Жыхары Мікіціхі прыйшлі на воінскія могілкі

Актуалии

Жыхары Мікіціхі прыйшлі на воінскія могілкі

У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь мы найперш звяртаемся з удзячнымі словамі да тых, хто бараніў парог роднай зямлі ад захопнікаў-супастатаў, хто мацаваў незалежнасць краіны сваёй шчырай працай і талентам. У гэты дзень мы ўспамінаем праслаўленых герояў і тых салдат, чые імёны яшчэ не ўдалося ўстанавіць, але чый подзвіг жыве ў памяці народа.
3 ліпеня ў вялікіх гарадах і маленькіх вёсачках прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды галоўнага свята Беларусі. У аграгарадку Мікіціха таксама не забыліся прыйсці на мясцовае воінскае пахаванне, каб схіліць галовы перад вечнай памяццю паўшых за свабоду нашай Радзімы. Школьнікі і прадстаўнікі грамадскасці, мясцовыя жыхары ўсклалі кветкі на брацкія могілкі, паабяцалі быць годнымі сваіх гераічных продкаў.

Некалькі ўражваючых фактаў і лічбаў
На воінскіх могілках ў Мікіцісе знайшлі свой спачын больш за 600 салдат і афіцэраў. Тут можна вывучаць геаграфію былога Савецкага Саюза, прадстаўнікі шматлікіх куткоў якога аддалі жыцці за вызваленне Шумілінскага раёна. Тут пахаваны нашы землякі-беларусы, а таксама расіяне – з Навасібірскай, Ленінградскай, Маскоўскай, Ульянаўскай, Пскоўскай, Смаленскай, Куйбышаўскай, Яраслаўскай, Разанскай, Пермскай і яшчэ трох дзясяткаў абласцей. Тут пахаваны ўраджэнцы Грузінскай, Казахскай, Туркменскай, Украінскай, Узбекскай і іншых сацыялістычных рэспублік, сыны Башкірскай, Чувашскай, Татарскай, Удмурдскай, Мардоўскай і іншых АССР.
Захаваўся ліст Бязуглава Васіля Канстанцінавіча, ураджэнца сяла Альшанка Чарнянскага раёна Белгарадскай вобласці. Ён піша сваёй сястры Вользе ў Курскую вобласць:
“…Я, сястра Оля, прапішу табе пра свае поспехі. Я атрымаў узнагароду – ордэн Славы і медаль “За адвагу” і на днях буду ўступаць у бой. Толькі не ведаю, якое будзе шчасце. Але ўсё ж думаю, што маё шчасце павінна быць, бо нямецкім мярзотнікам тут не быць на нашай зямлі. Мы іх знішчым усіх да адзінага…”
Радавы Васіль Бязуглаў загінуў 23 чэрвеня 1944 года ў вёсцы Вербелі. А мы, дзякуючы і яму, адзначаем 23 чэрвеня Дзень вызвалення Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 3 ліпеня святкуем Дзень Незалежнасці Беларусі.

Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *