За качеством кормов следят специалисты Шумилинской райветстанции

Актуалии Экономика

І вільготнасць у норме, і тэмпература

Нарыхтоўка кармоў – адна з важных сельскагаспадарчых работ. Таму, пакуль не пачалася ўборка зерневых і зернебабовых, усе асноўныя сілы гаспадарак раёна накіраваны на нарыхтоўку сенажу. Нельга дапусціць, каб атрымалася так, як летась: ААТ “Прыазёрны мір” і “АграБаравінка” не дацягнулі на ўласных кармах да летне-пашавага перыяду.
Спецыялісты райсельгасхарчу нацэльваюць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў не толькі нарыхтаваць удосталь кармоў, але і добрай якасці. Кожны дзень якасць правярае галоўны ветурач раёна Іван Уладзіміравіч Галуза. І ў мінулы панядзелак мы пабывалі разам з ім на нарыхтоўцы кармоў на сянажных траншэях у ААТ “Прыдзвінскі”, “Прыазёрны мір” і УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”.
“Сёлета ў раёне пачалі нарыхтоўваць кармы актыўна і дружна, раскачкі не было, – расказаў І. У. Галуза. – На пачатку тыдня па раёне нарыхтавалі 24555 тон кармавых адзінак, гэта 87,3% да мінулага года. Прычым, “Прыазёрны мір” і “Мішневічы” ўжо нарыхтавалі больш, чым летась. Хочацца адзначыць “АграБаравінку”, дзе вядзецца парцыённы спосаб закладкі. Строга прытрымліваюцца тэхналогіі ў “Лаўжанскім”: два-тры дні – і траншэя поўнасцю гатова. Што датычыцца якасці сенажу, дык ён увесь ідзе першага класа. У кармы дадаецца кансервант, сянаж трамбуецца кругласутачна, як таго патрабуе тэхналогія. Толькі ў апошнія дні ў некаторых гаспадарках корм пайшоў другім класам, бо травы перараслі”.
У Альшаніках, што ў  ААТ “Прыдзвінскі”, у час нашага прыезду заканчвалі закрываць сянажную траншэю. І. У. Галуза адзначыў, што кармы адпавядаюць тэхналагічным патрабаванням. Дырэктар гаспадаркі У. І. Дзятлаў расказаў, што нарыхтавалі сенажу ўдосталь: 7638 тон (114% да ўзроўню мінулага года). Але работы не спыняюць: лішкі кармоў можна будзе прадаць.
У Дабеі ААТ “Прыазёрны мір” пабывалі на сянажнай траншэі, якая поўнасцю падрыхтавана да захоўвання: зверху закрытая, з усіх бакоў абгароджаная, ля траншэі вісіць пашпарт, дзе можна даведацца, колькі тут кармоў і якой якасці.
Падчас нашага прыезду якасць сенажу на траншэі ў Каравайніцы УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” правярала загадчыца таксікалагічнага аддзела райветстанцыі Юлія Жолудзева (на здымку). Пры дапамозе спецыяльнага прыстасавання дзяўчына вызначыла вільготнасць. Задаволена аб’явіла: “53 працэнты – гэта норма, тэмпература корму таксама добрая – 37 градусаў”.
Падчас аб’езду  І. У. Галуза даў некалькі слушных рэкамендацый спецыялістам гаспадарак, адказных за нарыхтоўку кармоў: падбор валкоў для прыгатавання сенажу пачынаць пры вільготнасці 60-65%,  не менш як два разы ў змену правяраць у траншэі вільготнасць, тэмпературу кантраляваць як раніцай, так і вечарам; каб трамбоўка атрымлівалася больш шчыльнай, трэба дадаваць крыху зялёнай травы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №60 ад 04.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *