Птичья фабрика Олега Медикова

Мир увлечений Сельское хозяйство

“Птушыная фабрыка” Алега Медзікава
Алег Мікалаевіч Медзікаў з аграгарадка Слабада вось ужо шосты год займаецца развядзеннем курэй. Ды не звычайных нашых нясушак, а экзатычных, пародзістых. З пышным апярэннем, чырвоныя і пярэстыя, з прыгожымі чубамі на галаве і доўгімі завушніцамі – птушкі адразу звяртаюць на сябе ўвагу.
– Колькі ж іх тут? – не хаваю свайго здзіўлення таму мноству курэй, што паволі ходзяць у некалькіх агаро-джаных загонах.
– Прыкладна каля двухсот, – кажа Алег Мікалаевіч і пачынае расказваць пра сваю гаспадарку. – Усе шэсць парод курэй, што ў мяне ёсць, мяса-яйкавага накірунку. Вось тут знаходзяцца птушкі пароды “арлоўская сітцавая” і “паўлаўская залацістая” рускай селекцыі. Нядаўна набыў яшчэ адну пароду –  “пушкінская”. Кажуць, гэтыя птушкі добра кладуцца. Вельмі падабаецца французкая парода “сусекс”, а таксама чорны і чорна-пярэсты “аўстралорп” з Аўстраліі. Любімых птушак у мяне няма – усе па-свойму прыгожыя. Да таго ж, кураняты і яйкі гэтых прыгожых кур карыстаюцца попытам у Беларусі”.
Не толькі племянныя асобіны экзатычных курэй, але і кураняты вельмі дарагія. Таму А. М. Медзікаў набывае яйкі. За імі ездзіць у Мінск, Брэст, Санкт-Пецярбург і іншыя гарады. Ну, а далей, як кажуць, справа тэхнікі, калі маеш уласны інкубатар.
“Птушыная фабрыка” Алега Медзікава патрабуе пастаяннага догляду, кармлення, прафілактыкі і лячэння. Таму гаспадар складае сабе план работы на паўгода. Каб у хлявах было суха і чыста,  трэба пабяліць сцены ці апрацаваць іх спецыяльным растворам, каб маладняк набіраў моцы, трэба ў камбікорм уласнай вытворчасці не забыцца дадаць прэміксы, а каб куры не хварэлі – купіць ім спецыяльныя вітаміны. Адным словам, клопату шмат.
Алег Мікалаевіч любіць сваю дамашнюю гаспадарку, таму догляд за ёй прыносіць задавальненне. Гаспадар прымае ўдзел у розных выставах птушак. Напрыклад, два гады таму ягоны певень пароды “арлоўскі сітцавы” заняў першае месца на “Славянскім базары”. А мінулагодняй восенню вазіў сваё птушынае царства на выставу “Жылі ў бабусі дзве вясёлых гусі”, якая ладзілася ў Мінску.
Гледзячы на Алега Медзікава, некаторыя суседзі таксама завялі сабе экзатычных курэй. Але па іх колькасці і асартыменце з Алегам Мікалаевічам пакуль ніхто не зраўняўся.
Надрукавана ў № 43 ад 06.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *