На стыке трёх государств — Беларуси, России и Латвии — в 58-й раз прошла встреча ветеранов Великой Отечественной войны

Актуалии

Праз сэрцы межы не праходзяць


2 ліпеня на стыку межаў трох дзяржаў – Беларусі, Расіі і Латвіі ў 58-ы раз прайшла сустрэча ветэранаў вайны трох дзяржаў. Да памятнага месца прыехалі дэлегацыі ўсіх раёнаў Віцебскай і Пскоўскай абласцей, члены латвійскай дэлегацыі, ветэраны-латышы, дабіраліся нават з Рыгі.
Гаспадарамі сустрэчы сёлета былі расіяне. Таму мерапрыемствы пачалася з ускладання кветак да помніка Герою Савецкага Саюза Марыі Пынто на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, прадоўжылася ля мемарыяла ў гонар камсамольцаў-падпольшчыкаў вёскі Прошкі ў Беларусі.
У завяршэнне кіраўнікі Пскоўскай і Віцебскай абласцей Андрэй Турчак і Мікалай Шарснёў перадалі кошык з кветкамі латвійскаму боку  для ўскладання да помніка Герою Савецкага Саюза Іманту Судмалісу.
Гэты момант быў вельмі кранальны і хвалюючы: падчас перадачы кветак на мосце ўдзельнікі сустрэчы, раздзеленыя  пагранічнай рачулкай Сінюхай-Зілупе, віталі адзін аднаго, прызнаваліся ў сяброўстве і любові, разам спявалі “Кацюшу”.
У сваім выступленні старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў яднаючую ролю памятнага месца: “Гэта гістарычная зямля, на якой не было межаў, дзе нашы народы ваявалі за агульную справу, пралівалі разам кроў. На жаль, сёння праз мемарыяльны комплекс прайшла мяжа. Але самае галоўнае, што за гэтыя гады ў нашых сэрцах як не было межаў, так іх і няма. Давайце жыць у міры, сябраваць. Агульная памяць – вось той фундамент для будаўніцтва добрасуседскіх адносінаў, эфектыўных культурных і эканамічных сувязяў”.
Салідарныя з гэтымі думкамі былі ў сваіх выступленнях губернатар Пскоўскай вобласці Андрэй Турчак і дэпутат сейма Латвіі Артур Рубікс.
“Чым больш мы будзем пра гэта гаварыць, нагадваць, што такое вайна, тым больш моладзі будзе разумець яе пагрозу і ніколі не захоча ў гэтым удзельнічаць. Мы вельмі чакаем той час, калі не будзе межаў, і мы зможам сустрэцца, пабратацца, абмяняцца думкамі,” – дадаў Артур Рубікс.
Удзельнікі сустрэчы дамовіліся на наступны год дапоўніць мерапрыемства афіцыйнай сустрэчай маладзёжных арганізацый. Праз некалькі тыдняў моладзь з трох краін збярэцца ля Кургана Дружбы ў маладзёжным лагеры “Бе-La-Русь”. Але ўдзельнікі мерапрыемстваў адзначалі, што вельмі важна, каб моладзь адчула эмоцыі, убачыла слёзы ветэранаў, калі яны сустракаюцца праз гады, пачула іхнія ўспаміны. Першы крок быў зроблены ўжо сёлета: разам з традыцыйным партызанскім кастром быў арганізаваны маладзёжны касцёр для моладзі Себежскага (Расія) і Верхнядзвінскага (Беларусь) раёнаў.
Падчас урачыстых мерапрыемстваў была праведзена памінальная служба ў капліцы Сергія Раданежскага. Былі арганізаваны выставы народных майстроў, прэзентацыі прадпрыемстваў Пскоўскай вобласці, наладжана работа гандлёвых кропак.
Трэба адзначыць, што на гэтым месцы існуе нейкая ўнікальная атмасфера яднання. Яна ўзнікае, напэўна, насуперак таму рэальнаму бачанню межаў, таго падзелу, што там існуе. Вельмі хочацца верыць, што прыйдзе час, калі межаў хаця б у гэты святочны дзень там не будзе, што можна будзе  перайсці па мосціках праз памежныя рачулкі, падысці да Кургана Дружбы, які знаходзіцца на латвійскай тэрыторыі і доступ да якога зараз абмежаваны. Хочацца ў гэта верыць, бо варожасць і супрацьстаянне ніколі не змогуць перамагчы сяброўства, згоду, мір і супрацоўніцтва.

Курган Дружбы быў насыпаны на стыку межаў трох рэспублік – БССР, РСФСР і Латвійскай  ССР у гонар баявой садружнасці партызан Беларусі, Латвіі і Расіі. Зямля для кургана была прывезена з магіл партызан і воінаў Чырвонай Арміі, месцаў гібелі Аляксандра Матросава, Клаўдзіі Назаравай, Марыі Парываевай і іншых герояў. Да кургана вядуць тры алеі – з Беларусі – бярозавая, з Расіі – кляновая, з Латвіі – ліпавая. На вяршыні Кургана расце дуб – сімвал непарушнай дружбы трох народаў. На трох гранітных плітах на трох мовах напісана: “Курган Дружбы ўзведзены на стыку межаў трох брацкіх рэспублік у гонар баявой дружбы, умацаванай крывёй у гады Вялікай Айчыннай вайны рускіх, беларускіх і латышскіх партызан. Адкрыты 3 ліпеня 1959 года”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №51 ад 05.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *