Лепельский прорыв. Делегация из Шумилинского района ездила за опытом на Лепельщину

Актуалии Экономика

Делегация из Шумилино на одной из ферм ОАО "Лепельский МКК"

Лепельскі прарыў
Лепельскі раён – край сінявокіх азёр. Сюды едуць адпачываць, тут селяцца, тут сапраўды санаторныя мясціны.
Але не за тым, каб паглядзець гэтыя маляўнічыя мясціны, ездзіла туды на днях дэлегацыя нашага раёна. Ініцыятарам і натхняльнікам паездкі быў старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Ставілася на мэце паказаць кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў,  усім, хто “завязаны” на рэканструкцыі фермаў, як таго патрабуе час і кіраўніцтва рэспублікі – які вопыт у гэтым плане набылі лепяльчане.
Экскурсію праводзіў старшыня Лепельскага райвыканкама Б. С. Яфрэмаў, адказныя работнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Забягаючы наперад, адзначым: паглядзець было на што. Лепяльчане, па словах У. П. Кураннога, да нядаўняга часу намнога адставалі ад нас  з валам   дзённага надою (наш раён атрымлівае за дзень 60 тон малака), сёння гэтая разбежка імкліва змяншаецца, хаця ў лепяльчан   на 2 тысячы кароў менш. Значыць, там бяруць больш высокай прадукцыйнасцю малочных гуртоў. Кіраўнік Лепельскага раёна перакананы: за інтэнсіфікацыяй жывёлагадоўлі – будучае ўсёй сельскай гаспадаркі. Менавіта  тактыка і стратэгія ў гэтай галіне  і сталі прадметам для размовы і аналізу спраў.
ААТ “Лепельскі МКК” з ліку элітных прадпрыемстваў Лепельшчыны. Тут фермы будуюць і рэканструююць гаспадарчым спосабам. Вядома, у межах сваіх магчымасцей. Прадпрыемства без крэдытаў банка пакуль што не абыходзіцца, але нарошчаныя аб’ёмы і прадукцыйнасць неўзабаве прынясуць  неблагія дывідэнды. На ферме, дзе працуе шэсць галандскіх робатаў, ад каровы за 11 месяцаў года атрымалі 6400 кілаграмаў малака, за год дойдзе да 7 тысяч. Ёсць на ферме каровы з надоямі 10-12 тысяч малака ў год. Тут і зарплата даяркі годная – 6 мільёнаў. А каровы той жа пароды, як і ў нас – чорна-пярэстай. Але аб такіх надоях ў нашым раёне яшчэ мараць.
З вялікім захапленнем глядзелі члены нашай дэлегацыі за работай робатаў. “Вось у нашу гаспадарку хаця б тры з іх”, – летуценна зазначыў дырэктар ААТ “АграБаравінка” А. І. Мясаедаў. Аднак задавальненне – не з танных: за механізмы гаспадарка аддала ў свой час 11 мільярдаў рублёў. Зараз толькі абаненцкая плата за карыстанне робатамі складае 15 мільёнаў у месяц, а дадаць яшчэ грошы на тое, што зношваецца ў механізме, што трэба мяняць за свой кошт. Робаты вызвалілі, расказвае Б. С. Яфрэмаў,  25 чалавек на ферме. А галоўнае – малако практычна ўсё ідзе на здачу гатункам экстра-класа. Тут зведзены да мінімуму чалавечы фактар.
Уразілі цёплыя і ўтульныя пакоі адпачынку на фермах. Наогул, у раёне такі крэн узяты паўсюль у гаспадарках. У асобным пакойчыку стаіць звычайны бытавы кацёл, які паліцца дрывамі, цяпло па трубах падаецца ў пакой адпачынку. Ні табе дзедаўскіх печак, ні бруду, ні дроў пад нагамі.
Тут жа душавыя кабінкі, а душ прыняць можна і летам, і зімой. У нас жа кабінкі стаяць, але зімой яны – прыкры баласт.  “Раней  не спраўляліся тут рабіць рамонты,  грошай ішло нямерана,  – расказваюць “гіды” з апарата ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. – Сёння без праблем: ні сырасці, ні цвілі. Сайдынг, керамічная плітка, чыста, дагледжана”.
Другая тэма размовы – агароджванне тэрыторыі фермаў. На комплексе ў ААТ “Лепельскі МКК” ёсць свая ахова, тут тэрыторыя агароджана сеткай. Практычна і зручна. Няхай такі варыянт  прымальны не для ўсіх, аднак жа падчас экскурсіі лепяльчане падзяліліся ў гэтым плане сваім вопытам.
У час наведвання ферм звярнулі ўвагу на такую “дэталь”, як ралетныя дзверы – дзверы, якія адчыняюцца рухавіком, і ў памяшканне не пранікаюць ні холад, ні снег. Не трэба, акрамя ўсяго, кожны год шукаць дошкі, брусы, рамантаваць. Праўда, ралет каштуе, напэўна, мільёнаў 25, тым не менш, як кажуць, аўчынка вартая вырабу.
Мала, на думку спецыялістаў з Лепельскага райсельгасхарчу, закласці дастаткова фуражу на зімоўку, трэба пастаянна кантраляваць яго якасць, весці аналізы на біяхімію. І што не менш важна – балансаваць корм  па пратэіну, па іншых кампанентах, карміць жывёлу ў залежнасці ад надояў. У ААТ “Лепельскі МКК” робаты падключаны да адпаведнай камп’ютарнай праграмы, якая сама аналізуе ўвесь тэхналагічны працэс.
Пераходзяць лепяльчане на наземныя (без рыцця глыбокіх траншэй) сянажныя траншэі на 1,5-2 тысячы тон корму, на рэканструкцыю ферм з тым разлікам, каб па праходзе фураж раздаваўся кормазмяшальнікам, а не ўручную, на інтэнсіўную гадоўлю цялятак (на ААТ “Лядна” на дарошчванні прывага за суткі 1030 грамаў), на наданне “другога жыцця” ўсім некалі паўзабытым жывёлагадоўчым памяшканням. Шкада, што па Праграме адраджэння сяла на Шуміліншчыне для таго, каб даць “другое жыццё” фермам, зроблена было крайне мала.  Лепельскі варыянт – падказка шумілінцам: рабі, як мы, або нават рабі лепш за нас. Там узнімаюць нізкія столі, выкарыстоўваючы драўляныя канструкцыі,  па-гаспадарску праведзена, напрыклад, рэканструкцыя фермы ў ААТ “Лядна” –  столь на вышыні пяці-шасці метраў скрозь абшытая дошчачкай, і што не менш важна – гаспадарчым спосабам. У нас нямала закінутых “клюшачнікаў” (у свой час, пры Саюзе, яны былі ў самым хаду), таму нам, як кажуць, і карты ў рукі.
Агледзела шумілінская дэлегацыя так званыя тэнтавыя арачнікі для цялят (у лепельскіх калег некалькі такіх збудаванняў ужо прынялі жывёлу), сістэму ўтрымання маладняку, пазнаёміліся з іншымі, не менш цікавымі навінкамі,   вартымі ўхвалы і пераймання.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №97 ад 07.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *