Что делает для себя и соседей Арсений Волков

Общество


Часцей на старонкі газеты трапляюць прыватныя гаспадары, чыімі стараннымі рукамі ля дома зроблены ідэальны парадак. Але ж у шматпавярховых дамах таксама жыве нямала шчырых рупліўцаў.  Арсеній Барысавіч Волкаў (на здымку) з райцэнтра менавіта з такіх. У двары  трохпавярховага дома № 35 па вуліцы Сіпко, дзе ён жыве – чысціня і парадак зімой і летам. Выпаў снег па калена – Арсеній Барысавіч ужо  з раніцы працуе з шухляй у руках. Кінулася ў рост трава – ён не чакае, пакуль прыйдуць рабочыя з камунгасу,  сам бярэ ў рукі касу і наводзіць парадак на газоне. Умела спраўляецца  і з рыдлёўкай, і з віламі, і з граблямі.
“Наш Арсеній Барысавіч  усё жыццё адпрацаваў у меліярацыі, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але без справы не можа ўсядзець – прымяняе свае веды на нашым агульным двары, – кажа старэйшая дома № 35 Таццяна Карніловіч. – Увогуле Арсеній  Барысавіч чалавек безадказны. Да яго звяртаюцца суседзі, калі трэба дапамагчы ўскапаць клумбу ці, скажам, нешта пераставіць, вынесці, прыбіць – ён ніколі не адмаўляе.
Парадак у нашым двары таксама наводзяць Ларыса Ганчарова, Святлана Уласава, Ганна і Арцём Сцепаненкі. Яны не лічацца ні з часам, ні з сіламі, ні з уласнымі грашыма, за якія набываюць насенне кветак. Дзякуючы гэтым людзям ля кожнага з чатырох пад’ездаў нашай шматпавярхоўкі вясной, летам і восенню буяюць кветкі. Яны разам распрацавалі клумбы нават там, дзе раней былі градкі”.
Прыклад працавітасці з людзей шаноўнага ўзросту бяруць і маладыя. Напрыклад, Генадзь Зуеў разам з жонкай Святланай нядаўна зрабілі арку для кветак. А калі на выхадныя прыехаў сын-студэнт Стас, узяўся за пэндзаль і пафарбаваў арку і лавачку.  Наперадзе ў жыхароў дома № 35 шмат планаў. На днях мяркуюць высадзіць расаду кветак у вазоны, каб засланіць імі цеплавы калодзеж, што псуе выгляд двара.
Прыемна, што ёсць людзі, якія наводзяць прыгажосць і парадак вакол сябе, а не чакаюць, што гэта зробіць нехта за іх.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 44 ад 09.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *