Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Балоны
У міліцыю звярнуўся жыхар г. Таліна – яго дачны дом у Обалі абрабавалі. Злодзеі, карыстаючыся тым, што другі паверх дома недабудаваны, праніклі праз яго ў жылы пакой. Адтуль укралі некалькі метраў электракабелю, самаробны зварачны апарат, два газавыя балоны, дзве шліфавальныя машыны, прадукты харчавання. Агульная шкода, нанесеная гаспадару, складае каля трох мільёнаў рублёў. Па дадзенаму крадзяжу вядзецца следства.
Прагулы
Згодна з рашэннем суда Шумілінскага раёна жыхарка райцэнтра была абавязана выплачваць сродкі за ўтрыманне непаўналетняга дзіцяці. Жанчыне дапамаглі працаўладкавацца рабочай у камунгас. Але з такой работніцай адно праблемы: за тры месяцы на свой рахунак яна запісала больш за дваццаць прагулаў. Накапіўся і доўг – больш за сямсот тысяч рублёў. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Тапельцы
Наколькі часам бывае “трагічнай” вада, сведчаць выпадкі ў нашым раёне. Так, 1 чэрвеня на возеры Будавесць, што ў Башнях, патануў малады мужчына.
2 чэрвеня жыхар в. Пушча пайшоў купацца на сажалку, што знаходзіцца непадалёк ад дома, і патануў.
5 чэрвеня на Шумілінскім возеры патанула 35-гадовая жанчына…
Грошы
Пацярпела жыхарка а.-г. Светласельскі – у яе ўкралі грошы. Як высветлілася, крадзеж адбыўся з-за няўважлівасці самой гаспадыні – яна не замкнула ўваходныя дзверы. З сумачкі прапаў кашалёк са  180 тысячамі рублёў. Па дадзенаму крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Крадзеж
Раней судзімая жыхарка райцэнтра, знаходзячыся ў гасцях у знаёмых, украла DVD, праз нейкі час яго перапрадала. А неўзабаве мужчына і жанчына са Светласельскага ўкралі незаконна купленае DVD. У абодвух выпадках супраць злодзеяў узбуджаны крымінальныя справы.
Пажар
У жылым доме ў Шуміліне адбыўся пажар. Калі на месца здарэння прыбыло першае падраздзяленне райаддзела па надзвычайных сітуацыях, дом быў задымлены і гарэў знутры.
Выратавальнікі вынеслі з агню мужчыну (ён атрымаў апёкі спіны першай ступені і дастаўлены ў райбальніцу), які знаходзіўся ў гасцях гаспадара дома.
У доме пашкоджаны дахавае перакрыццё, часткова сцены і маёмасць. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Нецвярозы
У мінулым годзе супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі спынялі жыхара райцэнтра, які на легкавушцы ехаў нецвярозы за рулём. Тады вадзіцель заплаціў буйны штраф. Але патрэбныя вывады не зрабіў. Не прайшло і года, як ён жа быў спынены супрацоўнікамі ДАІ: на гэты раз мужчына ў стане алкагольнага ап’янення кіраваў мапедам. Паколькі нецвярозы вадзіцель двойчы на працягу года сеў за руль транспартнага сродку, супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №44 ад 14.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *