянны конкурс “І. С. Бах і XXI стагоддзе”.
Прадэманстраваць свае таленты ў конкурсе змаглі і выхаванцы Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Марыя Скорынава і Святлана Кураленка (настаўнік Ганна Красоўская). У конкурсе ўзялі ўдзел больш за 40 юных піяністаў з васьмі гарадоў Беларусі. Узровень іх майстэрства ацэньвала прафесійнае журы пад старшынствам прафесара Веймарскай акадэміі музыкі імя Ф. Ліста Герлінды Отта з Германіі.
Дыпломам II ступені было ацэнена выступленне Машы Скорынавай. Гэта дало ёй пачэснае права ўдзельнічаць у гала-канцэрце, які праходзіў у Сафійскім саборы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №28 ад 07.04.2017 г.