Василий Кириллов в лесу хозяин

Общество

Зрабіў сваю справу, дапамог калегам

Тры разы выязджаў летась і сёлета Васіль Кірылаў, вальшчык лесу шостага разраду Казьянскага лясніцтва, у далёкую камандзіроўку – дапамагаць чэрвеньскім лесаводам прыводзіць у парадак лес, што пацярпеў ад прыроднай стыхіі.

Працаваў старанна, ад душы, між іншым, як заўсёды, як прывык. За руплівую і бездакорную працу ў Чэрвеньскім лясніцтве, калі прыходзілася не толькі працаваць у лесе, але і нават гатаваць для ўсёй брыгады ежу, Васіль Дзмітрыевіч атрымаў шаноўную ўзнагароду – Ганаровую грамату Міністэрства лясной гаспадаркі і грашовую прэмію.
А наогул В. Д. Кірылаў у лясной гаспадарцы працуе амаль 18 год. У свой час быў і лесніком, і вальшчыкам, і брыгадзірам, ведае да драбніц усе нюансы работы ў лесе. І на кожным участку вылучаюць яго пастаянства і адданасць прафесіі, абавязковасць, сур’ёзны падыход да даручанай справы. Хаця ў рабоце часта дапамагае гумар, заўважае ляснік. Зараз у яго падначаленні брыгада з васьмі чалавек, усе задзейнічаны на прахадной рубцы квартала 71 у раёне вёскі Старыновічы. Радуе брыгадзіра, што леснікі забяспечаны вялікім аб’ёмам работ, што няма праблем з  транспартам, гаручым, спецадзеннем і тэхнікай. Піла “Штыль” працуе без збояў. А гэта галоўнае, гэта залог добрай стабільнай зарплаты. Пры такім раскладзе назойлівыя камары летам і снег з завірухай зімой – не бяда, а ўсяго толькі часовыя дробныя нязручнасці.
Васіль Кірылаў не толькі на рабоце такі надзейны, адказны і дысцыплінаваны працаўнік, ён і дома сапраўдны гаспадар, трымае з жонкай карову, курэй, іншую жыўнасць. Любіць, калі ў госці з райцэнтра прыязджаюць дочкі Вераніка і Марына, унучкі. Хаця кожны раз пасля выхадных з задавальненнем ідзе на работу, у лес, без якога ён не ўяўляе свайго жыцця.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №47 ад 20.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *