Потребкооперация: лучшие показатели – довольные покупатели

Общество

У “Алімпа” верны курс…
Магазін “Алімп”, што непадалёк ад раённай бальніцы, яшчэ і года не налічыў з дня адкрыцця, а па запатрабаванасці пакупніком ужо выходзіць на першыя пазіцыі сярод устаноў гандлёвай сеткі раёна. Прыгожы будынак, сучаснае абсталяванне. Можна разлічвацца праз тэрмінал. Ёсць аддзелы самаабслугоўвання. Прадумана вонкавая рэклама. Добраўпарадкавана тэрыторыя. Падумалі тут і пра пакупнікоў з абмежаванымі магчымасцямі: ёсць пандус. Раённаму райспажыўтаварыству магазін абышоўся ў добрую капейку – 350 мільёнаў рублёў затрацілі. Але не дарэмна: толькі за чэрвень тавараабарот ў “Алімпе” склаў без малога 200 мільёнаў рублёў.
У чым формула поспеху? У спалучэнні важнейшых складаемых. Трапна вызначылі месца пад магазін. Большасць жыхароў новага мікрараёна “Верхняга горада” літаральна “чапляюцца” за яго. Да таго ж побач бальніца, аграгарадок Светласельскі. Няспынна вывучаецца попыт і ідзе насычэнне паліц таварамі. Прадумана сфарміравалі калектыў з маладых, энергічных, прафесійных кадраў.
Як прызнаюцца самі прадаўцы, з першага дня яны паставілі перад сабой пытанне: “У які магазін пакупнік пойдзе з ахвотай?” І адказ быў відавочны: “У той, дзе ветліва і хутка абслужаць, дзе ёсць што купіць”. Адразу ж і дамовіліся трымацца гэтага простага, але вельмі дзейснага ў іх рабоце курсу.
Павялічваючы штомесяц аб’ёмы тавараабароту, плённа працуюць (на здымку справа налева): загадчыца магазіна Святлана Клімантовіч і прадаўцы Алена Бараноўская, Юлія Сокалава,  Аксана Булах, Наталля Рагожкіна, Іна Ціханава, дапамагае ім рабочы Вячаслаў Зуеў  .
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
І калегі, і сяброўкі
Магазін тавараў паўсядзённага попыту ў Кардоне як нам расказаў старшыня праўлення райспажыўтаварыства В. В. Доктараў, – адзін з лепшых у раёне. Тры гады таму, калі будавалі аграгарадок, ён аднавіў аблічча, пашырыўся і асартымент тавараў. Працуюць тут добрыя прадаўцы, якія душой перажываюць за сваю работу.
Загадчыца магазіна Валянціна Эдуардаўна Азаронак і прадавец Вольга Іванаўна Шэдзько (на здымку справа налева) разам вучыліся ў Полацку на прадаўцоў. Лёс распарадзіўся так (і жанчыны былі вельмі рады гэтаму), што дзесяць гадоў разам адпрацавалі ў Мікалаёўскім магазіне. І вось ужо тры гады сяброўкі працуюць у Кардоне, усё ў іх ладзіцца, усё атрымліваецца.
Пакуль размаўляем з прадаўцамі, у магазін адзін за адным заходзяць вяскоўцы. “Напішыце пра нашых дзяўчат добрае слова і ад усіх кардонцаў, – просяць вяскоўцы. – Вельмі ж стараюцца яны, заўсёды ветлівыя, раскажуць усё пра тавары, у магазіне заўсёды свежыя прадукты”.
Вяскоўцы разлічваюцца за прадукты, а мы аглядаем тавары. Іх дастаткова. Цэлая вітрына каўбасных вырабаў, некалькі відаў макаронаў, пячэння, цукерак. Ёсць малочныя вырабы, сокі, марожанае. З другога боку магазіна – прамысловыя тавары. Пральных парашкоў, мыла, шкарпэтак і іншых тавараў першай неабходнасці завезена дастаткова. За дзень магазін наведваюць каля двухсот чалавек. Прыходзяць з бліжэйшых вёсак Баркі і Камачына, купляюць тавары і гараджане, што прыехалі на лета да бацькоў. “Зараз “запарка” ў рабоце, толькі паспявай заказваць тавары, – смяюцца прадаўцы. – За дзень нагандлёўваем больш за чатыры мільёны рублёў. Месячныя планы выконваем”. Дададзім: і перавыконваюць. Працуюць і па заказу, прывозяць халадзільнікі, тэлевізары і мяккую мэблю.
“Гандлёвае абслугоўванне ў Кардоне на вышыні,” – удзячна кажуць пакупнікі. А гэта вельмі добрая ацэнка работы.
Ларыса Кісялёва.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *