Жадаеце купіць дроў – прывязуць сёння ж

Актуалии Общество Экономика

Жадаеце купіць дроў – прывязуць сёння ж

“Ало, добры дзень, мне патрэбны дровы. Калі вы можаце прывезці?” – тэлефануе жыхарка райцэнтра ў Шумілінскі філіял Віцебскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам.  “А калі вы гатовы прыняць тавар? Можаце сёння?” – пытаецца спецыяліст. “Канешне, запісвайце адрас”, – чуецца задаволены голас пакупніка.
І праз гадзіну, калі нагрузілі прычэп з цуркамі, механізатар накіраваўся па названым адрасе. І так на прадпрыемстве заўсёды: з дастаўкай дроў і брыкету няма ніякіх праблем. Паліва заўсёды ёсць у запасе, вось толькі колькасць пакупнікоў апошнія гады змяншаецца. І гэта зразумела: годным канкурэнтам цвёрдым відам паліва з’яўляецца прыродны газ. Тым не менш пастаянныя пакупнікі ёсць – гэта жыхары аддаленых вёсак, куды блакітнае паліва не падведзена.
“Задача нашага філіяла – забеспячэнне дрывамі і торфабрыкетам насельніцтва і арганізацый раёна, – кажа дырэктар прадпрыемства У. М. Кійко. – З гэтай задачай з года ў год спраўляемся. Ажыятажу на паліва няма, і чаргі таксама. А так хочацца, каб пакупнікоў было больш, напэўна, тады б наш філіял быў багацейшым, меў большы прыбытак. Таму па-добраму зайздрошчу сваім браслаўскім калегам, якія расказваюць пра вялікія чэргі за дрывамі. Вядома, з аднаго боку гэта нязручна людзям, але з другога – прымушае “круціцца” работнікаў паліўзбыту і зарабляць для сябе грошы”.
У Шумілінскага філіяла па забеспячэнні палівам буйныя пастаўкі дроў – па 3,5 тысячы кубаметраў – былі гадоў дзесяць таму. Зараз за год прадаюць каля дзвюх тысяч кубаметраў, паслугамі філіяла карыстаецца амаль тысяча чалавек. На 30 жніўня 276 вяскоўцам з Мікіціхі, Сіроціна, Слабады, Амбросавіч, Дабеі, Язвіна, Прыазёрнага  было прада-дзена 1350 метраў кубічных дроў (на 50 м. куб. больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года), 815 тон брыкету. Як паказвае жыццё, у першым паўгоддзі пакупнікі дроў не спяшаюцца. Напэўна, лічаць, што ацяпляльны сезон яшчэ далёка, і трацяць грошы на іншыя патрэбы. А арганізацыя зацікаўлена ў пакупніках. Таму ў сакавіку і красавіку робіць для іх розныя акцыі. Напрыклад, сёлета за дастаўку дроў бралі грошы не па кіламетражу, а ў залежнасці ад колькасці часу, патрачанага на паездку. Атрымлівалася ў два-тры разы дзешавей. І многія разваротлівыя вяскоўцы скарысталіся такой льготай.
Спецыялісты прадпрыемства спадзяюцца, што ў верасні-кастрычніку ў іх будзе больш пакупнікоў, бо многія запасаюцца палівам перад самымі халадамі. Прычым, пажылыя людзі заказваюць дровы колатыя, бо з такімі лягчэй справіцца. Склаў іх у дрывотню – і, лічы, да зімы падрыхтаваўся. Працаздольныя гаспадары стараюцца зэканоміць: купляюць двухмятровыя дровы, а потым самі іх распілоўваюць і колюць. Некаторыя шумілінцы прыязджаюць за дрывамі на ўласным транспарце, іншыя наймаюць маніпулятар, каб пагрузіць чатырохмятровыя бярвёны – так абыходзіцца значна дзешавей.
Шумілінскі філіял па забеспячэнні палівам заўсёды ідзе насустрач пакупніку і стараецца задаволіць усе яго пажаданні. Працуюць не толькі з прыватнымі гаспадарамі, але і пастаўляюць паліва ўстановам адукацыі, медыцыны,  культуры і іншым арганізацыям. Гатовы заключыць дагаворы і з іншымі пакупнікамі, бо на тэрыторыі філіяла ў запасе ляжыць 230 м. куб. дроў і 74 тоны торфабрыкету.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

На фота: На распілоўцы дроў працуе Дзмітрый Клімянкоў.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *