Александр Антонов из «Сиротинского» – один из лидеров посевной

Актуалии Молодёжь Сельское хозяйство

Ёсць на каго раўняцца
Спевы салаўёў і жаўрукоў пераклікаюцца з гулам трактароў на палетках. І ўрочышча,  дзе ў мінулую суботу разгарнулася сяўба яравых зерневых у КУСГП “Сіроцінскі”, мела адпаведную назву – Жаўрукова гара.
Хаця гарой у прамым сэнсе гэтага слова поле наўрад ці назавеш. Шлях ад цэнтральнай дарогі да сярэдзіны поля здаўся карэспандэнту раёнкі занадта доўгім – гумавыя боты умомант абляпіліся глінай. “І на  “гары” буксуем,  вельмі перашкодзілі дажджы, – кажа механізатар Аляксандр Антонаў (на здымку), які рупіцца  на МТЗ-3022 з шасцімятровай сеялкай. – Часам нават энерганасычаны трактар самастойна не ў сілах справіцца – без буксіроўкі аніяк”.
Аляксандр Антонаў –  самы малады сейбіт у КУСГП “Сіроцінскі”. У свае 25 гадоў ён паспеў папрацаваць і з плугамі, і з баронамі. І вось ужо трэцюю вясну сее яравыя зерневыя. І сее нядрэнна – ягонае прозвішча занесена на Дошку гонару, зацверджаную ў раённай газеце. На рахунку Аляксандра Антонава больш за дзвесце гектараў засеяных зерневых. Практычна кожны дзень механізатар перавыконвае даведзены план сяўбы ў два разы. Аляксандру  ёсць на каго раўняцца і з каго браць прыклад: у гаспадарцы ўсё жыццё ру-піцца механізатарам ягоны бацька  Сяргей Мікалаевіч.
“Бацька  да трактара падчапляе плугі, а мне больш даспадобы на пасяўным агрэгаце, – усміхаецца Аляксандр. – Тэхніка працуе спраўна, створаны ўсе ўмовы для працы, на поле два разы на дзень прывозяць гарачае харчаванне. Працаваць стараемся якасна: спачатку поле раўнуецца і ўзрыхляецца дыскатарам, а потым ідуць сеялкі. Але перад гэтым уносяцца адпаведныя ўгнаенні – калій, фосфар і карбамід”.
Сяўба ў КУСГП “Сіроцінскі” ідзе поўным ходам.  Механізатары працуюць з шасці гадзін раніцы да дзесяці вечара, расказаў карэспандэнтам раённай газеты галоўны аграном гаспадаркі У. А. Федаськоў.  У палявых умовах рэгулюецца тэхніка. Пры неабходнасці на поле прыязджае падмога.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №29 ад 15.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *