Якія мы гаспадары – такія нашы і двары

Общество

Якія мы гаспадары – такія нашы і двары
Ці на многае варта грамадская ініцыятыва і імкненне стварыць прыгажосць вакол сябе? “На многае”, – адназначна адкажуць жыхары вуліцы Вышалескага, што ў Обалі, якія сваімі сіламі зрабілі сёлета ля шматпавярхоўкі дзіцячую пляцоўку.
Яшчэ ў мінулым годзе гэта пляцоўка насупраць дома № 59  мела непрывабны выгляд. Галоўнае, што яе “ўпрыгожвала”, – гэта сметніца. А дзецям не было куды выйсці пагуляць. За справу ўзяліся мясцовыя жыхары: Вольга Храмцова, Вольга Давыдзенка, Надзея Лузгіна і многія іншыя. Перш-наперш пачалі збіраць грошы, каб купіць для дзяцей горку.
“Бацькі, якія маюць малых дзяцей, здавалі па сорак рублёў, – расказала Вольга Храмцова. – Да акцыі далучыліся  і пенсіянеры – здавалі, хто колькі мог. Так мы назбіралі больш за тысячу рублёў. У інтэрнет-магазіне заказалі спіральную  дзіцячую горку, якая каштуе 900 рублёў. Вялікі дзякуй жыхару Обалі Афрыдуну Забіраву, які прывёз яе.  Ён быў не адзіны, хто нам дапамагаў. З мясцовага лясніцтва нам прывезлі бярвенняў. Обальскі керамічны завод даў старыя шыны, з якіх мы зрабілі агароджу дзіцячай пляцоўкі ад дарогі. Работнікі УП ЖКГ дапамагалі тэхнікай”.
Каб зрабіць паравозік, машыну, столік і стулы, укапаць слупы для баскетбольнай сеткі, спатрэбілася мужчынская сіла. На работу выйшлі Юрый Лузгін з бензапілой, Аляксандр Лысанаў і Мікалай Сташкевіч. Унесці свой уклад у добрую справу пажадалі і некаторыя жыхары суседніх дамоў: № 57 па вул. Вышалескага і № 1 па вул. Давыдавай. Справа знайшлася для ўсіх: адны пілавалі, другія фарбавалі, а нехта наводзіў парадак і выносіў смецце.
Некалькі вечароў работы – і пляцоўка набыла новы выгляд. Атрымаўся сапраўдны дзіцячы гарадок, зроблены сваімі рукамі. Усё тут прадумана. Напрыклад, лесвічка з пянёчкаў з напісанымі лічбамі – для дашкалят, баскетбольнае кольца – для старэйшых. Ну, а стары мапед, які ўкапалі ў зямлю, увогуле стаў для малышоў сенсацыяй – на яго ў першыя дні нават чарга была, расказалі мясцовыя жыхары. Да таго ж, дзецям прыемна “пракаціцца” на паравозіку, які зрабіў іх татка ці дзядуля.
У сонечнае надвор’е дзіцячая пляцоўка па ву-ліцы Вышалескага карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод дзяцей. Сюды прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі з суседніх вуліц, а таксама з обальскага прытулку – месца ўсім хапае. Калі прыхо-дзяць – значыць, падабаецца. І жыхары шматпавярховак з вуліц Вышалескай і Давыдавай задаволены, што іх намаганні не патрачаны дарэмна.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №71 ад 12.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *