Туристический потенциал Шумилинщины раскрывает Ирина Куликова

Край шумілінскі Мир увлечений Общество Спорт, туризм

Пазнаём Шуміліншчыну разам

 Мы бываем у розных гарадах, дзівімся гісторыяй і славутасцям. А вось тое, што ёсць на малой радзіме, часта не ведаем. Турысцка-інфармацыйны пункт «Шуміліна» раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра робіць стаўку на тое, каб кожны ведаў і мог ганарыцца роднай Шуміліншчынай.

 

  – На Шуміліншчыне  можна казаць пра развіццё наступных відаў турызму – гісторыка-культурнага, экалагічнага, паляўнічага, спартыўнага, прамысловага, веласіпеднага і аграэкатурызму, – адзначае інструктар-метадыст ФАЦа Ірына Кулікава. –  Кожны з гэтых накірункаў перспектыўны і можа зацікавіць як жыхароў нашага раёна, так і гасцей.

У нашым раёне працуюць чатыры аграэкасядзібы: «Чараўніцкае возера» ў Лескавічах, «Ерашоўскі хутарок»,  «Лясны домік» у Шашах і «Міжазер’е» ў Гародна.  Кожная з іх спалучае прыгажосць шумілінскіх краявідаў, вясковы побыт і непаўторнасць адпачынку. У кастрычніку аграэкасядзібы правядуць дні адкрытых дзвярэй, падчас якіх кожны жадаючы можа пазнаё-міцца з іх адметнасцямі.

Адным з самых перспектыўных накірункаў  з’яўляецца экалагічны турызм, бо на тэрыторыі Шумілінскага раёна знаходзіцца рэспубліканскі заказнік «Казьянскі». «Па заказніку распрацаваны і дзейнічаюць пяць маршрутаў рознай складанасці як для дзяцей, так і для дарослых, – расказвае Ірына Кулікава. –  Самым падрыхтаваным прапаноўваецца экстрэмальны маршрут  па верхавым балоце.  Сёлета на Обальскіх балотах пабывала 20 аматараў экстрыму і беларускай экзотыкі, а ўсяго заказнік «Казьянскі» наведала каля 120 турыстаў». Таксама да экалагічнага турызму адносіцца і наведванне  ў Шуміліне дэндрапарку Шумілінскага лясгасу, у якім можна пабачыць унікальныя віды дрэў. Дарэчы, у гэтым маляўнічым кутку пад Новы год знаходзіцца зімовая рэзідэнцыя Дзеда Мароза.

Шумілінскі раён – цікавы і адметны. Гэта  пацвердз-яць маршрут па поўначы раёна – «Таямніцы Казьяншчыны» (гісторыя, славутасці, легенды і паданні Сіроціна і Мішневіч, экскурсія па месцах баявой і партызанскай славы), усходні маршрут «Па слядах Велікана» прадугледжвае наведванне магілы  Фёдара Махно, рост якога быў 285 см, знаёмства з краем азёр, паўднёвы маршрут  «Да Вялікага каменя» пазнаёміць з самым вялікім валуном у Беларусі, маршрут на захад Шуміліншчыны – «Партызанская Обальшчына» – уключае наведванне музея камсамольскага падполля, экскурсію па Обалі, пры жаданні можна пабачыць, як робіцца цэгла на Обальскім керамічным заводзе (прамысловы турызм). Цікавым для кожнага будзе  маршрут «Крыніцы Шумілінскага краю»  («Святая Пяценка» ў Казаногаве, крынічкі ў Надзежыне, Захараве, Лескавічах, Полцеве, Пятніцкіх)

«Тым, хто цікавіцца  гісторыяй  і сучаснасцю рэлігійнага жыцця, Шуміліншчына таксама будзе карыснай, – працягвае Ірына Кулікава. – У раёне захаваліся праваслаўныя цэрквы 19 стагоддзя ў Лескавічах і Пабедзе. Для параўнання можна наведаць новыя праваслаўныя храмы ў Обалі і Шуміліне, а таксама касцёл Божай Маці Фацімскай у Шуміліне (гэта самы вялікі санктуарый у Беларусі).  На рэштках сядзіб Хлюдзінскіх (Лескавічы), Баршчэўскіх (Полцева) і Амбургера (Грабніцкіх) (Обаль) можна зрабіць адметныя фотасесіі».

У Шумілінскім раёне папулярны велатурызм. Шмат хто праехаўся па маршрутах «Дарогамі вайны»,  «Блакітныя пацеркі Шумілінскага краю» і «Да Вялікага каменя». Гэтыя велапрагулкі ідэальна падыходзяць для актыўнага сямейнага адпачынку.

– Для прыцягнення турыстаў на Шуміліншчыну трэба выкарыстоўваць брэндавыя мерапрыемствы, – падсумоўвае Ірына Кулікава. – І пачатак ужо пакладзены: у аг. Светласельскі прайшоў «Яблычны спас», у аг. Башні – «Башнёўская юшка», у аг. Кардон – «Мядовы спас». Брэндавым можа стаць і аўтапрабег да помніка ў Корна, дзе ўдзельнікам прапанавалі рэканструкцыю партызанскага быту.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *