Анатолий Якимцев из Сиротино владеет пасекой

Людзі і лёсы Мир увлечений

“Пчол трэба любіць”
Анатоль Фёдаравіч Якімцаў усё жыццё пражыў у горадзе. А калі выйшаў на пенсію, сваім месцам жыхарства абраў Сіроціна – жончыну радзіму. Тут гаспадар перабудаваў стары дом, зрабіў мансарду. Паралельна з будаўніцтвам займаўся сваёй любімай справай – развядзеннем пчол. Займаецца і зараз, у свае восемдзесят гадоў.
У Анатоля Фёдаравіча багатая пасека. І ён не мог ёю не пахваліцца пры нашай сустрэчы.  “Пасека – маё жыццё і захапленне, – кажа гаспадар. – Можа, Бог і дараваў мне жыццё і здароўе, што займаюся любімай справай”. Ідзем на пасеку міма  маладзенькіх яблынь і клумбаў з кветкамі, пасаджаных і дагледжаных гаспадыняй Валянцінай Іванаўнай. На пасецы паўтара дзясятка домікаў. На пасецы Анатоль Фёдаравіч праводзіць шмат часу. Тут і абкасіць трэба, і пчол падкарміць, і апрацаваць домікі ад розных шкоднікаў. А. Ф. Якімцаў лічыць, што зімой пчолы могуць загінуць толькі ў скупога гаспадара. “Не трэба забіраць увесь мёд з рамак, – заўсёды раіць навічкам пчаляр з 30-гадовым стажам. – На цукры, мабыць, пчолы і выжывуць, але ж не будуць такімі моцнымі”. Вядома, натуральны мёд нічым не заменіш.
Праходзім углыб пасекі.  “З гэтага доміка нядаўна вылецеў рой, а з суседняга – на мінулым тыдні, – расказвае Анатоль Фёдаравіч. – Як і любую жывёлу, якую разводзіш, пчол  трэба любіць. І не варта іх баяцца. Тады яны аддзячаць табе залатым ураджаем мёду”.
Калі мы вярталіся з пасекі, адна пчала ўсё ж адчула на сваёй тэрыторыі чужакоў. І з разгону пацэліла прама ў макушку, заблыталася ў валасах. Запякло, як быццам абварылася кіпнем.
“Укусы пчол нават карысныя, – заспакоіў мяне Анатоль Фёдаравіч. – Менавіта пчоламі лечаць радыкуліт і некаторыя іншыя хваробы. А пакуль патрыце зялёным пер’ем цыбулі, палягчэе”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №59 ад 05.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *