На стадионе Шумилинской СШ №2 закончилось спортивное лето-2017

Спорт, туризм

“Лета – пара спартыўная”: Фінальны акорд акцыі

Хутка і незаўважна праляцела лета. А разам з ім завяршылася і свята  “Лета – пара спартыўная”, падчас якога аграгарадкі раёна прымалі спартыўныя спаборніцтвы, на якіх мясцовыя каманды супрацьстаялі шумілінскай.
У мінулую пятніцу свята “Лета – пара спартыўная” прайшло на школьным стадыёне Шумілінскай СШ №2. Дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Юрый Мясаедаў пажадаў удзельнікам свята яркіх спартыўных перамог.
Па традыцыі пачаліся спаборніцтвы з футбольных сустрэч. Напружаным выдаўся матч, у якім сустракаліся юныя футбалісты з Шумілінскіх СШ №1 і СШ №2.  Заўзятары, што падтрымлівалі каманды, былі амаль упэўнены, што сустрэча завершыцца з лікам 2:2. Але на апошніх секундах футбалісты з СШ №2 забілі гол, у сапернікаў, каб адыграцца, проста не хапіла часу. А вось у матчы дарослых каманд шумілінскія хлопцы без праблем абыгралі мясцовую моладзь.
У гэты вечар кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе і на валейбольнай пляцоўцы.  Зразумела, што шанцаў перамагчы знакамітых шумілінскіх валейбалістаў, за плячыма ў якіх перамогі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, практычна не было. Але і лік быў не галоўным: маладыя людзі проста атрымлівалі задавальненне ад любімай гульні.
Сапраўдным упрыгожваннем мерапрыемства стала сямейная эстафета. На старт выйшлі сем’і Рахцеевых і Брыцікаў. Асабліва даспадобы прыйшлася эстафета дзецям, якія разам з матулямі праходзілі разнастайныя выпрабаванні: бегалі, скокалі, пераносілі на тэніснай ракетцы валанчык.  Дарэчы, пераможца вызначыўся толькі ў апошнім старце – “Дакладна ў цэль”. Больш трапнай аказалася сям’я Брыцікаў.
Трэба было бачыць, з якім жаданнем і імпэтам удзельнічалі юныя спартсмены  ў спаборніцтвах па падцягванні.
Спартыўнае свята “Лета – пара спартыўная” пакінула кожнаму з удзельнікаў яркія ўспаміны пра апошнюю пятніцу лета.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 67 ад 29.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *