Пад гучны голас апошняга званка

Образование

Пад гучны голас апошняга званка

30 мая ў школах раёна празвінеў апошні званок. Апошнім ён стаў сёлета для 169 вучняў 9 класаў і 111 вучняў 11 класа. На ўрачыстых лінейках ва ўсіх установах адукацыі педагогі і бацькі, прадстаўнікі ўлады і кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў віншавалі выпускнікоў з заканчэннем вучобы, жадалі поспехаў у экзаменах і цэнтралізаваным тэсціраванні, гаварылі пра выбар жыццёвага шляху і прафесіі, выказвалі шчырыя словы самых добрых пажаданняў .
У Мікіціхінскай СШ на ўрачыстую лінейку пад гукі папулярных школьных песень выйшлі 18 вучняў, якія заканчваюць 9 клас, і 8 выпускнікоў 11 класа. Дырэктар школы Вольга Асташонак зачытала загады аб завяршэнні выпускнікамі, адпаведна, другой і трэцяй ступеняў навучання, аб допуску іх да экзаменаў, адкрываючы новы этап іх жыцця.
Да віншаванняў кіраўніка ўстановы адукацыі далучыліся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова, старшыня Лаўжанскага сельскага Савета дэпутатаў Святлана Кійко, бацькі. Выконваючы абавязкі дырэктара ААТ “Лаўжанскае” Васіль Селязнёў да віншаванняў далучыў запрашэнне старшакласнікам папрацаваць у гаспадарцы ў час летніх канікулаў.  Хвалюючыся, збіваючыся ў вершах павіншавалі сваіх старэйшых сяброў першакласнікі. Хваляваліся і самі выпускнікі, калі выказвалі ўдзячнасць настаўнікам, бацькам за іх цярпенне, пастаянную падтрымку, за веды, якія атрымалі ў школе.
А традыцыйны вальс выпускнікі ператварылі ў танцавальны карагод розных музычных рытмаў і стыляў, у якім яны закружылі педагогаў.
Гучны голас званочка, з якім першакласніца Ганна Кіслякова і вучань 11 класа Кірыл Арлоў прайшлі ўздоўж строю вучняў, абвясціў пра заканчэнне навучальнага года.
Большасці вучняў апошні званок абвясціў пра пачатак летняга адпачынку, а вось для выпускнікоў гэтае лета не будзе такім бестурботным. Зараз яны здаюць экзаменацыйныя іспыты. Ужо праз тыдзень пройдуць выпускныя вечары і вучні ператворацца ў абітурыентаў. І гэта будзе зусім іншая гісторыя.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.


Надрукавана ў № 42 ад 02.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *