На парадку дня – касавіца

Актуалии Президент Экономика

На парадку дня – касавіца

Работа ў гаспадарках раёна па корманарыхтоўцы, навядзенне парадку на фермах і ў мехмайстэрнях – вось тыя важныя пытанні, якія былі вынесены на разгляд выязной калегіі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, якая прайшла на мінулым тыдні. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве браў старшыня райвыканкама А. І. Снараў.
Удзельнікі калегіі (спецыялісты райсельгасхарчу, аграномы, заатэхнікі, ветурачы і дырэктары сельгаспрадпрыемстваў, старшыні сельвыканкамаў) наведалі аб’екты УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, КУСГП “Ульскі” і ААТ “Ляжні”. Абмяркоўвалася самае важнае на сённяшні дзень пытанне для сельгаспрадпрыемстваў – касавіца.
Усяго ў раёне першым укосам трэба скасіць 11567 гектараў травы, нарыхтаваць 89 тысяч тон сенажу.  У дзень правядзення калегіі – 16 чэрвеня – было скошана 7,8% да плана (на гэту ж дату ў мінулым годзе было скошана 47%). Сёлета ўмовы надвор’я для росту травы былі неспрыяльнымі, гэта і з’яўляецца прычынай адставання на 10-15 дзён. Таму ўбіраць травы трэба хуткімі тэмпамі, каб не ўвайсці з касавіцай ў жніво.
Першымі да касавіцы прыступілі ў “Ульскім”, “АграБаравінцы”, “Прыазёрным міры” і “Лаўжанскім”.  Спецыялісты райсельгасхарчу адзначылі неарганізаваную падрыхтоўку да касьбы траў у “Сіроцінскім”, “Ляжнях” і “Прыдзвінскім”. Галоўны ветурач раёна І. У. Галуза адзначыў, што лепш за ўсіх сянажныя траншэі падрыхтавалі ў “Прыазёрным міры”, “Прыдзвінскім”, “Мішневічах” і “АграБаравінцы”.
Як ідзе корманарыхтоўка, на свае вочы ўпэўніліся на палетках “Шумілінскага райаграсэрвісу”. Ля фермы ў Светласельскім работа вялася ў комплексе – на адным полі працавалі касілкі і граблі. На наступны дзень падвяленую масу збіраліся класці ў сянажную траншэю.
Прыклад добрай арганізацыі работы па корманарыхтоўцы – КУСГП “Ульскі”. Удзельнікі калегіі ўпэўніліся на свае вочы, як ідзе закладка сянажнай траншэі ў Кардоне, як трамбуецца правяленая маса, дадаюцца кансерванты. На сянажнай траншэі арганізавана кругласутачнае дзяжурства спецыялістаў, якія сочаць за вільготнасцю сенажу і за тэмпературай масы. Да сянажнай траншэі зроблены добрыя пад’езды.
Другая частка нарады была прысвечана жывёлагадоўчым пытанням і навядзенню парадку на фермах. Старшыня райвыканкама крытыкаваў “Сіроцінскі” і “Мішневічы” за выбыццё жывёлы і нізкую цану рэалізацыі.   Былі адзначаны і станоўчыя моманты: парадак у цялятніку Кардон КУСГП “Ульскі”, на фермах Ляжні-2 і Ляжні-3 ААТ “Ляжні”, дзе пабывалі ўдзельнікі калегіі.
Ёсць станоўчыя зрухі і па надоях. Напрыклад, ААТ “Ляжні” доіць да ўзроўню мінулага года 102% малака. У гаспадарцы арганізавана работа так, што няма запазычанасці па зарплаце. Больш таго, у гаспадарцы разумна выкарыстоўваюцца малочныя грошы, за якія нядаўна купілі новы КВК-800.
Вынікі нарады падвёў кіраўнік раёна. Аляксандр Іванавіч заклікаў кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў не марудзіць з касавіцай, прыкласці ўсе намаганні, каб яна прайшла ў тэмпе і без збояў. Разам з тым падкрэсліў, што нельга ўпускаць і падрыхтоўку ферм да зімы, і навядзенне парадку на мехдварах – потым за адзін дзень усё не схопіш.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №47 ад 20.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *