В чём секрет успеха Виктории Дубко?

Молодёжь Спорт, туризм

Пра захапленні і аэробіку

Абаяльнасць, добразычлівасць, прыстойнасць і прафесіяналізм. Менавіта ў гэтых якасцях і заключаецца сакрэт поспеху інструктара па аэробіцы фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Вікторыі Дубко.
Першае знаёмства з Вікторыяй  адбылося гадоў 12 назад. Менавіта тады ў валейбольнай камандзе дзяўчынак звяртала на сябе ўвагу мініяцюрная распасоўшчыца Віка Дубко. Дзяўчынка паспявала ўсюды, на пляцоўцы поўнасцю выкладвалася.  І ўжо гады праз два была сапраўдным лідарам каманды.
Падкуплівае яе адкрытасць, павага да іншых і максімалізм. “Такі ў мяне характар, – кажа дзяўчына. – Калі ты нешта робіш, ты павінен быць лепшым. І дасягаць гэтага трэба  сваёй працай, сваімі адно-сінамі да людзей. Добра, калі ты людзям робіш добра. Па-іншаму я не ўмею”. І дадае, што не верыць у ідэал, але энергія імкнення да яго дазваляе дасягнуць неверагодных рэчаў.
Зразумела, што любоў да спорту, да валейболу  не прайшлі проста так. Вікторыя закончыла факультэт фізічнага выхавання Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава.
Малады спецыяліст  па размеркаванні вяртаецца ў родны раён. Першае месца работы – дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Амаль адразу  Вікторыя Дубко  набірае групу танцавальнай аэробікі ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Першыя заняткі інструктар праводзіла для дзесяці жадаючых, а праз пару месяцаў амаль сорак жанчын хадзілі на танцавальную аэробіку.
“Падчас вучобы ва ўніверсітэце захапілася аэробікай, – расказвае Вікторыя. – Першыя два гады ў прафесійным плане былі даволі складанымі. Хацелася быць і валейбольным трэнерам, каб мае выхаванцы дасягнулі вяршынь гэтым відзе спорту. Але ж і аэробіка не давала спакою… Вось і прыходзілася “раздвойвацца” паміж валейболам і аэробікай”.
Так працягвацца доўга не магло. І Вікторыя Дубко кардынальна мяняе сваё жыццё: едзе ў Віцебск і  уладкоўваецца на працу інструктарам па аэробіцы
І хаця  дзяўчыну ўсё задавальняла, але яе цягнула ў Шуміліна, тут усё роднае, сваё. “У маім жыцці было шмат цяжкасцяў, – прызнаецца Вікторыя. – Многія ў такіх выпадках здаюцца і знаходзяць вінаватых. А ў мяне проста няма часу на злосць і негатыў. Я гэтага не дапускаю”.  Яна не з тых людзей, якія ідуць да сваёй мэты, зносячы ўсё і ўсіх на сваім шляху. “Я, хутчэй за  ўсё, быццам “Сонік” з камп’ютарнай гульні, які падскоквае і зарабляе балы. А я ж збіраю знакі ад жыцця”, – падсумоўвае дзяўчына.
Пасля адкрыцця ў Шуміліне фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Вікторыя Дубко літаральна акрыяла. Інструктар Вікторыя Дубко вядзе чэрлідынг, аэробіку і пілатэс.  Людзі бачаць яе адкрытасць і прафесіяналізм, таму з асаблівай радасцю спяшаюцца на  заняткі, на якіх інструктар  зробіць усе, каб тыя  адчулі сябе самымі лепшымі і прыгожымі. І гэта, бадай, самае галоўнае, што ёсць у рабоце інструктара.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *