На ярмарке в Шумилино хорошо расходились дрова, зерно и хризантемы

Актуалии Общество Экономика

Добры тавар сам сябе хваліць

або Пра тое, што і пачым можна было прыдбаць на першым восеньскім шумілінскім кірмашы
Любім мы кірмашы, любім і чакаем. Напэўна, не страчана яшчэ тая падсвядомая генетычная сувязь, што яднае нас, сучаснікаў, з нашымі продкамі. Як жа гудзелі кірмашы якую сотню ці дзве гадоў таму, якія спадзяванні ўскладаліся на той кірмашовы месяц. Гаварылі: адзінаццаць месяцаў марнеем і толькі адзін месяц – кірмашовы – жывём. Гэта былі сапраўдныя шумныя гулянні, якія, дарэчы, часта прымяркоўваліся да царкоўных святаў.
Кірмашы вабілі народ не толькі неабходнасцю нешта купіць ці прадаць, але і проста “на людзей паглядзець і сябе паказаць”. Сучасныя кірмашы, вядома, больш свецкія і ў нейкім сэнсе сціплыя, але і сёння застацца дома, калі ў горадзе ладзіцца кірмаш, дазволяць сабе нямногія.
Першы восеньскі кірмаш, які разгарнуўся ў суботу 23 верасня на вуліцы Кароткіна, найперш уразіў гараджан і гасцей горада колькасцю гандляроў, разнастайнасцю і багаццем прывезенай прадукцыі. Так і казалі: “Такога кірмашу ў Шуміліне яшчэ не было!”. Садавіна-гародніна, мяса, мёд, дровы, разнастайныя прысмакі, абутак і вопратка, тканіна і нават пясок – на кірмашы сапраўды можна было набыць шмат карыснага для гаспадаркі па добрай цане.
Як толькі развіднела, кірмашовыя гандляры ўжо пачалі ўладкоўвацца на сваіх месцах. Многім трэба было размясціць вялікія машыны, трактары, аформіць кірмашовыя кампазіцыі. Хоць пачатак гандлю і быў заяўлены на восем гадзін раніцы, але ўжо ў 7.00 за дровы, якімі збіралася гандляваць жыллёва-камунальная гаспадарка, патэнцыйныя пакупнікі ледзьве не біліся. Вядома ж, шэсць кубоў колатых дроў ЖКГ выставіла за 200 рублёў, у той час як побач райпаліўзбыт за 230 рублёў прадаваў прычэп на 5 кубоў. “Не заляжаліся” і дровы лясгаса, які выставіў цану ў 30 рублёў за адзін кубаметр. Дарэчы, лясгас разгарнуў гандаль дэкаратыўным пасадачным матэрыялам, мёдам, венікамі для лазні і нават мётламі. Дэкаратыўныя расліны, туі, ядловец і іншыя, прадаваліся па 12 рублёў у гаршчках і па 8 – у шклянках. Венік, дубовы ці бярозавы, можна было купіць за 1 руб. 80 кап. Мёд – 17 рублёў за літровы слоік.
Наогул, мёду на кірмашы было багата. Апроч лясгаса гандлявала ААТ “Лаўжанскае” і прыватныя гаспадары. Прадавалі мёд і іншыя прадукты з  пасекі. Цікава, што цана была ва ўсіх адна – 7 рублёў за паўлітра. Не захацелі раскрываць сваіх сакрэтаў пчаляры з Обалі – сям’я Трубій, што ўжо чвэрць стагоддзя займаецца пчалярствам. Маўляў, пчолы гэтага не любяць і могуць нават загінуць.
Шырокі асартымент харчовых тавараў прадставіла Шумілінскае райспажыўтаварыства. На трох гандлёвых кропках прадаваліся свежая садавіна і гародніна, рыба, розныя прысмакі.
Вельмі добра на кірмашы разыходзіліся зерневыя, мука, камбікорм. Чэргі да машын стаялі з самай раніцы, многія закуплялі адразу па некалькі мяхоў. Гэты тавары прапаноўвалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, райбыткамбінат. А яшчэ камбінат выставіў на продаж штыкет, спрабаваў прадаць і клетку для трусоў. Клетка, канечне, – цэлы палац, але ж за такую цану – 200 рублёў – не кожны захоча вырашаць “кватэрнае” пытанне для сваіх вушастых.
Дзве тоны з лішкам бульбы па 35 капеек за кіло прывезла на кірмаш СФГ “Раднік”. Ішла бульба добра, а вось капуста з морквай – не вельмі. Вопытныя гаспадары ведаюць, што закупляць гародніну на зіму пакуль ранавата: трэба чакаць наступнага кірмашу, які, дарэчы, адбудзецца праз два тыдні.
Гароднінай гандлявалі і ўстановы адукацыі. Яны, дарэчы, наладжвалі цэлыя тэатралізаваныя прадстаўленні, рабілі ўсё магчымае, каб кірмаш атрымаўся вясёлым і прыгожым. Прывезлі тое-сёе са свайго агарода і гаспадары. Вось Лідзія Станіславаўна Шароўская, да прыкладу, вырасціла такую капусту, што можна толькі пазайздросціць. Прадавала па 35 капеек за кілаграм. А таксама моркву, агуркі, часнок, буракі, гарбузы і мёд. А Валерый Абраменка прыехаў на кірмаш з вёскі Крупеніна. Сам, кажа, гарадскі, але калі пайшоў на пенсію, вярнуўся ў бацькоўскую хату, заняўся агародам, лішкі, вось, прадае.
Свае гандлёвыя месцы былі ва ўсіх сельсаветаў. Там і ўладкаваліся многія прыватнікі. Апроч гародніны гандлявалі яйкамі, тварагом, малаком, грыбамі, фасоляй, бобам, журавінамі. Дарэчы, журавіны, бадай, разышліся на кірмашы за некалькі хвілін. Іх аддавалі па 10 рублёў за пяцілітровае вядзерца. А вось са-джанцы “ішлі” не так добра, як хацелася б прадаўцам.
Бойкі гандаль разгарнуў прыватнік з Мікіціхі Васіль Мацуганаў, які гандляваў мясам, салам, каўбасамі, разнастайнымі паўфабрыкатамі і нават ужо квашанай капустай. Таксама на кірмашы можна было купіць танныя яйкі і цукеркі, пячэнне і сухафрукты. Прыехалі гандляры з Полацка і Віцебска. Наогул, па падліках работ-нікаў аддзела эканомікі райвыканкама, удзел у кірмашы прыняло каля 30 прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў з іншых гарадоў і раёнаў вобласці.
На кірмашы было багата і прамысловых тавараў, аднак пакупніцкай увагай найбольш карысталіся тавары харчовыя.
Святочную атмасферу кірмашу задавала гучная музыка і песні, якімі забаўлялі ўдзельнікаў восеньскага фэсту работнікі культуры. Яны прапанавалі канцэрт, на якім з імправізаванай сцэны спявалі песні – вясёлыя і душэўныя, народныя і эстрадныя.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №75 ад 26.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *