Лаўжанскі сельсавет: штрыхі да партрэта

Актуалии Край шумілінскі

Лаўжанскі сельсавет: штрыхі да партрэта

Крыху лічбаў
Па плошчы Лаўжанскі сельсавет у раёне адзін з самых вялікіх – 22850 гектараў.  У трыццаці трох вёсках сельсавета пражываюць 1837 чалавек, у тым ліку 1045 – працаздольнага ўзросту, 188 школьнікаў і 110 дзяцей дашкольнага ўзросту. Самыя вялікія населеныя пункты – Мікіціха, Добрына і Пабеда. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 829 двароў.

“Добра, што людзі ідуць да мясцовай улады”
Дваццаць гадоў Лаўжанскі сельсавет узначальвае Святлана Паўлаўна Кійко – вопытны кіраўнік, які ў 2009 годзе быў удастоены ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Мы гутарым  са старшынёй сельвыканкама пра жыццё на тэрыторыі сельсавета, пра праблемы і поспехі вяскоўцаў.
– Важным паказчыкам дзейнасці сельвыканкама з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян. Як часта і па якіх пытаннях звяртаюцца да вас землякі?
–  Пытанні ўзнікаюць практычна кожны дзень. І гэта добра, што людзі адразу ідуць са сваімі праблемамі да мясцовай улады. Многія пытанні ўдаецца вырашыць, як кажуць, па гарачых слядах. Напрыклад, гэта звароты па вулічным асвятленні, па рамонце водаправоду і дарог. Так, станоўча вырашылася пытанне са зборам малака з прыватных падворкаў: зараз у нас працуе індывідуальны прадпрымальнік з Мікалаева. З дапамогай УП ЖКГ зрабілі ямкавы рамонт дарогі на Спаскае. Многім сем’ям дапамаглі атрымаць адрасную дапамогу.
– Ці ўдаецца апраўдаць спадзяванні людзей?
–  Вядома. За час работы на пасадзе старшыні добра вывучыла землякоў і ведаю, на што здатны кожны з іх. Таму па многіх праблемах стараюся працаваць на апярэджанне. Часам даводзіцца выступаць у ролі міратворцы ў канфліктах з суседзямі, якія, скажам, не могуць падзяліць межы сваіх сядзібаў. У такіх выпадках стараюся прытрымлівацца наступнага прынцыпу: не спяшацца станавіцца на чыйсьці бок, разабрацца з дапамогай заканадаўчых актаў, быць непрадузятай і ў першую чаргу  заклікаць людзей да ўзаемаразумення і прымірэння.
– Якім чынам вырашаць  праблемы жыццядзейнасці дапамагаюць старэйшыны вёсак?
–  Старэйшыны (іх усяго 17) – мае першыя памочнікі. За добрую работу можна пахваліць іх усіх. Напрыклад, Галіна Гатоўкіна з Мазурына  хадайнічала аб уладкаванні адзінокіх састарэлых на сацыяльныя ложкі, Наталля Волкава з Добрына дапамагае збіраць падаткі на зямлю і нерухомасць, Валерый Грузневіч з Пабеды – ініцыятар навядзення парадку на грамадзянскіх могілках, з дапамогай Пятра Храпавіцкага з Будобалі зрабілі добры падыход да прыпыначнага пункта Пушча.
–  Прывабнасць і ўтульнасць жыцця залежыць ад парадку ў населеных пунктах. Што робіцца ў гэтым накірунку?
–  Наш сельсавет адметны тым, што неаднаразова з’яўляўся пераможцам па навядзенні парадку: у 2004 годзе мы атрымалі дыплом першай ступені ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшы санітарны стан населеных пунктаў, у 2009 годзе з’явіліся пераможцамі рэспубліканскага агляду-конкурсу. Стараемся трымаць марку і зараз. Сёлета правялі касметычны рамонт усіх воінскіх пахаванняў, зрэзалі больш за сто аварыйных дрэў на грамадзянскіх могілках, адрамантавалі ўчастак дарогі на вуліцы Ласкунова ў Мікіцісе, зрабілі рэканструкцыю цеплавых сетак, па вуліцы Шасейнай пасадзілі новы парк, ля паштовага аддзялення і мясцовага Цэнтра культуры з’явілася жывая агароджа. Зараз вядзём абкос абочын у вёсках, а таксама актыўную барацьбу з баршчэўнікам.
–  Праблема з адсутнасцю моладзі вельмі характэрная для сельскай мясцовасці. А як ідуць справы з моладдзю ў Лаўжанскім сельсавеце? Якія складваюцца тэндэнцыі ў дэмаграфічнай сітуацыі?
– На нашай тэрыторыі пражывае каля паўсотні маладых сем’яў – не кожны сельсавет можа пахваліцца такім багаццем. Прычым, пераважная колькасць з іх жыве ў аграгарадку Мікіціха. Людзі трымаюцца жылля, якое прадастаўляецца работнікам ААТ “Лаўжанскае”. Маладыя сем’і жывуць і ў кватэрах з усімі зручнасцямі, і ў дамах сядзібнага тыпу. Думаю, моладзі будзе і яшчэ больш, калі адкрыюцца новыя працоўныя месцы. Маем спадзяванні на аўтазаправачную станцыю ў Мікіцісе, будаўніцтва якой плануецца распачаць ужо сёлета.
Што тычыцца дэмаграфічнай сітуацыі, то яна не вельмі радуе: летась, напрыклад, нарадзіліся 24 дзіцяці, але памерлых было зарэгістравана на 10 больш. У гэтым годзе пакуль двое нованароджаных, прычым абодва – гэта чацвёртае дзіця ў сем’ях.

Слова – дэпутатам сельскага савета
Ларыса Ціханенка, дэпутат па Сонечнай выбарчай акрузе № 12:
– Галоўнае, што апошні час хвалявала людзей – гэта адсутнасць пастаяннага фельчара на Добрынскім ФАПе. Звярталіся ва ўсе інстанцыі, білі трывогу. Зараз праблема вырашылася: на ФАПе ёсць пастаянны фельчар, які працуе кожны дзень. Жыхары Добрына, Залужжа і Юрава задаволены.
Наталля Сокалава, дэпутат па Дальняй выбарчай акрузе № 2:
– Праведзеная газіфікацыя ў Мікіцісе – вось тое станоўчае, чым можа пахваліцца наш аграгарадок. А яшчэ нядаўна адрамантавалі дарогу паміж вуліцамі Дальняя і Дружба.
Людміла Лявонава, дэпутат па Пабедскай акрузе № 8:
– Людзі звярталіся са скаргамі наконт работы мясцовага магазіна, у якім не ставала неабходных прадуктаў. Разам са старшынёй сельвыканкама разбіраліся з праблемай, зараз нараканняў няма.
Алена Жыжова, дэпутат па Мазурынскай выбарчай акрузе № 7:
–  Па просьбах мясцовых жыхароў зроблены пад’езды да грамадскіх могілак у вёсках Спаскае і Маргі, спілаваны аварыйныя дрэвы.  Людзі вельмі задаволены, што ля могілак у Цаўях паставілі агароджу.
Жанна Волкава, дэпутат па Слабадской выбарчай акрузе № 9:
– На маёй выбарчай акрузе маленькія вёскі – Залессе, Марынкіна, Слабада. Тут жывуць у асноўным пенсіянеры, якія зусім непатрабавальныя да розных даброт. Узнікаюць толькі дробныя пытанні: зімой не расчышчана дарога, перагарэў ліхтар на слупе, трэба спілаваць аварыйнае дрэва. Гэтыя пытанні вырашаюцца ў рабочым парадку.

З перспектывай развіцця


Самае вялікае сельгаспрадпрыемства на тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета – гэта ААТ “Лаўжанскае”, дзе працуе 230 чалавек.  Да таго ж, гэта адзінае прадпрыемства на тэрыторыі раёна, якое ўваходзіць у інтэграцыйную структуру Віцебскага мясакамбіната. І гаспадарка адчувае плюсы гэтага аб’яднання, істотную падтрымку галаўнога прадпрыемства. Так, людзям пачалі своечасова выплачваць заработную плату. Акрамя таго, у гэтым годзе “Лаўжанскі” пабагацеў на новыя трактары, граблі, раскідвальнікі мінеральных угнаенняў, корманарыхтоўчую тэхніку.  Падчас пасяўной не было праблем з палівам і мінеральнымі ўгнаеннямі. Перад корманарыхтоўкай Віцебскі мясакамбінат выдзеліў “Лаўжанскаму” 87 тысяч рублёў на запчасткі.
Кіраўніцтва “Лаўжанскага” не любіць хваліцца здабыткамі. Але яны ёсць: сярэднясутачныя прывагі на жывёлагадоўчым комплексе – 134% у параўнанні з 2016 годам, вытворчасць малака складае 135% да паказчыка мінулага года. Самая лепшая ферма – Рашэтнікі (на здымку), дзе надой на адну карову за студзень-май склаў 1794 кг (плюс 376 кг да ўзроўню мінулага года).
“Праблемы падкідвае жыццё”
У работнікаў падраздзялення “Лаўжанскае” работы ўволю круглы год: водазабеспячэнне і каналізацыя, рамонт дарог і навядзенне парадку на грамадзянскіх могілках, абслугоўванне свідравін і калодзежаў, а ў зімовы час – ацяпленне дамоў у Мікіцісе і Добрыне.  “Зараз займаемся падрыхтоўкай да новага ацяпляльнага сезону і рамонтам жылля, – расказала начальнік падраздзялення С. Л. Блізнец. – Давялі да ладу дахі шматпавярховак на вуліцах Ласкунова і Юбілейная ў Мікіцісе, зараз рамантуем міжпанэльныя швы. Ну, будзённыя работы нікуды не дзеліся – абкошваем абочыны дарог у вёсках, рамантуем калонкі і водаправоды”.

Цэнтр культуры і вольнага часу


2009 год стаў знакавым для культурнага жыцця аграгарадка Мікіціха – адкрыўся Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і адпачынку, узначаліла ўстанову Ефрасіння Паліцан.  “На сённяшні дзень у нас працуюць 7 гурткоў для дзяцей і 3 – для дарослых. Імкнёмся адрадзіць і папулярызаваць  народныя танцы. На “ўра” ўспрымаюць гледачы “кадрылю”, “лысы”, “на рэчаньку” і інш.,– расказвае дырэктар. – Наша задача – уключыць у культурнае жыццё аграгарадка ўсё насельніцтва”.
Адной з візітных картак цэнтра культуры можна з упэўненасцю назваць народны сямейны ансамбль “Забава” (кіраўнік Валянціна Каваленка, хармайстар Сняжана Усава),  які быў створаны ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Лаўрэат шматлікіх конкурсаў і фестываляў, пастаянны ўдзельнік фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” – гэты калектыў добра вядомы як ў Беларусі, так і за яе межамі.
У старэйшага пакалення карыстаецца папулярнасцю клуб ветэранаў. На абласным аглядзе-конкурсе ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны” ў намінацыі  “Харэаграфія” лаўжанскім артыстам прысудзілі першае месца.
Паспяхова працуюць танцавальны калектыў пад кіраўніцтвам Ілоны Карнілавай і мастацкая студыя (кіраўнік Аляксей Гласковіч). Іх нумары  гучалі з канцэртных пляцовак як раёна, так і вобласці.
Пры Лаўжанскім сельскім цэнтры культуры і адпачынку працуюць аддзяленні  Школы мастацтваў і Дома рамёстваў.

Накірунак – на этнаграфію


Пад дахам цэнтра культуры працуе і бібліятэка. Людзі чытаюць, бяруць часопісы і газеты, класіку і дэтэктывы, кажа загадчыца Лаўжанскай сельскай бібліятэкі Юлія Удавенка. Яна пахвалілася багатым кніжным фондам у 11 тысяч экземпляраў, якім карыстаюцца 710 чытачоў з 17 населеных пунктаў. У бібліятэцы створаны цэнтр прававой інфармацыі, у якім пазнаёміцца з заканадаўчымі актамі (у электронным выглядзе) можа кожны жадаючы. Акрамя таго, бібліятэка з’яўляецца цэнтрам этнаграфіі і фальклору. Людзі прыходзяць сюды не толькі за кнігамі, але і на экскурсію ў этнаграфічны музей. Зараз тут арганізавана выстава “Скарбы роднай зямлі”, можна пабачыць выставу гармонікаў ветэрана вайны Л. Я. Карпава, а таксама старажытныя рэчы побыту землякоў, зборам якіх займаецца бібліятэкар і кіраўнік аматарскага аб’яднання “Купалінка” Наталля Казлоўская.

“Галоўнае, што бацькі нам давяраюць”
Мікіціхінская сярэдняя школа – самая буйная сярод сельскіх школ раёна, у наступным  вучэбным годзе тут будзе вучыцца 141 чалавек. У школе працуюць 23 настаўнікі, з якіх пяць маюць вышэйшую катэгорыю, 14 – першую.
“Галоўнае, што бацькі нам давяраюць, – расказвае дырэктар школы В. М. Асташонак. – За апошні час практычна ніхто з нашых вучняў не перайшоў у іншую школу. Школа дае дастаткова ведаў для паступлення ў ВНУ. Так, напрыклад, сёлета з васьмі выпускнікоў пяцёра будуць спрабаваць паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Многія нашы выпускнікі зараз працуюць на кіруючых пасадах, так, Павел Манак – дырэктар Обальскага керамічнага завода, Андрэй Мазанкоў – намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Мінулым летам у райбальніцы пачалі працаваць маладыя ўрачы Алеся Панькова і Марыя Муцюк, нашы выпускніцы. І гэты спіс можна працягваць”. Дырэктар школы зазначыла, што ўстанова працуе па праекце “Работа са здольнымі вучнямі”, і гэта прыносіць свой плён.
Вучні школы пастаянна вяртаюцца з раённых мерапрыемстваў з дыпломамі, юныя мікіціхінскія спартсмены выйгралі спартакіяду школьнікаў сярод сельскіх школ. У мінулым вучэбным годзе вучаніца 8 класа Яўгенія Рыснік (на здымку) у абласным конкурсе навуковых праектаў “Першы крок у навуку” атрымала першае месца, падрыхтавала дзяўчыну настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н. І.  Муцюк.

40 цягнікоў за суткі
На чыгуначнай станцыі Лоўша робяць прыпынкі пяць цягнікоў рэгіянальных ліній эканом класа на Полацк і столькі ж цягнікоў на Віцебск. Свой сённяшні выгляд станцыя набыла ў 2012 годзе, калі была зроблена поўная рэканструкцыя будынка вакзала. Як адзначыў начальнік станцыі Лоўша Леанід Зубрыцкі, штодзень карыстаюцца чыгункай каля 60 пасажыраў, а ў нядзелю – больш за 120 чалавек.
*  *  *
Чыгуначны шлях ад Добрына да Мікіціхі абслугоўвае брыгада з шасці чалавек Полацкай дыстанцыі пуці. Як расказаў дарожны майстар Я. В. Дышко, па чыгунцы за суткі праходзіць сорак цягнікоў. Брыгада Полацкай дыстанцыі пуці адказвае за бяспеку на чыгунцы, своечасова рамантуе рэйкі і шпалы.

Мабільныя паслугі – пошта на колах
Трэці год выязной поштай абслугоўваюцца вяскоўцы Пабеды і Добрына. Штодзённа ў гэтыя вёскі прыязджае “пошта на колах”. Людзі могуць падпісацца на перыядычныя выданні,  набыць прадукты харчавання, таксама супрацоўнікі пошты прымаюць папярэднія заказы на тавары. За гадзіну прыпынку ў вёсках абслугоўваецца 10-15 чалавек.

Брынза з Добрына
Чатыры гады таму ў Добрыне пачалі вырабляць сыры гатунку “асецінская брынза”. Памяшканне былой калгаснай сталоўкі арандуе індывідуальны прадпрымальнік з Мінска Т. І. Лохаў. Дзякуючы яму ў Добрыне адкрыліся два рабочыя месцы. Сыр з Добрына па 100-120 кілаграмаў кожны тыдзень пастаўляецца ў мінскія кафэ і рэстараны, расказаў мясцовы сырароб Анатоль Кавалеўскі.

Два храмы і святая крынічка


На тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета два храмы – у Пабедзе і Мікіцісе.
Храм Успення Прасвятой Багародзіцы (на здымку) пабудаваны ў 1905 годзе – гордасць не толькі вернікаў з Пабеды і навакольных вёсак, але і ўсяго раёна. Гэты помнік архітэктуры неарускага стылю год таму быў аднесены да трэцяй катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Над аднаўленнем храма працавалі ўсе яго свяшчэннікі. Стараецца і сённяшні – Аляксандр Фурсаў, адзначаюць мясцовыя жыхары.
Храм Мікіты Наўгародскага ў Мікіцісе быў асвечаны год таму, і зараз мясцовым вернікам не трэба дабірацца да Пабеды. На вялікія праваслаўныя святы тут збіраецца больш за  паўсотню чалавек, адзначае настаяцель Уладзімір Пучынскі.
Яшчэ адна славутасць лаўжанскай зямлі – крынічка ў Пабедзе, якая знаходзіцца на месцы былой каплічкі іконы Казанскай Божай маці. На крынічку ўстанавілі новыя кольцы, зрабілі накрыўку і крыж. Сюды прыязджаюць і мясцовыя жыхары, і госці раёна за святой вадой.

На прыём – да ўрача


Аграгарадку Мікіціха пашанцавала на ўрачэбную амбулаторыю. Сюды можна прыйсці не толькі на прыём да ўрача агульнай практыкі Арцёма Кулецкага, але і здаць неабходныя аналізы, наведаць кабінет акушэра і стаматолага, пралячыцца на дзённым стацыянары, зрабіць ЭКГ і некаторыя фізіяпрацэдуры. У канцы жніўня амбулаторыя чакае маладых спецыялістаў – фельчара і акушэра. Тады медыцынская ўстанова будзе поўнасцю ўкамплектавана кадрамі. Можа, з часам пабагацее і на ўласную машыну, каб ездзіць на выклікі ў аддаленыя вёскі.

Напаследак
Лаўжанскі сельсавет мае вельмі зручнае размяшчэнне. Побач – дарогі рэспубліканскага значэння Р-20 і Р-114, а таксама чыгуначная станцыя Лоўша ў Мікіцісе і чыгуначны прыпынак у Добрыне. Таму гэтаму рэгіёну аддаюць перавагу маладыя сем’і, ён ідэальна падыходзіць для развіцця прыдарожнага сэрвісу. У аграгарадку Мікіціха, які з’яўляецца цэнтральнай сядзібай ААТ “Лаўжанскае”, добра развіта інфраструктура. Гэта адзіны аграгарадок у раёне,  які налічвае больш за тысячу чалавек. У Мікіцісе няма ніводнай свабоднай кватэры ці дома. Калі з’яўляюцца – жадаючых атрымаць тут жыллё дастаткова.
Дзякуй усім мясцовым жыхарам, якія расказалі нам пра адметнасць свайго краю, пра свае праблемы і радасці і за тое, што на лаўжанскай зямлі шмат пастаянных падпісчыкаў раённай газеты.
Матэрыялы падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №49 ад 27.06.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *