В Шумилино выбрали лучшую многодетную семью

Актуалии Новости Семья

Лепшая мнагадзетная сям’я Шуміліншчыны
была абрана ў мінулую пятніцу на аднайменным аглядзе-конкурсе,
які арганізавалі і правялі работнікі ТЦСАН у Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў.

Пяць ініцыятыўных, смелых, па-свойму таленавітых і артыстычных сямей – Далецкія з аграгарадка Башні, Несцеравы з аграгарадка Слабада, Новікавы з аграгарадка Мікіціха, Рымшы з Обалі і Томашавы з райцэнтра – згадзіліся прыняць удзел у мерапрыемстве, выйшаўшы на раённую сцэну і прадставіўшы на суд гледачоў і журы свае дасягненні, уменні і таленты ў 4-х намінацыях.
Падчас візіткі “Вітаем, гэта мы!” удзельнікі пазнаёмілі прысутных са сваімі сем’ямі і сямейнымі традыцыямі. Пасля былі конкурсы эрудытаў і загадак. Асобна была ацэнена выстава кожнай сям’і, аформленая ў фае школы мастацтваў, на якой можна было палюбавацца і кулінарнымі шэдэўрамі (ад кулічоў да тортаў), і захапленнямі бацькоў, і дасягненнямі дзяцей.
І, нарэшце, на апошнім конкурсе кожная сям’я прадставіла сацыяльную рэкламу “Мы – сям’я”.
Хочацца сказаць, што атмасфера мерапрыемства была асаблівая: адчуваліся цёплыя і моцныя сямейныя ўзаемаадносіны, бязмежная любоў да дзетак, клопат пра кожнага. І гэта ўсё давала адчуванне шчасця. Паболей бы нам менавіта вось такіх мнагадзетных сямей!
Кожнай сям’і былі прысуджана намінацыя. Так, самай згуртаванай стала сям’я Аляксандра і Наталлі Рымшаў, самай творчай – сям’я Аляксандра і Ганны Несцеравых, самай артыстычнай – Андрэя і Вольгі Далецкіх. Прыз сімпатый гледачоў дастаўся сям’і Яўгена і Наталлі Томашавых.
Ад раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” спецыяльны прыз за смеласць і разуменне, за тое, што сям’я згадзілася выступіць на аглядзе-конкурсе без гаспадара (гаспадар быў заняты на пасяўной, а гэта, як аказалася, важней) атрымала сям’я Несцеравых.
Лепшай мнагадзетнай сям’ёй Шуміліншчыны журы назвала сям’ю Мікалая і Алены Новікавых. Трэба адзначыць, што для гэтай сям’і ўдзел у падобных конкурсах не ўпершыню. У іх ёсць вопыт і перамога на мінулагоднім конкурсе “Уладар сяла”. Так што смела трымацца на сцэне, быць упэўненымі, артыстычнымі і пераканаўчымі ў адмысловых нацыянальных касцюмах і бацькі, і іх дзеткі Арцём, Ганна і нават самая маленькая Анастасія ўжо ўмеюць.
Кожная сям’я атрымала дыпломы, каштоўныя падарункі, кветкі і прысмакі.  “Гэты конкурс праведзены ў рамках дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады”, – зазначыла дырэктар ТЦСАН Шумілінскага раёна Валянціна Штуро. – Мэта яго – павышэнне прэстыжу і аўтарытэту мнагадзетных сямей, адраджэнне і прапаганда сямейных каштоўнасцяў і традыцый”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №31 ад 18.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *