В Шумилино прошёл волейбольный турнир памяти Анатолия Завадского

Актуалии Спорт, туризм

У барацьбе за кожны мяч
22-24 верасня ў Шумілінскай СДЮШАР прайшоў  адкрыты абласны турнір сярод валейбалістаў 2003-2004 гадоў нараджэння. За перамогу змагаліся чатыры каманды з Беларусі (Шуміліна, Гомель, Магілёў і Мінск) і дзве каманды з Расіі (Адзінцова Маскоўскай вобласці і Санкт-Пецярбург).
“Турнір павінен быць упартым і непрадказальным. Узровень каманд вельмі высокі, – падзяліўся дырэктар Шумілінскай СДЮШАР Алег Асташонак. – Гомель і Мінск – у ліку лідараў гэтага ўзросту, у камандзе Магілёва два валейбалісты ўвахо-дзяць у склад кадэцкай зборнай Беларусі. Хлопцы з Адзінцова – пастаянныя прызёры  расійскага першынства. Думаю, што каманда з Санкт-Пецярбурга, якая ўпершыню прыехала да нас, здольная на сюрпрызы.  Цікава будзе паглядзець на нашу каманду, якая двойчы перамагала ў дзіцяча-юнацкай валейбольнай лізе, у сустрэчах з такімі сур’ёзнымі сапернікамі”.
“У Шуміліне стала добрай традыцыяй праводзіць валейбольны турнір, прысвечаны памяці А. Я. Завадскага, –  адзначыў на ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў старшыня райвыканкама А. І. Снараў. –  Мы ў чацвёрты раз прымаем турнір, геаграфія ўдзельнікаў  пастаянна павялічваецца”. Аляксандр Іванавіч пажадаў удзельнікам прыгожай барацьбы і спартыўных перамог.
Начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама В. А. Захарэвіч дадаў: “Анатоль Яўгенавіч Завадскі быў сапраўдным трэнерам. Ён умеў падрыхтаваць каманды да самых адказных стартаў”.    Начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама  выказаў цвёрдую ўпэўненасць, што валейбол у Шуміліне быў, ёсць і бу-дзе.
Першыя сустрэчы падарылі безліч станоўчых эмоцый. Як і меркавалася, каманды з Мінска, Адзінцова і Шуміліна атрымалі першыя перамогі. Прычым, паказальнай была другая партыя гульні Шуміліна – Гомель. Нашы валейбалісты вялі з лікам 24:0(!). Праўда, сыграць партыю “пад нуль”  не змаглі: гамяльчане ў апошні момант зачапіліся за два ачкі.
Другі і трэці дні спаборніцтваў сталі феерычнымі.  Напачатку суперматч падарылі валейбалісты з Адзінцова і Мінска. Барацьба за кожны мяч, безліч эмоцый і перажыванняў. Ва ўпартай барацьбе з лікам 3:2 перамогу святкавала беларуская каманда. А вось у сваім наступным матчы Адзінцова не дала ніякіх шансаў шумілінскай камандзе. Можна было падумаць, што барацьба за прызавую тройку на гэтым закончылася. Толькі вось з такім раскладам былі не згодныя шумілінскія хлопцы, якія выходзілі на пляцоўку адной камандай, у якой на ўсе сто працэнтаў выкладваўся кожны.
Гульня Шуміліна – Мінск павінна была расставіць усе кропкі над “і” ў прызавой тройцы.  Шумілінскія валейбалісты паказалі сябе як сапраўдныя прафесіяналы. У іх атрымлівалася ўсё. Трэнер Аляксей Паршыкаў цудоўна падвёў каманду да гэтай гульні і ў псіхалагічным плане. Адным словам, шансаў у мінчан на перамогу ў матчы, а разам з ёй і ў турніры, не было. 3:1 – яркая перамога шумілінскай каманды.
Па выніках спаборніцтваў прызавая тройка наступная: першае месца – Адзінцова, другое – Шуміліна, трэцяе – Мінск.

Лепшым іграком турніру прызналі шумілінскага валейбаліста Мікіту Сяргеева.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №75 ад 26.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *