С проблемами и претензиями к жизни. Репортажи с заседания надзорной комиссии и совета общественного пункта охраны правопорядка.

Общество

З праблемамі і прэтэнзіямі да жыцця
На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне назіральнай камісіі пры райвыканкаме, якое правёў старшыня камісіі А. М. Зайцаў.
Мэта назіральнай камісіі – дапамагчы тым, хто калісьці знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі, хто і зараз выконвае выпраўленчыя работы. Іншымі словамі, дапамагчы знайсці работу і жыць у згодзе з сумленнем.
Аднаму хлопцу прызначана пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ. Працаўладкавацца па месцы жыхарства не змог: ва ўсіх арганізацыях адмаўляюць, бо нікому не патрэбны работнік, які дзень-два працуе, а ты-дзень прагульвае…
50-гадовы мужчына вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі месяц таму. Прыехаў у Шуміліна, а тут ні жылля, ні работы. Калісьці частку свайго дома адпісаў дзецям, а другая належыць былой жонцы. Судзіцца з ёй не хоча, лічыць, што гэта не па-мужчынску. Часова прытуліў сябар, але ж не жыць у яго ўвесь час. Няцяжка было працаўладкаваць мужчыну, які амаль два дзесяткі гадоў адпрацаваў токарам. Такая прафесія запатрабаваная ў кожным калгасе. Там і работу дадуць, і жыллё.
Больш цяжка знайсці работу тым, у каго за плячыма ўсяго базавая адукацыя і ніякай прафесіі. Але менавіта ў такіх людзей вялікія прэтэнзіі да жыцця: і работу яны хочуць высокааплачваемую, і жыллё бясплатнае. А самі, як кажуць, палец аб палец… Яны ўсе скардзяцца: каб прайсці медкамісію, “няма грошай”, на прадпрыемства іх “не бяруць”. І заўсёды вінавацяць кагосьці, толькі не сябе.
Жанчына, што прыйшла на прыём апошняй, зусім здзівіла. Яна  даказвала, што ёй проста кроў з носа трэба працаваць на Шуміліншчыне, бо ў адной з вёсак жыве састарэлая маці. Але, як высветлілі ў міліцыі, жанчына проста ўцякла з Лёзненскага раёна і была абавязанай асобай. Яе пазбавілі бацькоўскіх правоў у адносінах да… семярых дзяцей. Маці-зязюлі парэкамендавалі зноў вярнуцца ў свой раён, пакуль на яе не ўзбудзілі крымінальную справу.
Людміла ЗУЙКОВА.
“Я больш не буду”
На пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, якое адбылося на мінулым тыдні, з’явілася шэсць чалавек. Гэта толькі палова з тых, каго выклікалі. Астатніх, хто не прыбыў сюды па павестцы, міліцыянеры ў наступны раз прывядуць пад прымусам.
Адзін мужчына, што баязліва зайшоў у кабінет, – абавязаная асоба. Ён аказаў супраціўленне супрацоўнікам РАУС, адмовіўся прайсці ў службовы аўтамабіль для дастаўкі на медыцынскі агляд. За гэта і атрымаў 750 тысяч рублёў штрафу. Але над сваімі паводзінамі не задумаўся. Кожны месяц мае па 2-3 прагулы. Запазычанасць перад дзяржавай, якая даглядае ягоных дзяцей, – больш за мільён рублёў. Мужчыну вельмі здзівіла гэтая лічба, ён і не падазраваў пра такі доўг. Мала думаў і пра дзяцей, якія чатыры месяцы ўжо ў Обальскім прытулку. Далейшы іх лёс будзе залежыць ад таго, пазбавяць мужчыну бацькоўскіх правоў ці не. Першы крок да перамогі над “зеллем” зроблены: мужчына зака-дзіраваўся. Сцвярджае, што “цяпер надоўга”.
Напэўна, прайсці адпаведнае лячэнне пажадана і маладому чалавеку, які ў свае дваццаць з лішкам гадоў нецвярозым некалькі разоў трапляў на вочы міліцыянерам. Апошні раз за такую “п’яную прагулку” па вуліцах райцэнтра атрымаў чацвёра сутак арышту. На рабоце таксама не пагладзілі па галоўцы – пазбавілі прэміяльных, добра, што не звольнілі. Тое ж аб’ядноўвала і ўсіх астатніх мужчын, што адзін за адным заходзілі ў кабінет: злоўжыванне спіртнымі напіткамі. Калі б не дэбашырылі ў сям’і, калі б не ўчынялі скандалы, стрымлівалі б сваю рэўнасць, калі б не прыходзілі з работы п’янымі і ўвогуле не стаялі б на ўліку ва ўрача-нарколага… Спіс гэтых “калі б” вялікі, таму савет грамадскага пункту аховы правапарадку ставіў на мэце дапамагчы сваім “кліентам”, параіць, папярэдзіць. Для некаторых сам факт прыйсці сюды ці апынуцца ў міліцыі быў урокам. Як, напрыклад, для аднаго з пажылых мужчын, які, бы той школьнік, некалькі разоў паўтараў: “Я больш не буду”. Аднак маладыя людзі (і гэта здзівіла асабліва) вялі сябе па-геройску.
Ці дайшло, ці закранула за жывое тых, хто пераступіў парог грамадскага пункта?
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №46 ад 21.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *