В этом году «Приозёрный мир» может похвалиться урожаем

Актуалии Экономика

“Бацька” не падвёў, і “ядвіся” радуе

“Прыазёрны мір” сёлета можа пахваліцца добрым ураджаем. Пра ход жніва і перспектывы уборачнай кампаніі  гутарым на жніўным полі, што знаходзіцца каля вёскі Непароты, з дырэктарам ААТ “Прыазёрным мір” Васілём Дзяцко і галоўным аграномам гаспадаркі Вячаславам Баранком.
– Па словах спецыялістаў райсельгасхарчу, непароцкае поле па ўраджайнасці самае лепшае ў раёне.
Васіль Дзяцко: “Так, поле сапраўды парадавала. Ячмень беларускай селекцыі “бацька” даў 44 цэнтнеры з гектара. Хлебная ніва – строгі экзаменатар як для механізатараў, так і для спецыялістаў гаспадаркі. Яна не дарауе “неда…” – недагледзеў, недагноіў. У яе адзін прыярытэт – высокая тэхналогія”.
Вячаслаў Баранок: ”Ураджайнасць – не выйгрыш у латарэю, а дакладна запраграмаваная тэхналогія. Перш-наперш мы падабралі добрыя папярэднікі для ячменю – зернебабовыя. З восені апрацавалі глебу на непароцкім полі дыскатарамі і чызелямі. Засеялі  ячмень у пачатку красавіка. Унеслі дастаткова арганікі – па 70 тон на адзін гектар, падкармілі азотнымі ўгнаеннямі, своечасова правялі хімпраполку – вось і ўвесь сакрэт ураджаю”.
–  А як справы на іншых палетках?
Васіль Дзяцко: “Сёлета практычна ўсе палеткі парадавалі. Вядома, дзе большая ўраджайнасць, дзе меншая. Напрыклад, азімая пшаніца “ядвіся” дала 38 цэнтнераў з гектара. А ўвогуле на круг ураджайнасць у гаспадарцы 33 ц/га. Лічу, што для шумілінскіх глебаў гэта нядрэнна”.
Вячаслаў Баранок: “Выйгралі ў тым плане, што закупілі ў “Рудакове” і Талачынскім кансервавым камбінаце элітнае насенне ячменю і пшаніцы. Усё ж эліту, якая дае вышэйшую ўраджайнасць, не параўнаеш з першай і другой рэпрадукцыямі”.
–  А што з тэрмінамі ўборкі?
Васіль Дзяцко: “Для таго, каб справіцца ў пастаўленыя Прэзідэнтам краіны тэрміны – да 20 жніўня – створаны ўсе ўмовы: ёсць добрыя камбайны, талковыя механізатары, арганізавана бесперабойная адвозка на зернесушылку. Усяго жніўныя палеткі ў гаспадарцы складаюць 1155 гектараў. Убралі ўжо 36,4% да патрэбнага, намалацілі 1379 тон”.
Вячаслаў Баранок: “Стараюцца і механізатары, і работнікі зернесушыльнага комплексу, бо ад іх работы залежыць і заробак, і дабрабыт гаспадаркі ў цэлым. На сушылцы ў Маркаве за суткі прасушваем да 180 тон збожжа. Надвор’е спрыяе – трыцікале, напрыклад, прывозяць вільготнасцю да 17-18%, застаецца дасушыць да патрэбных 14% – і на зернесклад”.
– Важныя не толькі тэмпы ўборкі, але і якасць…
Васіль Дзяцко: “Перад пачаткам жніва мы нацэлілі механізатараў на тое, што страты ўраджаю – рэч недапушчальная. На ўсіх камбайнах паставілі сцяблопад’ёмнікі. Механізатары пастаянна сочаць за абаротам матавілаў і барабанаў, рэгулююць рэшаты – усё гэта дазваляе пазбегнуць страт”.
Вячаслаў Баранок: “Акрамя гэтага, схібіць не дадуць ні работнікі райсельгасхарчу, ні правяраючыя з вобласці, якія практычна штодзень прыязджаюць у нашу гаспадарку. І мы ўдзячныя за падказкі, за справядлівую крытыку, і стараемся своечасова выпраўляць недахопы”.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам і сонечнага надвор’я да канца жніва.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №63 ад 15.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *