Старейший микрорайон Шумилино в июле прирастёт вторым новым домом, на очереди — третий

Актуалии Край шумілінскі Общество

Ліпень — пара наваселляў
Мікрараён СШ № 2 у Шуміліне ажыўляецца, і пераважна дзякуючы ўзвядзенню дабротнага жылля. Калі ўлічыць у акрэсленай перспектыве катэджны жылы масіў, а ў дадатак і шматпавярхоўкі (іх будзе, па ўсім відаць, не тры), то карціна даволі прывабная.
Пра катэджны раён гаварыць яшчэ рана (пакуль што не закончылі пракладку дарог, іншай інфраструктуры), а вось пра шматкватэрную забудову — у самы раз. Тым больш, што другі дом на чатыры паверхі  здаецца  на днях.
На будаўнічай пляцоўцы сустрэліся брыгады тынкоўшчыкаў, зваршчыкаў, цесляроў, тут жа прыкідваюць, як падключыць дом газавікі, спяшаюцца дарожнікі (яны паклалі тут асфальт, цяпер узяліся за выкладку пліткі, устаноўку дзіцячай пляцоўкі). Размаўляем з прарабам МПК-70 Р. В. Карасёвым.
— Прыёмка праз тры дні (размова адбылася пасля поўдня 28 чэрвеня — аўт.), — прызнаецца ён. — Спяшаемся, каб паспець здаць у пару…
— Значыць, аўрал?..
Той няпэўна ківае галавой, маўляў, як хочаце, так і расцэньвайце. А што нязвыклае, шчыра кажучы, ажыўленне — бачна няўзброеным вокам. Вось прывезлі на машыне лінолеум, яго трэба расцягваць па паверхах, малярам трэба фарбаваць падлогу, зваршчыкі ўвіхаюцца з агароджай ля пад’ездаў. Тут жа тынкоўшчыкі падцягваюць свае “хвасты”. Брыгада з ДРБУ-204 выкладвае бардзюр, рыхтуе кветнікі, куды трэба засыпаць добрай зямлі і сеяць траву ды высаджваць кветкі. Некалькі дарожнікаў возяцца з жалезнай канструкцыяй на дзіцячай пляцоўцы…
— Здадзім, — упэўнена гаворыць Р. В. Карасёў. — Павінны здаць. Усё ж тры дні ў запасе…
— …І тры ночы, — дадае смехам нехта з рабочых.
У кожным жарце, вядома, ёсць доля праўды: відаць, давядзецца надтачыць рабочы дзень будаўнікам. А яшчэ — у такім аўральным рэжыме кожны чалавек на пляцоўцы на вагу золата. Таму і няма дужа часу ні на інтэрв’ю, ні на доўгія перакуры. Вось прараб Р. В. Карасёў садзіцца ў сваё аўто і зрываецца з месца: нельга дапусціць парываў у будаўнічым “ланцугу”…
А цераз дарогу акальцаваны плотам з дошак новы будаўнічы аб’ект, якому спачатку прадракалі незайздросны лёс. Гэта трэцяя шматпавярхоўка на 40 кватэр.
— Жывы дом, — гаворыць прараб. — Маю на ўвазе, не замарожаны. У гэты кааператыўны дом, што здаём, цяжка збіраліся людзі, усё круцілі носам: то раён непрэстыжны, то цэны не тыя. Зараз сітуацыя змянілася…
Што змянілася, пацвердзіў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. С. Селязнёў. Трэці кааператыў сфарміраваны хутка, без замінак, і спісы ўжо ў банку.
— Шчаслівыя людзі, — кіўнуў нехта з будаўнікоў у бок катлавана, вырытага для трэцяга дома. — Заскочылі, можа, у апошні вагон цягніка…
Гэта жарт: у такіх гарадах, як Шуміліна, ніхто згортваць жыллёвае будаўніцтва не будзе. Іншая справа — цэны, але і яны пад кантролем дзяржавы. Так што асаблівай трывогі няма, ёсць  надзея на тое, што маладыя будуць уступаць у кааператывы. Усё-такі, згадзіцеся, да самых шчаслівых, бадай, хвілін жыцця чалавек адносіць менавіта наваселле…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №49 ад 1.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *