Комитет госконтроля информирует

Вестник Комитета госконтроля

У чаканні спартыўных рэкордаў

Мы ўсе чакаем спартыўных рэкордаў і “алімпійскага золата” ад нашых спартсменаў. Для падрыхтоўкі спартсменаў высокага класа ў Віцебскай вобласці створана 5 цэнтраў алімпійскага рэзерву, у якіх па 21 відзе спорту камплектуюцца групы ад пачатковай падрыхтоўкі да вышэйшага спартыўнага майстэрства.
Праведзены Камітэтам вобласці ў бягучым годзе маніторынг па пытанні ацэнкі дзейнасці такіх цэнтраў паказаў, што падрыхтоўка спартсменаў высокага класа ў вобласці фактычна ажыццяўлялася за кошт бюджэтных сродкаў. У год у сярэднім на ўтрыманне аднаго такога цэнтра накіроўваецца да 700 тыс. руб, а выдаткі на ўтрыманне аднаго вучня ў сярэднім складаюць да 4 тыс. руб. Большая частка бюджэтных сродкаў накіроўваецца на зарплату трэнерска-выкладчыцкага персаналу, перад якімі стаіць задача ўбачыць алімпійскія рэзервы ў патэнцыйных спартсменах, колькасць якіх у 5 цэнтрах вобласці амаль 1250 чалавек.
Акрамя таго, устаноўлена, што абсталяванне за кошт бюджэтных сродкаў базы падрыхтоўкі спартсменаў у асобных цэнтрах выкарыстоўваецца з парушэннем патрабаванняў заканадаўства, а частка дзяржаўнай маёмасці застаецца няўлічанай і незарэгістраванай.
Па выніках кантрольных мерапрыемстваў цэнтраў алімпійскага рэзерву спагнана ў бюджэт сродкаў, выкарыстаных з парушэннем заканадаўства, у суме 23,8 тыс. руб., да адміністрацыйнай адказнасці будуць прыцягнуты 5 службовых асоб.

Кошт незаконнага пасрэдніцтва
Уступіла ў законную сілу рашэнне суда ў адносінах да службовых асоб Полацкага вінаробчага завода па выніках праверкі, праведзенай КДК сумесна з УДФР.  Праведзеная ў 2015 годзе праверка выявіла грубыя парушэнні падатковага заканадаўства і факты неабгрунтаванага пасрэдніцтва.
Па патрабаванні КДК дырэктар прадпрыемства быў вызвалены ад займаемай пасады, узбуджаны крымінальныя справы.
Па рашэнні суда былы дырэктар завода асуджаны да сямі год пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, былы намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях – да трох год пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму, былы галоўны бухгалтар асуджана на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прадпрымальнік, які ўдзельнічаў у карупцыйнай схеме і выступаў пасрэднікам пры закупках абсталявання, асуджаны да шасці з паловай год пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, са штрафам у 9,2 тыс. руб.

Памчы мяне, алень…
Дамовілася паміж сабой кіраўніцтва “Дзісненскага лясгаса” і міёрскага ААТ “Абстэрна” “правярнуць” адну справу, вынікі якой павінны былі парадаваць змоўшчыкаў. А справа вось у чым. Лясгас за кошт абласнога бюджэту павінен быў закупіць 40 галоў аленя высакароднага, на што было выдаткавана амаль 100 тысяч рублёў. Парушыўшы патрабаванне Закона аб дзяржаўных закупках, там прынялі незаконнае рашэнне аб прызнанні ААТ “Абстэрна” пераможцам адкрытага конкурсу аб пастаўцы аленяў, заведама ведаючы пра тое, што прапанаваная цана не з’яўляецца найменшай. Больш за тое, алені не адпавядалі патрабаванням конкурсу яшчэ і па полаўзроставай структуры. Была падпісана фіктыўная накладная і перададзена для аплаты ў казначэйства.
У выніку была нанесена істотная шкода дзяржаўным інтарэсам – незаконнае атрыманне з бюджэту амаль 100 тысяч рублёў мэтавых сродкаў. Узбуджана крымінальная справа.
Падрыхтавалі Алена КАРПУШЭНКА і Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №54 ад 14.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *