Профсоюз старается поддержать тружеников полей

Актуалии Общество Экономика

Заахвоціць рублём і добрым словам

Прафсаюзныя арганізацыі сельгаспрадпрыемстваў падчас пасяўной не застаюцца ўбаку – падтрымліваюць сейбітаў і аратых добрым словам. Прафсаюзныя лідары ў адказе за арганізацыю ўмоў, ахову і бяспеку працы.
У сельгаспрадпрыемствах робіцца многае для таго, каб падтрымаць і зацікавіць людзей – у гэтым упэўніліся падчас аб’езду ААТ “Лаўжанскае”, КУСГП “Мішневічы” і “Сіроцінскі” разам са старшынёй Шумілінскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнаўцом.
Не сакрэт, што з сельгасгаспадарчых арганізацый нямногія могуць дазволіць выплату надбавак. Але ж заахвоціць маральна можа кожны. І гэта стварае станоўчы псіхалагічны настрой у калектывах. Так, адзін з механізатараў ААТ “Лаўжанскае”, расказваючы пра сваю работу, шчыра прызнаўся: “Галоўнае для чалавека – ведаць, што пра яго клапоцяцца і паважаюць”.  Ва ўсіх наведаных гаспадарках перад пасяўной кампаніяй праведзены сходы працоўных калектываў, кожнаму механізатару і вадзіцелю ўручылі папку з нормамі і расцэнкамі, вясковыя працаўнікі ведаюць пра даплаты за звышурочную работу або за шкодныя ўмовы працы, пра захаванне Дырэктывы № 1, пра патрабаванні па ахове працы.
Так, у перыяд палявых работ механізатараў павінны забяспечыць гарачым харчаваннем. Так яно і ёсць: у ААТ “Лаўжанскае” працуе ўласная сталоўка, ёсць яна і ў  КУСГП “Мішневічы”, дзе гатуюць абеды не толькі для сваіх працаўнікоў, але і з суседняй гаспадаркі – КУСГП “Сіроцінскі”.
Пасля высвятлення прафсаюзных пытанняў разам з В. В. Юхнаўцом мы накіраваліся на поле за Падмішнеўем, дзе  механізатары КУСГП “Сіроцінскі” Аляксандр Антонаў і Валерый Салодкі сеялі авёс. Пацікавіліся ў сейбітаў пра ўмовы працы, пра падтрымку прафсаюзнай арганізацыі. Механізатары расказалі, што прайшлі інструктаж па ахове  і бяспецы працы, у трактарах ёсць вогнетушыцелі і аптэчкі, на поле падвозяцца гарачыя абеды, а кіраўніцтва гаспадаркі падтрымлівае добрым словам. Стымулююць механізатараў меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання – кожны дзень даве-дзеныя нормы перавыконваюцца амаль у паўтара раза.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
На здымку: Валерый Салодкі.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *