Юбилей художника Родионцева

Мир увлечений Общество

Трэцяя радзіма мастака
Мінула пяць гадоў, як пісаў у газету пра М. І. Радзівонцава. Не скажу: пасля таго не раз сустракаў Мікалая Іванавіча ў Шуміліне, у Мікіцісе, дзе ён жыве (лепш сказаць, жыве ён у былой вёсцы Шняўка, якраз за пуцямі, калі ісці ад чыгуначнай станцыі Лоўша), і кожны раз бачыў яго не з пустымі рукамі:  у  ягоным пакеце ляжалі свежыя  карціны.
М. І. Радзівонцаў – мастак. Прычым са стажам, які бярэ пачатак з дзіцячых гадоў. Праўда, тады, вучнёўскай  парой, малюнкі былі простыя, можа, наіўныя,  аднак хлопчык дасылаў некаторыя з іх у “Пионерскую правду” на конкурсы і  нават перамагаў.
– Гэта было  так даўно! – смяецца Мікалай Іванавіч. – Між тым першыя свае творчыя крокі  ўспамінаю з   удзячнасцю. Усё-такі адтуль у мяне з’явілася любоў да справы, да якой прыкіпеў на ўсё жыццё…
– Колькі ж карцін вы напісалі?
– Не лічыў. Магчыма, тысячы паўтары, калі не больш. Практычна ўсе яны ў прыватных калекцыях.
І не мастак ён наогул па прафесіі – ён аддаў нямала гадоў радыёзаводу ў Гомелі, куды пераехалі бацькі на сталае жыццё з суседняй Браншчыны. І жылі б там, калі б не аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Перабраліся на Шуміліншчыну, на трэцюю сваю радзіму, купіўшы сабе домік побач з вёскай Мікіціха. Тут, на могілках, пахаваны ўжо ягоныя і маці, і бацька, тут жыве ягоная сястра…
Сядзім у ягонай хаце, што наводшыбе. Гаспадар расказвае, як зімой ледзь не пад вокнамі ў яго бегаюць казулі, не прамінае ўспомніць тую залатую пару, калі адкрываў работу “Славянскі базар у Віцебску” і ён як мастак мог завезці туды свае карціны для продажу. Была і раней такая ж пара рэнесансу для яго, калі мог, працуючы старшым майстрам на радыёзаводзе і прыязджаючы на сваіх “Жыгулях” у Маскву ў камандзіроўкі, прадаць карціну-другую на Арбаце ці ў Ізмайлаўскім парку.
Усё гэта было,  многае з той пары Мікалай Іванавіч згадвае з цеплынёй.  Займаецца жывапісам і зараз. У хаце (а калі па сутнасці, то ў ягонай майстэрні) – не, не бязладдзе, проста рабочы парадак. Вось побач з жаралом печы, на табурэце, прыціснутая грузіламі, ляжыць свежая рамка для новай карціны, на канапе – некалькі новых пейзажных работ мастака, на стале пэндзлі, фарбы, растваральнікі, клей, на падлозе нажоўка…
Калі няма натхнення, М. І. Радзівонцаў чытае. Ён любіць чытаць рускую класіку, і не толькі. Ён нясе з печы, дзе, напэўна, прыгрэты цяплом, і чытае, гістарычныя раманы, кнігі Віктара Някрасава, Аляксея Талстога, Валянціна Распуціна…
М. І. Радзівонцаў юбіляр,  яму 60. Ён аформіў пенсію, і зараз не трэба яму перабівацца выпадковымі заработкамі: усё-такі будзе гарантаваны “пенсіён”. Няхай жа станецца ў жыцці так, каб радаваў мастак не адзін год яшчэ сваіх паклоннікаў і знатакоў жывапісу новымі  творамі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №27 за 05.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *