Придорожный сервис: строительство АЗС в Никитихе

Актуалии Экономика

Будаўніцтва АЗС у разгары
Шпаркімі тэмпамі ідзе будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі ў аграгарадку Мікіціха. Усё ідзе па плану, згодна з тэрмінамі, нават і на апераджэнне, як, між іншым, і бывае ў такіх салідных заказчыкаў, як РУП “Беларуснафта-Віцебскнафтапрадукт”. З мэтай азнаёміцца з тым, як ідзе будаўніцтва аб’екта прыдарожнага сэрвісу, на гэтым тыдні прайшоў штаб па будаўніцтве з удзелам заказчыка ў асобе дырэктара РУП “Беларуснафта-Віцебскнафтапрадукт” Аляксандра Капшуля, а таксама кіраўніка раёна Аляксандра Снарава, намесніка старшыні райвыканкама Алега Быкава і начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святланы Валекавай.
Будаўнікі БМСУ-4 г. Мінска, якое выступае генеральным падрадчыкам, расказалі: “Па будынку АЗС плануецца на  працягу двух тыдняў закрыць дах і вонкавы контур. Вядуцца работы па атынкоўцы сцен. Рэзервуары зманціраваны, практычна ўсе падземныя работы выкананы на 90%. На 95% уладкаваны інжынерныя сеткі, засталося толькі водаправод давесці да ладу. Ну і паціху пачынаем займацца добраўпарадкаваннем, усталёўваем бардзюры. На кастрычнік запланаваны асфальтаванне і дарожныя работы”.
Работа кіпіць. Зараз кожны дзень на аб’екце працуюць каля паўсотні рабочых, шэсць адзінак тэхнікі плюс 15-20 самазвалаў. На сённяшні дзень асвоена каля 900 тысяч рублёў. Увесь кошт будаўніцтва АЗС у Мікіцісе  ацэнены прыкладна ў 3 мільёны”.
Падчас гутаркі будаўнікі прызналіся, што ўзнікла шмат пытанняў з забеспячэннем будоўлі пяском, за 70 км прыйшлося прывозіць пясчана-гравійную сумесь на верхнія слаі.
“Есць пэўныя моманты з пастаўкай абсталявання відэаназірання, – зазначыў Аляксандр Рыгоравіч Капшуль. – Гэта будзе цэнтралізаваная закупка Беларуснафты, і пакуль тэндар правялі, але пастаўшчыка не вызначылі. Тым не менш, замест плануемых 8-9 месяцаў будаўніцтва хочам укласціся ў больш сціслыя тэрміны”.
Увядзенне ў строй аб’екта запланавана на лістапад. Нагадаем, што гэта будзе аўтазаправачная станцыя на 3 калонкі, дзве з якіх будуць двухпрадуктнымі 4-х пісталетнымі і адна высокахуткасная дызельная для буйнагабарытнай тэхнікі. Акрамя гэтага тут прадугледжана кафэ з гандлёвай залай на 120 кв метраў і аўтастаянка. АЗС у Мікіцісе дасць работу 12 чалавекам.
Тэкст і фота
Алены КАРПУШЭНКІ.
22 і 25 верасня ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама праводзіць папярэднюю гутарку з жадаючымі працаваць на аўтазаправачнай станцыі ў а.-г. Мікіціха.
Тэлефоны для даведак: 5-41-70, 5-41-18

Надрукавана ў №74 ад 22.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *