Шумілінская раённая гімназія: 100% выпускнікоў паступілі ў ВНУ

Актуалии Новости Образование

Шумілінская раённая гімназія: 100% выпускнікоў паступілі ў ВНУ

12 выпускнікоў адправіла сёлета Шумілінская раённая гімназія ў самастойнае жыццё, і ўсе 12 сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў.
Як паведаміла рэдакцыі дырэктар гімназіі Ларыса Маладзечкіна, 11 выпускнікоў паступілі на бюджэтную форму навучання, 1 – на платную. Двое выпускнікоў, у тым ліку і залатая медалістка Ганна Шаматурына,  паступілі ў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт, яшчэ двое – у Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт, 1 – у Беларускі ўніверсітэт культуры, 1 – у Віцебскую ветэрынарную акадэмію, шасцёра – у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава.
Дарэчы, усе гімназісты навучаліся ў педагагічным класе, які дае магчымасць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці па субяседванні без вынікаў ЦТ. І трое гімназістаў такой магчымасцю скарысталіся. Адзін выпускнік паступіў на педспецыяльнасць (сацыяльная педагогіка і псіхалогія) па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. А яшчэ двое паступілі не на педагагічныя спецыяльнасці (прыкладная матэматыка і прыкладная інфарматыка).
Такі поспех радуе бацькоў, а педагогам гімназіі надае ўпэўненасці, што яны могуць ганарыцца сваёй працай, бо ў канчатковым выніку гімназія і ставіць перад сабой такую амбіцыйную задачу – 100-працэнтнае паступленне выпускнікоў у ВНУ.
На такой пазітыўнай хвалі Шумілінская раённая гімназія нагадвае, што якраз у жніўні яна гатова прыняць новае папаўненне і аб’яўляе набор у 7-11 класы. З 10 па 16 жніўня тут будуць праходзіць бясплатныя заняткі і кансультацыі. А потым – экзамены:
18 жніўня – па рускай мове;
21 жніўня – па матэматыцы;
23 жніўня – па беларускай мове;
25 жніўня – рэзервовы дзень.

Усе экзамены пачынаюцца ў 11.00. (Школьны аўтобус ад’язджае ад Шумілінскай аўтастанцыі ў 10.00).
Калі ёсць якія пытанні, іх пачуюць у гімназіі на тэл. 3-79-38 і 3-79-37.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №61 ад 08.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *