За что тревожно агроному? Интервью с главным агрономом СПК «Боровинка» Виктором Турковым

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

За што трывожна аграному?
Дзе застанеш зараз агранома? Зразумела, у полі. Шчыруе на калгасных палетках з раніцы да позняга вечара і Віктар Аляксандравіч Туркоў, галоўны аграном з трыццацігадовым стажам СВК “Баравінка”. На жытнім полі ля вёскі  Мазекі і вядзем з ім гутарку.
– Пра будучы ўраджай аграном дбае цэлы год. Віктар Аляксандравіч, якія сёлета выкарысталі агратэхнічныя прыёмы, каб колас быў важкім?
– Вясной апрацавалі зерневыя фунгіцыдамі, падкармілі карбамідам і аміячнай салетрай. На нізкіх палетках зрабіць гэта дапамагла “Раса”. Вынік падкормкі і хімпраполкі  як на далоні: бачыце, жыта добрае, чыстае, без пустазелля.
– А якія віды на ўраджай і ці ўнесла спякотнае надвор’е свае карэктывы ў планы агранома?
– Азімае жыта добрае : цэнтнераў трыццаць з гектара будзе. Рапс не вельмі парадаваў – усяго 13,5 ц/га. Нашкодзіла спачатку марозная зіма, потым даждлівая вясна. Прыйшлося перасяваць больш за сто гектараў трыцікале, частку пшаніцы. Колас з азімымі сёлета буйны і важкі, а вось яравыя горш. Асабліва ячмень – зерне не налілося як след, дробнае, а месцамі ячмень увогуле згарэў ад спякоты ці палёг. За сваё жыццё не памятаю такога спякотнага лета.
– У такіх складаных умовах дарагі кожны колас. А які ёсць стымул для якаснай работы ў механізатараў?
– У гаспадарцы распрацаваны спаборніцтваў. Улічваюцца не толькі тэмпы, але і якасць. Кожны механізатар адказвае за рэгуліроўку камбайна, каб зерне не трапляла ў мякіну. Уборку вядзём загонамі – так лягчэй кантраляваць якасць работы кожнага. Усе камбайнеры маюць талоны якасці. Калі, скажам, нехта з правяраючых заўважыў хібы ўборкі, талон адбіраем. А гэта б’е па кішэні.
– А ці хапае, Віктар Аляксандравіч, тэхнікі і кадраў?
–  Усяго на ўборачнай працуе шэсць камбайнаў. Тры з іх – КЗС-12, прычым, два новенькія, атрымалі ў гэтым годзе. Тэхнікі дастаткова, механізатары ў нас усе вопытныя. На адвозцы пяць машын, на дапамогу ім паслалі некалькі трактароў.
–  Напэўна, нагрузка на тэхніку сёлета павялічылася, бо па праграме “Чыстыя палеткі” распрацаваны і засеяны новы плошчы?
–  Так, сёлета дадаткова засеяна  крыху больш як сто гектараў зерневых у Башнях і Язвіне. На тых ўчастках, дзе раней рос быльнёг, каласуюцца зерневыя. Прычым, распрацоўвалі нават невялікія ўчасткі, дзе былі прыватныя агароды. Усяго ўборачныя плошчы складаюць 1462 гектары.
– Але ці ўсё ж так гладка? За што сёння трывожна галоўнаму аграному?
– За ўсё. За спраўнасць тэхнікі, за надзейнасць механізатараў, за дзяржзаказ, за  нарыхтоўку кармоў. Асаблівы клопат пра тэмпы ўборачнай: хоць бы ўкласціся ў тэрмін, хоць бы не было вялікіх дажджоў.
– Хвалюецеся, напэўна, і за будучы ўраджай?
– Зразумела. Унесены часткова гліфасаты пад азімы рапс. Закупілі элітнае насенне, усяго пасеем рапсу 420 гектараў. Рыхтуем глебу і пад азімыя зерневыя – іх мяркуем пасеяць больш за 800 гектараў. Перавагу аддаем пшаніцы,  праз месяц будзем сеяць трыцікале і жыта.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам у рабоце, Віктар Аляксандравіч, сіл і цярпення.

Гутарку вяла  Ларыса ЗАЙЦАВА.
Опубликовано в №57 от 27.07.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *